Дата рождения: 15.10.1936 Гомель, г.
Краткая справка: спартсмен і трэнер (веславанне на каноэ), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХVІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1960, Рым), чэмпіён свету (1963), чэмпіён Еўропы (1961, 1963), мнагакратны чэмпіён СССР (1959–1963), заслужаны трэнер Беларусі, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны", ганаровы грамадзянін Гомеля
Имена на других языках: Geyshtor Leonid (не определен); Гейштор Леонид Григорьевич (русский);
Леанід Рыгоравіч Гейштар ураджэнец Гомеля. Дом сям’і Гейштараў стаяў на беразе ракі Сож. Дзяцінства Лёні было цяжкім: калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму не было і пяці гадоў. Увосень 1941 г. фашысты спалілі хатку Гейштараў і яны сталі бежанцамі. У 1944 г. бацька Леаніда Рыгор Міхайлавіч Гейштар загінуў, і маці, Наталля Раманаўна, засталася адна з пяццю дзецьмі. Леанід стараўся дапамагчы маме забяспечваць сям’ю: лавіў рыбу, навучыўся кіраваць невялікай лодкай і перавозіў грузы і людзей. У вольны час як і ўсе дзеці гуляў у футбол і хакей, хадзіў на лыжах, купаўся ў рацэ. Цікавасць да сістэматычных заняткаў спортам Леаніду Гейштару прывіў настаўнік фізкультуры Анатоль Маргелаў. Пад яго кіраўніцтвам юнак прыняў удзел у сваіх першых спаборніцтвах – гарадскіх лыжных гонках на дыстанцыі 5 км.
Знаёмства Леаніда з каноэ адбылося ў 1955 г, калі ён убачыў на рацэ спартсменаў у незвычайнай лодцы. Пасля першай і не вельмі ўдалай спробы хлопец вырашыў запісацца ў секцыю веславанняі прыйшоў у ДСТ “Воднік”. Леанід быў худым і маленькім: галоднае пасляваеннае дзяцінства давала знаць аб сабе, і яму адмовілі. Праз некаторы час настойлівы юнак стаў займацца веславаннем на каноэ і настойліва трэніраваўся кожны дзень. Летам 1955 г. Леанід Гейштар на каноэ-адзіночцы стаў пераможцам чэмпіянату Гомеля (дыстанцыя 1000 м), заняў другое месца на чэмпіянаце БССР (дыстанцыя 10 000 м), атрымаў І разрад па веславанні на каноэ.
Увосень 1955 г. Леаніда Гейштара прызвалі ў армію. Служба праходзіла ў сталіцы Башкірскай ССР г. Уфа. Кожную вольную хвіліну малады салдат прысвячаў паляпшэнню сваёй агульнай фізічнай падрыхтоўкі: бегаў многакіламетровыя кросы, хадзіў на лыжах, умацоўваў мускулатуру рук і плеч. Падчас службы Леанід Гейштар двойчы (1957, 1958) выйграў чэмпіянат Башкірыі па веславанні на каноэ на дыстанцыях 1 000 і 10 000 м.
Пасля заканчэння тэрміну службы Леанід Рыгоравіч вярнуўся ў родны Гомель і вырашыў прысвяціць сваё жыццё спорту. У гэты час у ДСТ “Воднік” ішла напружаная падрыхтоўка да ІІ Спартакіады БССР. Леанід працаваў на трэніроўках з поўнай аддачай. Зімой рака Сож замярзала і весляры не праводзілі заняткаў на вадзе. Леанід знайшоў каля дому невялікую праталіну і першым пачаў зімовыя трэніроўкі. Вясной на адкрытай вадзе спартсмен самастойна праходзіў на каноэ па 30 км штодзень.
У маі 1959 г. у Бабруйску адбыўся міжведамасны чэмпіянат БССР, на якім Леанід Гейштар заняў ІІ месца ў гонках каноэ-адзіночак на дыстанцыі 1000 м. Па прапанове старшыні таварыства “Воднік” Анатоля Нагеля разам з аднаклубнікам Сяргеем Куксай пачаў асвойваць каноэ-двойку. Сумесныя трэніроўкі далі плён – маладыя спартсмены сталі пераможцамі ІІ Спартакіады БССР на дыстанцыі 10 000 м і ўвайшлі ў склад беларускай зборнай. За 10 дзён да пачатку Спартакіады ў Маскве стала вядома, што з-за маладога ўзросту Сяргея Куксу не дапускаюць да ўдзелу ў спаборніцтвах. Трэнерскі штаб беларускай каманды вырашыў сфарміраваць новы экіпаж: Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка. У той час Сяргей жыў і трэніраваўся ў Брэсце. Першая сумесная трэніроўка паказала, што спартсмены выдатна дапаўняюць адзін аднаго.
У жніўні 1959 г. каноэ-двойка Леаніда Гейштара і Сяргея Макаранкі фінішыравала першай у гонках на дыстанцыі 10 000 м. Невядомыя беларускія хлопцы ў вострай барацьбе абыгралі алімпійскіх чэмпіёнаў 1956 г. Паўла Харына і Грацыяна Боцева, чэмпіёнаў свету 1958 г. Уладзіміра Якуніна і Сцяпана Ашчэпкава, сталі пераможцамі Спартакіяды народаў СССР і майстрамі спорту СССР. У ліпені 1960 г. Гейштар і Макаранка на каноэ-двойцы выйгралі чэмпіянат СССР на дыстанцыі 10 000 м, аднак на алімпійскай дыстанцыі ў 1000 м сталі другімі, саступіўшы Харыну і Боцеву 0,2 с. Трэнеры зборнай СССР па веславанні вырашылі даць шанс беларусам. Леанід Гейштар разам з Сяргеем Макаранкам апынуліся на гульнях XVII Алімпіяды ў Рыме.
Спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ XVII Алімпійскіх гульняў адбываліся на маляўнічым возеры Альбана. За алімпійскія ўзнагароды спаборнічалі 173 спартсмены з 24 краін свету. Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка абышлі фаварытаў з Італіі і Венгрыі і сталі чэмпіёнамі гонак на каноэ-двойках на дыстанцыі 1000 м. Гейштар і Макаранка сталі першымі беларусамі, якія атрымалі залатыя алімпійскія медалі.
Пасля завяршэння Алімпіяды Леанід і Сяргей працягвалі сумесныя выступленні. Яны заўзята рыхтаваліся да XVIIІ Алімпійскіх гульняў: тры гады запар станавіліся чэмпіёнамі Савецкага Саюза (1961–1963), два разы выйгравалі чэмпіянат Еўропы (1961, 1963), былі чэмпіёнамі свету (1963), выйгралі спаборніцтвы перадалімпійскага тыдня ў Токіа. Аднак выступіць на Алімпіядзе экіпажу Гейштар – Макаранка не давялося: у 1964 г. іх сумесная праца разладзілася, і ў сталіцу Японіі паехалі Андрэй Хіміч і Сцяпан Ашчэпкаў.
Леанід Рыгоравіч Гейштар скончыў Гомельскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум (цяпер Гомельскі дзяржаўны політэхнічны каледж), факультэт фізічнага выхавання Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны). Працаваў на кафедры лыжнага спорту Гомельская ўніверсітэта, 40 гадоў аддаў трэнерскай рабоце ў дзіцячай спартыўнай школе Гомельскага абласнога Савета ДСТ прафсаюзаў БССР “Красное знамя” (цяпер Гомельская СДЮШАР прафсаюзаў па вяслярных відах спорту). Срод выхаванцаў леаніда Рыгоравіча чэмпіён свету і мнагакратны прызёр чэмпіянатаў свету Віктар Пусеў, чэмпіёны СССР Яўген Суслянкоў, Сяргей Анісімаў і Ігар Гейштар. І сёння, нягледзячы на свой узрост, Леанід Рыгоравіч Гейштар працягвае працаваць на карысць беларускага спорту: ён аўтар кніг “Весло и золото” (1995, 2009), “Малая флотилия” и ее история (2000), “Олимпиады глазами Олимпионика из Гомеля” (2002), “Звезда над Сожем” (2016).
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.