Дата рождения:
23.07.1941 Мяфёдавічы, в., Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
22.05.2009
Краткая справка:
вучоны ў галіне аховы раслін, педагог, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Имена на других языках:
Иванюк Владимир Григорьевич (русский);
3725 символов
Справка
Вядомы беларускі вучоны фітапатолаг, фітаімунолаг Уладзімір Рыгоравіч Іванюк шырока вядомы ў нашай краіне і за яе межамі сваімі даследаваннямі ў галіне аховы раслін.
Нарадзіўся ён у в. Мяфёдавічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1959 г. паступіў на прыродазнаўча-геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Скончыўшы вучобу ў 1964 г., У. Р. Іванюк стаў аспірантам Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і пладаводства. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Биологические особенности возбудителей ранней сухой пятнистости картофеля (Macrosporium solani Ell. et Mart., Alternaria solari Sor.) и некоторые меры борьбы с болезнью в условиях Белоруссии» абараніў у 1969 г. Пасля аспірантуры застаўся працаваць у інстытуце малодшым навуковым супрацоўнікам (да 1971 г.), затым старшым навуковым супрацоўнікам (да 1986 г.). Наступныя тры гады загадваў аддзелам імунітэту бульбы, пладовых і агароднінных культур. У 1982 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Биологическое обоснование системы защитных мероприятий против ранней сухой пятнистости пасленовых культур в Белоруссии». У 1989–1999 гг. У. Р. Іванюк працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Беларускага НДІ аховы раслін. Званне прафесара атрымаў у 1992 г. У гэтым жа годзе вучоны абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, а ў 2003 г. членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. З 1999 па 2009 г. з'яўляўся галоўным навуковым супрацоўнікам Беларускага НДІ бульбаводства (з 2006 г. Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводству і пладаводству). Адначасова ў 1998–2005 гг. быў прафесарам кафедры Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і кафедры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Асноўныя навуковыя даследаванні У. Р. Іванюка былі ў галіне імунітэту і аховы сельскагаспадарчых культур ад хвароб і шкоднікаў. Вывучаў біялогію ўзбуджальнікаў хвароб бульбы, агародніны, лубіна і інш. Выявіў уплыў фактараў навакольнага асяроддзя, сродкаў абароны і ўстойлівасці сартоў на асноўныя жыццёвыя функцыі патагенаў і патагенез. Устанавіў структуру папуляцый асноўных узбуджальнікаў хвароб сельскагаспадарчых культур і іх дынаміку ў прасторы і часе. Распрацаваў метады прагнозу і кантролю мікраэвалюцыі фітапатагенных мікраарганізмаў. Выявіў эфектыўнасць шэрагу агратэхнічных прыёмаў, пестыцыдаў і біялагічных сродкаў абароны супраць комплексу грыбных і бактэрыяльных хвароб. Прапанаваў высокаэфектыўныя метады ацэнкі і адбору селекцыйнага матэрыялу па прыкмеце хваробаўстойлівасці. Распрацаваў матэматычныя мадэлі ўзаемаадносін у сістэме «расліна – патаген – навакольнае асяроддзе», якія дазваляюць прагназаваць характар праяўлення найбольш шкодных хвароб сельскагаспадарчых культур у Беларусі і планаваць аб'ёмы правядзення ахоўных мерапрыемстваў. Выявіў прычыны ўзнікнення і развіцця эпіфітацый хвароб, спосабы падаўлення паразітычнай актыўнасці патагенаў і павышэння хваробаўстойлівасці сельскагаспадарчых культур.
Вучоны з'яўляецца аўтарам каля 500 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій, 12 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. Вынікі даследаванняў змешчаны ў шэрагу такіх прац, як «Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням» (1988), «Болезни и вредители овощных культур» (1994), «Защита овощных культур от болезней на приусадебных и дачных участках» (2001), «Фитофтороз картофеля и меры борьбы с ним» (2003), «Защита картофеля от болезней, вредителей и сорняков» ( 2003, 2005, усе ў суаўтарстве) і інш. За ўклад у сельскагаспадарчую навуку Беларусі і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў вучоны ўзнагароджаны граматамі і медалямі ВДНГ.