Вядомы вучоны ў галіне філасофіі і сацыялогіі, даследчык тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі сацыялогіі Альберт Мікалаевіч Елсукоў унёс значны ўклад у развіццё беларускай навукі.
Нарадзіўся ён у Архангельску. Пасля Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Скончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча сталяроў-чырванадрэўшчыкаў, працаваў на Мінскай мэблевай фабрыцы імя Дзімітрава. У 1958 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ), які скончыў у 1963 г. Працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Браслаўскім раёне, пазней выкладчыкам філасофіі Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ). З 1966 па 1969 г. вучыўся ў аспірантуры філасофскага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, дзе падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Проблема объяснения в социально-историческом исследовании». Вярнуўся А. М. Елсукоў у Мінск на кафедру філасофіі БПІ, дзе працаваў да 1973 г. Далейшая яго навуковая і педагагічная дзейнасць была звязана з БДУ. У 1986 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Методологические проблемы формирования научного факта». У 1988 г. атрымаў вучонае званне прафесара. У гэтым жа годзе прызначаны загадчыкам кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў БДУ. У 1989 г. ва ўніверсітэце адкрыты (упершыню ў Беларусі) філасофска-эканамічны факультэт з аддзяленнямі філасофіі, паліталогіі і сацыялогіі, дэканам якога стаў А. М. Елсукоў. Адначасова з утварэннем новага факультэта пачала сваю дзейнасць кафедра сацыялогіі. Яе першым загадчыкам быў прызначаны А. М. Елсукоў (кіраваў да 2004 г.).
Навуковыя інтарэсы даследчыка звязаны з праблемамі гісторыі і метадалогіі навуковага пазнання. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле быў ажыццёўлены праект «Тэмпус», вынікам якога стала адкрыццё на філасофска-эканамічным факультэце БДУ аддзялення сацыяльнай камунікацыі і адпаведнай кафедры. Вучоны з’яўляецца аўтарам прац «Эмпирическое познание и факты науки» (1981), «Познание и миф» (1984), «История античной гносеологии» (1992), «Краткий курс теоретической социологии» (1999, 2008), «Социология» (2001), «Человек и общество: терминологический словарь по обществознанию» (2001), «Методика преподавания социологии в высшей школе» (2002, 2003), «Социология: краткий курс» (2007, 2008, 2009, 2010, 2014), «Основы социологии» (2009) і інш. У суаўтарстве былі выдадзены «Социология» (1998, неаднаразова перавыдавалася), «Социология религии» (1999), «Социология в Белорусском государственном университете» (2006), «Предыстория социологии» (2009, 2010), «История социологии» (2012), «Основы социологии и политологии» (2012, 2015) і інш. Для чытання лекцый па філасофіі і сацыялогіі вучоны запрашаўся ў ВНУ Балгарыі і Ізраіля. Ім падрыхтавана больш за два дзясяткі спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.
Альберт Мікалаевіч з’яўляўся старшынёй савета па абароне доктарскіх дысертацый па сацыялогіі, старшынёй секцыі грамадскіх навук Навукова-метадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшынёй секцыі сацыялогіі Вучэбна-метадычнага аб’яднання, членам Вышэйшага кансультатыўнага савета беларускага грамадскага аб’яднання «Сацыялагічнае таварыства», а таксама на працягу многіх гадоў быў членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Сацыялогія», «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права» і інш.
Педагагічная, навуковая і грамадская дзейнасць вучонага адзначана граматамі і ўзнагародамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, БДУ. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя У. І. Пічэты БДУ (2009), выдатнікам адукацыі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.