Дата рождения:
27.03. ці 26.04.1891 Глыбокае, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
25.02.1959
Краткая справка:
грамадска-палітычны і культурны дзеяч, дыпламат, архітэктар, будаўнік
Псевдонимы:
К.Душ
Варианты имени:
Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч
Имена на других языках:
Дуж-Душевский Клавдий Степанович (русский); Душевский Клавдий Степанович (русский);
Криптонимы:
К. Д.
2692 символа
Справка
Нарадзіўся Клаўдзій Сцяпанавіч Душэўскі ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер горад у Віцебскай вобласці) у небагатай шляхецкай сям’і. Яго бацька валодаў зямлёў, аднак асноўным заробкам было будаўніцтва. Хлопец з дзяцінства дапамагаў на будоўлях, рабіў чарцяжы і праекты, кіраваў невялікімі працамі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Віленскім рэальным вучылішчы, якое скончыў у 1912 г. У гады вучобы пазнаёміўся з В. Ластоўскім, братамі І. і А. Луцкевічамі і іншымі дзеячамі беларускага Адраджэння, якія значна паўплывалі на светапогляд маладога чалавека. Адукацыю працягваў на геалагічным факультэце Пецярбургскага горнага інстытута (1912–1918). Студэнтам шмат працаваў на фабрыках, праводзіў тапаграфічныя здымкі, вёў геадэзічныя і глебазнаўчыя даследаванні ў Сібіры. У вольны час актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, пісаў для часопіса беларускай студэнцкай моладзі “Раніца”.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. К. С. Душэўскі пачаў больш актыўна займацца палітыкай: уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, стаў членам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (1918), увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта (1919), быў абраны старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, стаў прадстаўніком Беларускай народнай рэспублікі ў краінах Прыбалтыкі. Адначасова выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах.
У пачатку 1920-х гг. К. С. Душэўскі пераехаў жыць у Каўнас, працаваў у розных дзяржаўных установах. У 1927 г. скончыў Літоўскі ўніверсітэт, атрымаў дыплом інжынера-будаўніка і працаваў па спецыяльнасці. Сярод пабудаванага ім: жылыя дамы, фабрыкі, мясакамбінаты, паштовыя аддзяленні, тэлефонныя станцыі, кінатэатр і інш. Адначасова прымаў актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці беларускай эміграцыі: узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, рэдагаваў часопісы “Крывіч”, “Беларускі сцяг” і “Беларускі асяродак”, выступаў з лекцыямі на Літоўскім радыё. Дзякуючы веданню моў, займаўся перакладамі падручнікаў па батаніцы, матэматыцы і гісторыі для беларускамоўных школ, сумесна з В. Ластоўскім склаў “Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў” (1923).
У 1940–1941 гг. быў зняволены ў турму. У гады Другой Сусветнай вайны за дапамогу грамадзянам яўрэйскай нацыянальнасці ўтрымліваўся ў канцлагеры каля г. п. Правянішкес (Літва). Пасля вайны зноў арыштаваны і, як “актыўны беларускі нацыяналіст”, у 1952 г. прыгавораны судом да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У 1955 г. па стану здароўя быў адпушчаны на волю. Памёр К. С. Душэўскі 25 лютага 1959 г., пахаваны ў Каўнасе.