Міхаіл Апанасавіч Дзмітрыеў паходзіць з в. Барсукі Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Сын вясковага настаўніка, ён у асяроддзі сваіх шасці братоў і чатырох сясцёр ужо з малых год спасцігаў вопыт сямейнай педагогікі, гадуючы і даглядаючы меншых. Першае педагагічнае выпрабаванне маладога Дзмітрыева звязана з пасёлкам Новы Бялёў, дзе ў 1936 г. працаваў яго бацька. Дапамагаючы яму ў школе лікбеза вучыць дарослых, Міхаіл бачыў, як людзі шануюць настаўніка. Першую педагагічную адукацыю ён атрымаў у Рагачоўскім педтэхнікуме, там жа вучыўся ў настаўніцкім інстытуце. У 1940 г. Міхаіла Дзмітрыева накіравалі настаўнікам Ліцвінавіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Новы навучальны 1941/1942 год камсамолец Дзмітрыеў пачынае ў школе, адзінай тады для кожнага патрыёта, — школе мужнасці. З першых дзён вайны малады настаўнік — баец знішчальнага батальёна. Вясной 1943 г. падпольшчыкі далучыліся да 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады, дзе Дзмітрыеў быў кулямётчыкам, пазней начальнікам асобага аддзела. Адказную справу даручылі Міхаілу Апанасавічу: своечасова распазнаваць фашысцкіх дыверсантаў. У слаўным баявым мінулым партызан Гомельшчыны ёсць штрых і з біяграфіі М.А. Дзмітрыева. Як напамін пра гэта — ордэны і медалі тых гадоў.
Яшчэ ішлі цяжкія баі на Дняпры, але ўжо некаторыя раёны рэспублікі былі вызвалены ад ворага. Узнікла вострая патрэба ў арганізацыі народнай адукацыі і культуры. Для Дзмітрыева настаў час мабілізацыі на мірны фронт, ён атрымаў прызначэнне — аднаўляць школьную справу. Спачатку інспектар школ аблана, потым — дырэктар сярэдняй школы ў Журавічах. Міхаіл Апанасавіч увесь аддаецца настаўніцкай справе, паступае на завочнае аддзяленне БДУ. Шматлікія гады руплівай працы і творчых пошукаў педагога-практыка звязаны з ціхім і малапрыкметным гарадком каля Сожа — Кармой. Тут, з 1944 па 1973 гг., па-сапраўднаму разгарнуліся яго здольнасці да пошуку, талент арганізатара і кіраўніка, схільнасць да навуковага абагульнення педагагічнай практыкі. Спачатку М.А. Дзмітрыеў кіраваў аддзелам народнай адукацыі, у 1952 г. займеў дырэктарскую пасаду, а пазней стаў дырэктарам школы-інтэрната, якая на той час яшчэ будавалася. Усё ў ёй — ад праекта, ад першага камня ў фундаменце да апошняга аздаблення інтэр’ера — было справай Міхаіла Апанасавіча, вынікам яго намаганняў. Школа адкрылася ў 1961 г. Дзеці з неўладкаваных сем’яў, сіроты сталі выхаванцамі М.А. Дзмітрыева і яго педкалектыву. Мудрасць Настаўніка, яго педагагічны вопыт, здольнасць стварыць каманду аднадумцаў былі выратаваннем для тых, з кім не спраўляліся і не маглі знайсці паразумення ў іншых школах, каго перадавалі ў інтэрнат. Яго работа заўсёды была творчай, ён пастаянна знаходзіўся ў пошуку. Праз педагагічны друк М.А. Дзмітрыеў знайшоў аднадумца на Украіне — дырэктара Паўлышскай школы В.А. Сухамлінскага. Міхаіл Апанасавіч пабываў у Паўлышы, наведаў урокі Васіля Аляксандравіча і быў захоплены яго творчасцю — педагагічнай, літаратурнай, навуковай. Так нарадзілася сяброўства двух выдатных людзей. Іх лёсы вельмі блізкія, і не выпадкова, што пасля вайны, аддаючы свае сілы любімай справе, яны знаходзяць адзін аднаго якраз у дні, калі была найбольшая патрэба ва ўзаемнай дапамозе і падтрымцы. В.А. Сухамлінскі напісаў пра М.А. Дзмітрыева ў кнізе “Размова з маладым дырэктарам школы”: “Гэта цудоўны педагог. Сакрэт яго майстэрства заключаецца ў тым, што, слухаючы яго ўрокі, дзеці адчуваюць незвычайнае багацце чалавека. Ён захапляе дзяцей багаццем думак. Выкладаючы гісторыю, ён чытае напамяць цэлыя старонкі дакументаў”.
У 1964 г. М.А. Дзмітрыеву прысвоілі званне “заслужаны настаўнік”. Вучоба і праца ў Міхаіла Апанасавіча заўсёды ішлі побач. Дырэктар наведваў многія школы, прыглядаўся, аналізаваў. Шмат працаваў, думаў, пісаў. У 1968 г. у Акадэміі педагагічных навук СССР паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “Грамадска карысная праца навучэнцаў агульнаадукацыйнай школы Савецкай Беларусі (1919—1967 гг.)”. З 1974 г. М.А. Дзмітрыеў — рэктар Мазырскага педінстытута, з 1985 г. — на выкладчыцкай працы ў Гомельскім універсітэце. Цяга да ведаў вылілася ў плённую навуковую творчасць. Працы, з якімі пазнаёміліся навуковая грамадскасць і педагогі-практыкі, прысвечаны гісторыі педагогікі і асветы, тэарэтычна-метадычным праблемам адукацыі і навучання, працоўнаму выхаванню: “Дыдактыка. Тэксты лекцый” (1981), “Сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў у педвузе” (1986), “Дыдактычныя нарысы” (1986), “Тэорыя адукацыі і навучання” (1989), “Адукацыя і праца” (1991). Абагульняючай працай у гэтым кірунку даследавання педагагічных праблем стала доктарская дысертацыя “Станаўленне і развіццё політэхнічнай адукацыі і працоўнага выхавання ў агульнаадукацыйнай школе Рэспублікі Беларусь у 1919—1991 гг. Дыдактычныя асновы”, якую М.А. Дзмітрыеў абараніў у 1994 г. З 1995 г. ён — член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.
Памёр вучоны 10.10.2001 г. Міхаіл Дзмітрыевіч назаўсёды застанецца Настаўнікам, сейбітам разумнага, добрага, вечнага.