Штогод пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі на розных пляцоўках Мінска адбываюцца персанальныя і калектыўна-тэматычныя выстаўкі гумарыстычнага малюнка і карыкатуры. Актыўным іх удзельнікам з’яўляецца мастак Мікалай Сяргеевіч Гіргель.
Ён нарадзіўся ў в. Цімошкава Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўніка. У 1964 г. скончыў Туркоўскую сярэднюю школу і паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Вучыўся ў В. Дзежыца і І. Сталярова. У 1969 г. М. Гіргель абараніў дыплом (гэта была серыя гумарыстычных малюнкаў на тэму студэнцкага жыцця) і пачаў выкладаць маляванне і чарчэнне ў сярэдняй школе № 4 г. Наваполацка. Потым служыў у арміі на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у афармленні дывізіённага музея. Пасля дэмабілізацыі некаторы час быў інжынерам па эстэтыцы на Полацкім хімкамбінаце. У 1973 г. М. Гіргель пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у часопісе «Вожык». З 1976 г. ён мастак БЕЛТА, з 1991 г. працуе ў газеце «Рэспублiка» (рэдактар аддзела дызайну, вядучы мастацкі рэдактар), друкуецца таксама і ў іншых перыядычных выданнях, працуе ў жанры газетна-часопіснай графікі, карыкатуры, плаката, шаржа. У 1991 г. быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.
Першы малюнак М. Гіргеля з’явіўся ў часопісе «Вожык» у 1973 г. У гэты час у рэдакцыі выдання працавалі А. Волкаў, М. Гурло, В. Ціхановіч, С. Раманаў, З. Паўлоўскі і іншыя майстры старэйшага пакалення. У іх вучыліся маладыя мастакі, сярод якіх быў і М. Гіргель. Ён цікавіўся і захапляўся таксама творчасцю Кукрыніксаў, К. Ротава, Г. Агароднікава, Х. Бідструпа, Ж. Эфеля і інш. У хуткім часе М. Гіргель стаў адным з лепшых мастакоў часопіса «Вожык», а пазней найбольш вядомым беларускім карыкатурыстам. Яго сатырычныя малюнкі, шаржы на дзеячаў культуры, навукі і палітыкаў друкаваліся ў беларускіх газетах і часопісах, перыядычных выданнях Савецкага Саюза, Балгарыі, Польшчы, Бельгіі і інш. Тэматычны дыяпазон твораў мастака вельмі шырокі. Яны адлюстроўваюць сучаснасць, грамадскія падзеі, розныя выпадкі з жыцця; вызначаюцца высокім прафесіяналізмам, выдатным адчуваннем кампазіцыі, каларытным малюнкам, жыццёвай назіральнасцю, самабытнасцю, адметным аўтарскім почыркам і пачуццём гумару. Асноўныя работы М. Гіргеля – серыя графічных лістоў «Антыперабудоўшчыкі», «Што мы пакінем нашчадкам?»; плакаты «Наркаманія – джала смяротнае...», «Навошта мне праца, калі продкі даюць», «П’янству – бой». Ён з’яўляецца таксама аўтарам зборнікаў «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), якія выйшлі ў серыі «Бібліятэка “Вожыка”» і складаюцца з лепшых карыкатур мастака.
У 1977 г. М. Гіргель быў узнагароджаны медалём за ўдзел у міжнароднай выстаўцы «Сатыра ў барацьбе за мір». А праз 10 гадоў стаў адным з першых лаўрэатаў прэміі імя Ведзьмака Лысагорскага. У 1998 г. за серыю малюнкаў, надрукаваных у газеце «Рэспубліка», атрымаў прэмію Саюза журналістаў Беларусі. Ён з’яўляецца таксама лаўрэатам прэміі імя К. Крапівы ў галіне сатыры і гумару за карыкатуры, надрукаваныя ў 2005–2006 гг. у часопісе «Вожык». У 2011 г. М. Гіргель узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.