У гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы імя актрысы Біруты Альфонсаўны Дакальскай увайшло ў сувязі з самай вядомай яго пастаноўкай, без якой шмат пакаленняў гледачоў не могуць ужо ўявіць сабе існаванне тэатра, – спектаклем па п’есе Я. Купалы «Паўлінка». Артыстка паставіла своеасаблівы рэкорд: у ролі Паўлінкі выходзіла на сцэну тэатра больш за 450 разоў!
Нарадзілася яна ў Вільні (цяпер Вільнюс, Літва) у сям’і друкара. Пасля смерці бацькі ў 1919 г. Бірута разам са старэйшай сястрой некаторы час знаходзілася на выхаванні ў радні, пакуль маці заканчвала настаўніцкія курсы і ўладкоўвалася на працу ў вясковую школу. З канца 1920-х гг. сям’я жыла ў Дубровенскім раёне, дзе маці выкладала ў школе.
Бірута Дакальская з дзяцінства марыла стаць артысткай, таму, скончыўшы літоўскую школу з агранамічным ухілам, у 1932 г. паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум. Аднак у 1933 г. маці была арыштавана і асуджана на пяць гадоў як вораг народа, а дачка на гэтай падставе выключана з тэхнікума. Бірута пры дапамозе сяброў уладкавалася швачкай на фабрыку імя Крупскай. Тут пачала ўдзельнічаць у самадзейнасці. Яе талент быў заўважаны, і ў 1935 г. Бірута атрымала запрашэнне ад мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага цэнтральнага тэатра рабочай моладзі М. Зорава перайсці ў трупу тэатра. Маладая артыстка паспяхова выконвала ролі Маргарыты Іванаўны («Арыстакраты» М. Пагодзіна), Асі і Кетхен («Ася» і «Працяг будзе» А. Бруштэйн) і інш.
У 1937 г. Б. Дакальская была прынята ў калектыў Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), у якім стварыла вобразы дзяўчынак, падлеткаў і маладых дзяўчат – Феніза («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі), Галя («У стэпах Украіны» А. Карнейчука), Рафаэль («Фландрыя» В. Сарду), Ірынка («Ірынка» К. Чорнага) і інш. У пачатку чэрвеня 1941 г. трупа тэатра выехала на гастролі ў Адэсу, дзе яе застала Вялікая Айчынная вайна. Калектыў быў эвакуіраваны ў Томск (Расія). У Сібіры артысты засталіся ў летнім адзенні, мерзлі і недаядалі разам з усімі, аднак працягвалі іграць у спектаклях, давалі канцэрты на заводах і ў шпіталях. Вярнуліся ў Беларусь толькі восенню 1944 г. Бірута Дакальская нічога не ведала пра лёс сваіх родных. Перад ад’ездам на гастролі яна пакінула трохгадовую дачку ў сястры Галі і сваёй маці. Аднак на месцы, дзе стаяў дом у Мінску, знайшла пасля вяртання толькі бітую цэглу. Муж актрысы загінуў яшчэ ў першых баях пад Мінскам, а маленькая дачка з астатнімі роднымі бясследна зніклі (толькі ў 1989 г. даведалася, што яны жывуць у ЗША).
Міналі гады і дзесяцігоддзі, паступова аднавіўся Мінск, Б. Дакальская працягвала працаваць ў тэатры – ужо Беларускім тэатры імя Я. Купалы. Сярод яе роляў з’явіліся і характарныя: Таццяна («Салавей» З. Бядулі), Марыля («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча), Дар’я («Дзядзечкаў сон» Ф. Дастаеўскага) і інш. Асаблівае месца ў творчасці актрысы займала роля Паўлінкі ў спектаклі па аднайменнай п’есе Я. Купалы, які паставілі яшчэ ў Томску ў перыяд эвакуацыі. З самага пачатку Б. Дакальская іграла ў ім у масоўцы. Аднойчы ёй прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі Паўлінкі, і пасля толькі адной рэпетыцыі актрыса стала галоўнай гераіняй у гэтым спектаклі. Так упершыню ў сезоне 1953/54 г. гледачы ўбачылі новую Паўлінку. Некаторы час актрыса іграла ў другім складзе, потым пачала чаргавацца з вядучай артысткай таго перыяду Р. Кашэльнікавай. Паўлінка Б. Дакальскай, па меркаванні крытыкаў, была больш сціплая, спакойная і мяккая. Актрыса выразна паказвала настрой, унутраны стан сваёй гераіні, хуткую змену яе эмоцый. Добрыя вакальныя даныя артысткі зрабілі яе Паўлінку больш музычнай. Здымалася Б. Дакальская таксама і ў кіно. Яе можна ўбачыць у эпізодах фільмаў «Руіны страляюць...» (1971–1972), «Сын старшыні» (1976), «Час выбраў нас» і «Жменя сонечных промняў» (1978), «Задача з трыма невядомымі» (1979), «Літары на мармуры» і «Загадай сабе» (1980), «Фруза» (1981), «Чорны замак Альшанскі» (1983) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.