Краткая справка:
спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ), заслужаны майстар спорту, чэмпіён XXV летніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона), чэмпіён свету (1994), чэмпіён СССР (1989, 1992)
Имена на других языках:
Dovgalyonok Dmitri (не определен); Довгаленок Дмитрий Александрович (русский); Довгалёнок Дмитрий Александрович (русский);
2599 символов
Справка
Дзмітрый Даўгалёнак нарадзіўся 14 снежня 1971 года ў горадзе Мінску. Будучы спартсмен рос у раёне Серабранка на беразе Чыжоўскага вадасховішча, дзе ўвесь час трэніраваліся спартсмены-канаісты. У 14-гадовым узросце Дзмітрый прыйшоў на вяслярную базу і, нягледзячы на тое, што быў старэйшы за многіх хлапцоў, трэнеры Віктар Давыдовіч і Яўген Вараб’ёў далі юнаку паспрабаваць сябе ў веславанні. Некалькі першых заездаў Дзмітрый выканаў выдатна, таму ў трэнераў не засталося ніякіх сумненняў на яго кошт. На першых сваіх буйных спаборніцтвах Даўгалёнак выступаў у каноэ-адзіночцы. У 1989 годзе ён заваяваў бронзавы медаль першынства Беларусі, а крыху пазней «золата» на дыстанцыі 500 метраў на чэмпіянаце Савецкага Саюза.
Таленавітага спартсмена заўважылі не толькі спецыялісты рэспубліканскага, але і ўсесаюзнага маштабу. Сяргей Пастрэхін, які працаваў трэнерам маладзёжнай зборнай СССР, вырашыў аб’яднаць двух спартсменаў, што падавалі надзеі, Дзмітрыя Даўгалёнка і яго суайчынніка Аляксандра Масяйкова ў адзін экіпаж. Такім чынам, з 1990 года гэтыя два спартсмены сталі выступаць у пары. На працягу 1990–1991 гадоў экіпаж каноэ-двойкі заваяваў мноства ўзнагарод самага рознага ўзроўню, аднак галоўнай іх мэтай быў адбор на летнія Алімпійскія гульні 1992 года ў Барселоне.
Па выніках перадалімпійскіх спаборніцтваў Дзмітрый Даўгаленак і Аляксандр Масяйкоў упэўнена выйгралі ў дуэта алімпійскіх чэмпіёнаў Сеула–88 Рэнейскага і Жураўскага права на ўдзел у Гульнях у Барселоне. Першыя алімпійскія папярэднія старты былі не надта ўдалымі для беларускіх весляроў. Аднак, пераадолеўшы хваляванне, у рашаючым заездзе экіпаж выглядаў выдатна і здолеў выйсці ў фінал, дзе і прадэманстраваў узровень сваёй падрыхтоўкі. У фінальным заездзе сярод 15 экіпажаў беларусы аказаліся лепшымі з вынікам у 1 мінуту 41,51 секунды і заваявалі залаты медаль.
У 1994 годзе экіпаж каноэ-двойкі выйграў на чэмпіянаце свету неалімпійскую дыстанцыю 200 метраў, упершыню ўведзеную ў практыку. Таксама дуэт Даўгалёнак–Масяйкоў пераадолеў адбор на наступную Алімпіяду–96 у Атланту, аднак у фінале беларусы занялі толькі 9 месца. Пасля гэтага Дзмітрый Даўгаленак пакінуў вялікі спорт.
На дадзены момант алімпійскі чэмпіён, заслужаны майстар спорту СССР Дзмітрый Аляксандравіч Даўгалёнак займае пасаду начальніка аддзела па развіцці алімпійскага руху ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь, узначальвае пастаянную камісію НАК Беларусі па справах спарстменаў.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.