Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), чатырма ордэнамі Чырвонага сцяга (1943; 1944; 1945; 1945), ордэнам Багдана Хмяльніцкага ІІІ-й ст. (1944), ордэнамі Айчыннай вайны І-й ст. (1985), двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ-й ст. (1943; 1944), ордэнам Чырвонай Зоркі (1956), медалямі
Имена на других языках:
Демидов Василий Александрович (русский);
2572 символа
Справка
Васіль Аляксандравіч Дзямідаў нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і служачага. У 1940 г. пасля заканчэння сярэдняй школы і Віцебскага аэраклуба стаў чырвонаармейцам і атрымаў накіраванне ў Барысаўскую ваенную школу пілотаў. У 1942–1943 гг. служыў у 1-й вучэбна-трэніровачнай авіяцыйнай брыгадзе Маскоўскай ваеннай акругі. З сакавіка 1943 г. малодшы лейтэнант Дзямідаў ваяваў у складзе 10-га асобнага разведвальнага авіяпалка на Заходнім, 1-м Прыбалтыйскім і 3-м Беларускім франтах. Васіль Дзямідаў прымаў удзел у Арлоўскай, Смаленскай, Віцебскай, Беларускай і Усходне-Прускай наступальных аперацыях, своечасова збяспечваў камандаванне каштоўнымі данымі.
Да канца 1943 г. на рахунку В.А. Дзямідава было 119 баявых вылетаў на самалёце “Пе-2”. Да пачатку сакавіка 1945 г. лётчык здзейсніў 226 баявых вылетаў; сфатаграфаваў 24 150 квадратных кіламетраў тэрыторыі і абарончых рубяжоў, 165 аэрадромаў; выявіў 1678 самалётаў праціўніка, 927 чыгуначных эшалонаў, 32 900 аўтамашын, 25 барж і цеплаходаў ворага; удзельнічаў у 16 паветраных баях, у якіх яго экіпажам былі збіты 2 варожыя знішчальнікі.
У пачатку лістапада 1944 г. самалёт В.А. Дзямідава быў абстраляны зенітнай артылерыяй і атрымаў пашкоджанні. Старэйшы лейтэнант Дзямідаў здолеў прывесці і пасадзіць пашкоджаны самалёт на свой аэрадром.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні заданняў камандавання на франтах барацьбы з германскім фашызмам, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавiка 1945 г. Васілю Аляксандравічу Дзямідаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Пасля вайны В.А. Дзямідаў працягваў службу ў Ваенна-паветраных сілах СССР, скончыў ваенна-паветраную акадэмію, афіцэрскую школу баявога прымянення, камандаваў авіяцыйным палком. У сакавіку 1960 г. падпалкоўнік Дзямідаў узначаліў ракетны полк.
Пасля звальнення ў запас у кастрычніку 1961 г. В.А. Дзямідаў вярнуўся ў Віцебск. Некалькі гадоў працаваў у сярэдняй школе № 21, у 1966–1980 гг. з’яўляўся дыспетчарам службы руху Віцебскага аэрапорта.
Васіль Аляксандравіч Дзямідаў узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), чатырма ордэнамі Чырвонага сцяга (1943; 1944; 1945; 1945), ордэнам Багдана Хмяльніцкага ІІІ-й ступені (1944), ордэнамі Айчыннай вайны І-й ступені (1985), двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1943; 1944), ордэнам Чырвонай Зоркі (1956), медалямі.
Мемарыяльная дошка ў гонар В.А. Дзямідава ўстаноўлена ў Віцебску на доме, у якім ён жыў. У 2021 г. імя Героя прысвоена сярэдняй школе № 21 г. Віцебска.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.