Яркай старонкай беларускага народнага інструментальнага мастацтва з’яўляецца рознабаковая творчая дзейнасць Яўгена Пятровіча Гладкова – аднаго са стваральнікаў сучаснай беларускай цымбальнай школы. Сёння яна набыла сусветнае прызнанне.
Нарадзіўся Я. Гладкоў у в. Іванькава Пермскай вобласці (Расія), дзе сям’я знаходзілася ў эвакуацыі. У 1949 г. разам з бацькамі прыехаў у Гомель. Вучобу ў сярэдняй школе сумяшчаў з удзелам у мастацкай самадзейнасці. Выступаў з аркестрам народных інструментаў Гомельскага палаца чыгуначнікаў. Першым музычным інструментам, які асвоіў Я. Гладкоў, была балалайка, але знакавымі для яго сталі цымбалы. У 1959 г., скончыўшы школу, паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча імя Н. Сакалоўскага (клас цымбалістаў). Настойлівасць і мэтанакіраванасць, жаданне быць у ліку лепшых надавалі яму незвычайную творчую энергію. У рэпертуары з’явіліся такія творы, як уверцюра да оперы «Кармэн» Ж. Бізэ, фінал цымбальнага канцэрта Д. Камінскага, канцэрт для габоя фамажор (для цымбалаў) І. Гайдна, «Працяглая і карагодная» І. Жыновіча і інш. У 1961 г. на Рэспубліканскім конкурсе сярод выхаванцаў музычных навучальных устаноў Я. Гладкову была прысуджана першая прэмія. Пасля заканчэння вучылішча паступіў у Беларускую кансерваторыю (клас І. Жыновіча), якую скончыў у 1968 г. Ад свайго педагога музыкант атрымаў у спадчыну не толькі прафесійныя навыкі майстэрскага валодання цымбаламі, адданасць і любоў да народнага інструментальнага жанру, але і цікавасць да многіх галін творчай дзейнасці. У 1966 г. Я. Гладкоў стаў выкладчыкам кансерваторыі (з 1980 г. загадчык кафедры, з 1987 г. прафесар). З 1995 г. з’яўляецца членам прэзідыума Сусветнай асацыяцыі цымбалістаў. У 1997 г. была створана Асацыяцыя беларускіх цымбалістаў, старшынёй якой стаў Я. Гладкоў.
Выкладчыцкую дзейнасць Яўген Пятровіч актыўна сумяшчаў з выканальніцкай, што атрымала прызнанне не толькі сярод музыкантаў-прафесіяналаў, але і сярод шырокіх слаёў аматараў народнага інструментальнага жанру. Многія адказныя канцэрты не абыходзіліся без яго ўдзелу: дэкады і фестывалі літаратуры і мастацтва Беларусі ў рэспубліках былога Савецкага Саюза, з’езды і пленумы, творчыя вечары, традыцыйныя святы Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень» і Міжнароднага форуму маладых музыкантаў «Мінская вясна», Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва, канцэрты, што праводзяцца Таварыствам дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі. Цымбаліст выступае разам з сімфанічным, камерным, духавым аркестрамі, але часцей за ўсё з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Шматразова Я. Гладкоў прадстаўляў беларускае мастацтва ў многіх краінах свету: у Аўстрыі, Аўстраліі, Англіі, Анголе, Венгрыі, Германіі, Іарданіі, Новай Зеландыі, Польшчы, Сірыі, Чэхаславакіі і інш.
Манера ігры музыканта адметная тэхнічнай свабодай, тэмпераментам, тонкай перадачай беларускага народнага меласу. У яго выкананні пануе ўнутраная дысцыпліна, адчуваецца высокі мастацкі густ, пераканаўчая логіка развіцця тэматычнага матэрыялу і дакладнае яго структураванне. У рэпертуары артыста, які пастаянна папаўняецца і ўдасканальваецца, музычныя творы розныя па змесце і форме, жанры і стылі. Асаблівае месца займаюць п’есы для беларускіх цымбалаў. У праграмы, падрыхтаваныя для канцэртных выступленняў, артыст уключае не толькі арыгінальныя, напісаныя спецыяльна для цымбалаў, творы, але і тыя, што былі прызначаны для іншых інструментаў: для скрыпкі, флейты, габоя, клавесіна, фартэпіяна, домры, балалайкі. Пералажэнні для цымбалаў у многіх выпадках былі зроблены Я. Гладковым. Руская класіка ў рэпертуары музыканта прадстаўлена творамі А. Аляб’ева, М. Балакірава, А. Барадзіна, М. Глінкі, А. Лядава, М. Мусаргскага, С. Рахманінава, А. Скрабіна, П. Чайкоўскага і іншых аўтараў. У праграмах цымбаліста гучаць творы замежных кампазітараў (І. С. Бах, Г. Бачыні, І. Брамс, Г. Вяняўскі, І. Гайдн, К. Дэбюсі, Ф. Мендэльсон, В. Моцарт, Ф. Шапэн і інш.), а таксама савецкіх (С. Пракоф’еў, Г. Свірыдаў, А. Хачатуран, М. Чайкін, А. Цыганкоў, Д. Шастаковіч і інш.). Самы значны рэпертуарны пласт Я. Гладкова складае музыка беларускіх аўтараў (Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, Г. Вагнер, І. Жыновіч, А. Залётнеў, С. Картэс, В. Кузняцоў, Д. Смольскі інш.) і нацыянальныя фальклорныя п’есы. Яўген Пятровіч з’яўляецца аўтарам вялікай колькасці пералажэнняў і выканальніцкіх рэдакцый, а таксама «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнікам і рэдактарам зборнікаў цымбальных твораў беларускіх кампазітараў, у тым ліку другога выдання «Школы ігры на цымбалах» І. Жыновіча (1974) і інш.
Актыўная, шматгранная дзейнасць Я. Гладкова атрымала высокае грамадскае прызнанне. У 1999 г. яму прысвоена званне народнага артыста Беларусі. Яўген Пятровіч узнагароджаны спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001, 2011). У 1966 г. Я. Гладкоў арганізаваў канцэртны ансамбль цымбалістаў «Лілея» Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які і сёння вядзе актыўную выканальніцкую дзейнасць, папулярызуе лепшыя беларускія народныя песні і танцы, творы беларускіх кампазітараў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.