На сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Вера Ільінічна Кавалерава сыграла шмат роляў. Створаныя актрысай вобразы сталі яркімі ўзорамі акцёрскай творчасці.
Нарадзілася В. Кавалерава ў Мінску ў сям’і афіцэра. У дзіцячую тэатральную студыю пры Рэспубліканскай студыі тэлебачання паступіла ў 1959 г. Яе педагогам была актрыса Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра СССР імя М. Горкага К. Казакова. За гады вучобы В. Кавалерава сыграла шмат роляў, знялася ў многіх тэлевізійных спектаклях, некалькіх кінафільмах, прымала ўдзел у тэлеперадачы «Чытаюць юныя». У 1965 г. яна была ўзнагароджана Ганаровым дыпломам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У 1970 г. В. Кавалераву запрасілі ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, дзе яна працавала да 1978 г. Потым на працягу шасці гадоў іграла на сцэне Львоўскага рускага драматычнага тэатра Савецкай Арміі. З 1985 г. – зноў у Мінску. У 1989 г. скончыла Мінскі інстытут культуры (зараз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў).
Актрыса шырокага творчага дыяпазону, В. Кавалерава выконвае розныя ролі – ад травесці да характарных. Мастацкі густ і адчуванне стылістыкі твора дазваляюць ёй ствараць разнастайныя і адметныя вобразы, жывыя камедыйныя і драматычныя характары. У рэпертуары В. Кавалеравай шмат цудоўных казачных персанажаў. Сярод іх – Зайка-Зазнайка (аднайменная п’еса С. Міхалкова), Ліс («Рыгорка – ясная зорка» А. Вярцінскага), Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж. Радары), Асёл («Дарога на Віфлеем» С. Кавалёва), Мышыльда («Шчаўкунок» паводле Э.Т.А. Гофмана), аленяня Гонзік, а таксама Маржэнка і Енік («Казачны домік» М. Стэгліка), Парася («Нельга нам без сябра» С. Казлова), Шкляны чалавечак («Петэр Мунк і яго каменнае сэрца» паводле В. Гаўфа), матылёк Мак («Хачу быць чараўніцай» Н. Нячаевай) і інш. Валодаючы спецыфічнай тэхнікай выканання, В. Кавалерава выразна падкрэслівае характарнасць казачных істот, падрабязна ўдакладняе адметнасць вобраза, увасабляе яго ўнутранае развіццё і вонкавы малюнак. Вельмі арганічная артыстка і ў ролях падлеткаў. Раскрыццём душэўнага стану, шчырасцю перажыванняў, тэмпераментнасцю і ўзрушанасцю пачуццяў вылучаюцца яе Міколка («Міколка-паравоз» паводле М. Лынькова), Данілка («Партызанская зона» К. Губарэвіча), Сева («Як я быў вундэркіндам» А. Вольскага і У. Машкова), Жора («Аперацыя “Дарагі хлопчык”» С. Міхалкова), Нюра («Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А. Махнача), Мілка («Дзяўчынка і красавік» Т. Яна), Ларыса («Чатыры кроплі» В. Розава) і інш. Сярод камедыйных і драматычных роляў – Элен («Стваральніца цуду» У. Гібсана; прэмія за лепшае выкананне жаночай ролі на фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы», 1997), Кацярынка і Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Я. Купалы і М. Чарота), Надзька («Уся надзея» М. Рошчына), Папялушка («Падонкі» Я. Главацкага), Святлана («Экзамен на восень» І. Шамякіна), Місіс Сноу («Паліяна» паводле Э. Портэра) і інш. Шмат гадоў В. Кавалерава сумяшчала працу ў Тэатры юнага гледача з работай у Мінскім абласным драматычным тэатры (г. Маладзечна), на сцэне якога з поспехам выканала ролі Гітэль Моска («Двое на арэлях» У. Гібсана) і Габі («Восем закаханых жанчын» Р. Тама).
Актрыса знялася ў фільмах «Снежны конь», «Горад майстроў», «Эпілог», «На спіне ў чорнага ката», «Містэр Твістэр», «Адваротны бок Месяца», «Куба», «Здаецца дом у мора» і інш. Яна агучыла ролі ў кінакарцінах «Маленькі сяржант», «Чырвонае лісце», «Паланэз Агінскага» і іншых, а таксама ў мультыплікацыйных стужках «Крацяня», «Хлопчык і праменьчык», «Дыназаўрык», «Ты мяне не бойся», «Рэактыўнае парася» і інш. У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектакляў з удзелам В. Кавалеравай. Адной з першых стала роля Ганькі ў пастаноўцы ў шасці частках «Расці, Ганька» паводле аўтабіяграфічнай тэтралогіі А. Васілевіч. Сярод іншых работ на радыё – хлопчык Міхась («Міхасёвы прыгоды» паводле аднайменнай паэмы Я. Коласа), Іванка («Адзін лапаць, адзін чунь» паводле аповесці М. Стральцова), Малпа («Незаселены востраў» па казцы Р. Остэра), цыкл спектакляў паводле твораў Р. Кіплінга і інш.
У 1991 г. В. Кавалерава атрымала званне «Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь». У 2001 г. стала лаўрэатам прэміі імя Л. Мазалеўскай. Яна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны (2012). Шмат разоў адзначалася граматамі ЦК ЛКСМБ, Вярхоўнага Савета, граматамі і прэміямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дыпломамі і ўзнагародамі Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, у тым ліку «Крыштальнай Паўлінкай» (2011).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.