Дата рождения:
20.12.1951 Сямурадцы, в., Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
10.12.2008
Краткая справка:
дзеяч самадзейнага мастацтва, фалькларыст, этнограф, прапагандыст народнай традыцыйнай песенна-інструментальна-харэаграфічнай творчасці, аўтар шматлікіх нотных і метадычных выданняў, стваральнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі “Крупіцкія музыкі”, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі ў галіне народнай творчасці (1996)
Имена на других языках:
Гром Владимир Николаевич (русский);
4389 символов
Справка
Уладзімір Мікалаевіч Гром нарадзіўся на Гомельшчыне. У 1971 г. скончыў Гомельскае музычнае вучылішча, у 1986 г. – Мінскі інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). У 1971–1972 гг. працаваў настаўнікам музыкі і спеваў у вясковай школе, у 1974–1975 гг. займаў пасаду мастацкага кіраўніка Юзуфаўскага сельскага Дома культуры ў Мінскім раёне. Больш за 30 гадоў (1976–2008 гг.) Уладзімір Мікалаевіч узначальваў Дом культуры ў в. Крупіца Мінскага раёна. Па прапанове ўдзячных вяскоўцаў у снежні 2009 г. Крупіцкаму цэнтру культуры было нададзена імя У.М. Грома. На будынку, дзе працаваў Уладзімір Гром, была ўсталявана мемарыяльная дошка.
Вынікам дзейнасці актыўнага прапагандыста традыцыйнай народнай творчасці стала пераўтварэнне звычайнай установы культуры ў цэнтр культурнага жыцця раёна. Пры непасрэдным кіраўніцтве У.М. Грома было створана больш дзесяці творчых калектываў, чатыры з якіх маюць ганаровыя званні – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Крупіцкія музыкі” (гл. асобную даведку), народны ансамбль танца “Крупіца”, народны ансамбль цымбалістак “Пралескі”, народная фальклорная група “Жураўка”. Уладзімір Мікалаевіч – арганізатар і мастацкі кіраўнік ансамбля “Крупіцкія музыкі”. Дзякуючы яго прафесіяналізму, грунтоўнай адукацыі, уласнаму артыстызму і арганізацыйным здольнасцям калектыў увайшоў у шэраг лепшых фальклорных калектываў краіны, стаў лаўрэатам шматлікіх фестываляў і конкурсаў.
Шмат часу Уладзімір Мікалаевіч аддаваў фальклорным даследаванням: збіраў, вывучаў і апрацоўваў народныя мелодыі. Ім падрыхтаваны шэраг выданняў, у ліку якіх рэпертуарныя зборнікі апрацовак народнай музыкі “Зайграйце, музыкі!” (ч. 1–2, 1998), “Дударэньку-гаспадэньку” (1999), “Рамантычнае падарожжа” (2004), “У ноч на Купала...” (2006), зборнік уласных запісаў аўтэнтычных народных песень “Сядзіць галубок над крыніцаю” (1999); вучэбна-метадычны дапаможнік “Школа ігры на беларускіх народных духавых інструментах” (2005, у суаўтарстве з А. Крамко і І. Мангушавым). Паралельна з работай над фальклорнай спадчынай У.М. Гром праводзіў вялікую пошукавую справу па адраджэнні беларускай класічнай музыкі ХVІІІ–ХІХ стст. Ён выдатна апрацоўваў музычныя творы кампазітараў таго часу (А. Абрамовіча, П. Вандзілоўскага, А. і М. Ельскіх, В. Казлоўскага, М. Радзівіла, Ю. Шадурскага і інш). Вынікам гэтай працы з'явіўся выпуск кампакт-дыска “Крупіцкіх музык”. Апрацоўкі У.М. Грома трывала ўвайшлі ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча, іншых прафесіянальных і аматарскіх калектываў.
Творчую працу Уладзімір Мікалаевіч паспяхова спалучаў з педагагічнай: з’яўляўся дацэнтам кафедры духавой музыкі факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКіМ). Сам майстар валодаў мастацтвам ігры на розных народных інструментах (гармонік, дуда, жалейка, труба) і вучыў гэтаму студэнтаў. Пры БДУКіМ з выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта У.М. Громам быў створаны самабытны калектыў – капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды” (сёння калектыў носіць імя свайго стваральніка). Калектыў адметны сваім унікальным інструментальным складам: старажытнымі драўлянымі беларускімі трубамі, акарынамі, дудачкамі, дудамі, жалейкамі. Уладзімір Гром стараўся вярнуць да жыцця і ўкараніць у музычную практыку старажытныя беларускія народныя музычныя інструменты. З гэтай мэтай ім была створана лабараторыя па вывучэнні, рэканструкцыі і вырабу духавых інструментаў. Падчас фальклорных экспедыцый даследчык адшукваў старадаўнія беларускія народныя музычныя інструменты. Майстар сабраў, рэстаўрыраваў і літаральна вярнуў з небыцця больш за 120 старадаўніх і рэдкіх інструментаў, такіх як басэтля, акарына, цытра, лютня. Каля 40 інструментаў Уладзімір Гром перадаў у музей беларускіх народных інструментаў БДУКіМ, створаны па яго ініцыятыве.
Музыкант-мультыінструменталіст, майстар па адраджэнні і вырабе народных беларускіх інструментаў, даследчык і творчы інтэрпрэтатар фальклору, выдатны педагог – такім быў Уладзімір Мікалаевіч Гром, заслужаны работнік культуры Беларусі (1986), лаўрэат прэміі ў галіне народнай творчасці (1996). Узнагароджаны медалямі “Ф.Скарыны”, “За працоўныя заслугі”.