Карл Іванавіч Гібенталь – выдатны ўрач, чыё імя ўвайшло ў гісторыю медыцыны. Ён унёс вялікі ўклад у развіццё медыцыны Беларусі і распрацоўку новых спосабаў лячэння.
Нарадзіўся будучы вучоны ў сям’і нямецкага двараніна, які служыў у Цвярской губерні. Медыцынскую адукацыю атрымаў у лепшых універсітэтах Гетынгена і Марбурга (Германія), добра вядомых сваімі перадавымі медыцынскімі факультэтамі, дзе былі і новы анатамічны тэатр, і клінічная амбулаторыя, і акушэрскі шпіталь, і лабараторыя. Ён ведаў сем еўрапейскіх моў, захапляўся скульптурай, жывапісам, цікавіўся сельскай гаспадаркай. У 1805 г. атрымаў ступень доктара медыцыны і адразу паступіў на службу ў рускую армію. Гэта рашэнне выклікана нашэсцем арміі Напалеона, ад якой вельмі пакутаваў у той час народ Германіі. Карла Іванавіча Гібенталя прызначылі палкавым лекарам гвардзейскага егерскага палка, з якім ён удзельнічаў у ваеннай кампаніі ў Мазовіі і Усходняй Прусіі, быў паранены. Падчас руска-шведскай вайны (1808–1809) на тэрыторыях Фінляндыі, сучаснай Латвіі і Эстоніі працягваў працаваць у палкавым шпіталі, дзе падтрымліваў узорны парадак. За сваю добрасумленную працу неаднаразова атрымліваў падзякі ад ваеннага кіраўніцтва. У 1811 г. дэмабілізаваўся з арміі, здаў экзамен у Віленскім універсітэце на права лячэння ў Расійскай Імперыі і атрымаў званне медыка-хірурга. Працаваў аператарам і інспектарам Мінскай урачэбнай управы. Вясной 1812 г. лячыў пацярпелых ад цынгі ў Бабруйскім і Рэчыцкім паветах, дзе яго рэкамендацыі мелі прыкметны поспех і ўспышка хваробы была паспяхова спынена.
Сярод паўсядзённых спраў К. І. Гібенталь не спыняў сваіх хірургічных заняткаў, якім дапамагала і рознабаковасць інтарэсаў урача. Менавіта захапленне лепкай падштурхнула да ідэі выкарыстання гіпсу для лячэння пераломаў касцей. Аднойчы падчас працы над бюстам свайго сябра да яго прывезлі параненага з пераломанай рукой. Урач прыняў рашэнне выкарыстаць гіпс для мацавання месца пералому, а праз некалькі тыдняў, зняўшы гіпсавую павязку, знайшоў, што ўсё добра зажыло. Аб сваім паспяховым выкарыстанні гіпсу хірург паведаміў у Імператарскую медыка-хірургічную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу (1812). Больш дакладна ён апісаў спосаб лячэння ў артыкуле «Новый способ лечить переломы костей», які ў далейшым надрукаваў у медыцынскіх часопісах, што выходзілі ў Рызе і Лейпцыгу (1816), Парыжы (1819). Своечасовай публікацыі ў Расіі вынікаў вынаходніцтва пашкодзілі стрыманы водгук на гэту прапанову вядучага сталічнага хірурга І. Ф. Буша. Нягледзячы на тое, што гіпс у якасці лекавага сродку афіцыйна не быў прыняты ў Расіі, К. І. Гібенталь выкарыстоўваў яго ў сваёй практыцы для лячэння вывіхаў суставаў і складаных пераломаў галёнкі, ключыцы, чэрапа і іншых касцей. Ён лічыў, што ў гэтага метаду вялікі патэнцыял. Тэхніка накладання гіпсу была складанай, вяліся працы па яе спрашчэнні і найбольшага поспеху ў гэтым дасягнуў рускі хірург і анатам М. І. Пірагоў, які праз 40 гадоў пасля К. І. Гібенталя значна ўдасканаліў метад і прапанаваў выкарыстоўваць павязку, набрынялую вадкім гіпсам.
Падчас руска-французскай вайны 1812 г. К. І. Гібенталь знаходзіўся ў дзеючай арміі, аказваў дапамогу параненым у Барадзінскай бітве. У 1813–1815 гг. працаваў у Цверы, дзе займаў пасады аператара і інспектара ўрачэбнай управы. Тут ён адкрыў лекавыя воды і даследаваў іх хімічны склад. У далейшым пераехаў у Віцебск, дзе працаваў інспектарам губернскай урачэбнай управы, займаўся лячэннем хірургічных і масавых захворванняў, быў вельмі папулярным доктарам, да якога звярталіся за дапамогай нават з аддаленых месцаў. Ён пільна сачыў за сусветнымі адкрыццямі ў галіне медыцыны і фармацыі, сам прапаноўваў новыя метады лячэння (капусным лісцем, шчаўем, сасновымі шышкамі, насеннем кафейнага дрэва і інш.), пастаянна эксперыментаваў. Свае метады лячэння і вынікі даследаванняў К. І. Гібенталь апісваў у навуковых працах. Так, ён з’яўляўся адным з пачынальнікаў касцёвапластычнай хірургіі ў Беларусі. У працы «Остеопластика, Или искусство заменить дефект кости человека костью животных» (1825) ён паведамляў аб сваіх эксперыментальных аперацыях па перасадцы косці. У працы «Изображение и описание некоторых новых инструментов» (1830) апісаў створаны ім інструмент па выдаленні камянёў з мачавога пузыра, больш надзейны і просты, чым той, што выкарыстоўвалі дагэтуль. Свой двухгадовы вопыт барацьбы з халерай у Саратаўскай, Валынскай і Віцебскай губернях у 1830–1831 гг. урач абагульніў у працы «Описание и лечение восточной холеры» (1832).
Вучоны сачыў таксама за развіццём сельскагаспадарчай навукі і практыкі, актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага вольнага эканамічнага таварыства Віцебскай губерні. У 1833 г. даследчык узяў у арэнду занядбаны хутар Залучоссе і прывёў яго ў парадак. Вопыт свайго гаспадарання апісаў у артыкуле «Краткая история Белорусского вольного экономического общества», які ў 1841 г. надрукаваў у адзіным нумары часопіса «Летопись Белорусского общества сельского хозяйства», дзе было апублікавана яшчэ больш за дзясятак яго матэрыялаў («Опыт флоры белорусской», «Нечто о маке», «Крапива», «Средство, препятствующее насекомым нападать на деревья» і інш.), у якіх ён даследаваў уласцівасці флоры беларускіх зямель.
Смелы эксперыментатар, дапытлівы даследчык, добрасумленны практык, К. І. Гібенталь стаў аўтарам новага метаду барацьбы з халерай, выкарыстання гіпсу пры лячэнні пераломаў, а таксама вынаходнікам арыгінальных хірургічных інструментаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.