Актрыса, заслужаная артыстка Беларусі, Марыя Уладзіміраўна Кавязіна (у дзявоцтве Заборская) нарадзілася ў Мінску. У школьныя гады захаплялася мастацкім чытаннем, наведвала драматычны гурток. Творчую дзейнасць пачала ў Тэатры юнага гледача БССР (цяпер Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача) у Мінску, у якім працавала з 1931 па 1941 г. Тэатр быў створаны пры Доме камсамола з удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, пераважна моладзі 14–19 гадоў. Арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком стаў вядомы тэатральны дзеяч, рэжысёр, акцёр, мастак, педагог М. Кавязін, які захапіўся ідэяй стварэння «педагагічнага тэатра для дзяцей». Шчырую падтрымку выказалі яму вядомыя энтузіясты тэатральнай справы – Е. Міровіч і У. Галубок. М. Кавязін сыграў вялікую ролю ў фарміраванні актрысы. Ён быў яе сябрам, першым педагогам, потым стаў самым блізкім чалавекам.
Амаль ніхто з юных удзельнікаў трупы ТЮГа не меў прафесійнай падрыхтоўкі, элементарных акцёрскіх навыкаў, затое ўсіх яднала жаданне тварыць. Рэжысёр М. Кавязін зрабіў стаўку на энтузіязм і энергію юнакоў і дзяўчат і не памыліўся: моладзь не толькі ўдзельнічала ў спектаклях, яна актыўна падключылася да заняткаў сцэнічнай мовай і рухамі, акрабатыкай, біямеханікай, агульнаадукацыйнымі прадметамі. Набыццю прафесійнага вопыту спрыялі творчыя камандзіроўкі трупы ў Маскву і Ленінград, падчас якіх наладжваліся непасрэдныя кантакты з вядучымі дзіцячымі тэатрамі СССР.
Першым прадстаўленнем, якое мела поспех у юных гледачоў, стаў спектакль «Наш» па п’есе ленінградскага пісьменніка М. Зныка (1932), прысвечаны тэме вострай сацыяльнай барацьбы на вёсцы ў гады грамадзянскай вайны, актыўнымі ўдзельнікамі якой былі дзеці. Сцэнічны твор атрымаўся хвалюючым і дынамічным, што было абумоўлена вастрынёй сюжэта і напружанасцю дзеяння. Марыя Заборская праявіла свае акцёрскія здольнасці адкрытасцю і шчырасцю выканання ролі Паўліка – галоўнага героя п’есы.
П’еса А. Крона «Вінтоўка № 492116», пастаўленая на сцэне Мінскага ТЮГа ў 1933 г., – адна з лепшых тагачасных дзіцячых п’ес, прысвечаная праблеме выхавання беспрытульных дзяцей. Чатыры беспрытульныя падлеткі Ірад, Разань, Паташон і Ахметка вяртаюцца да чалавечага жыцця, дзякуючы выхавацелю ў асобе камандзіра Чырвонай Арміі Эйна. Ролю Ірада з вялікім поспехам выканала Марыя Заборская. Вобраз падлетка ў яе выкананні атрымаўся жывым, праўдзівым, вызначаўся тэмпераментам і псіхалагічнай дакладнасцю ва многіх сцэнах.
Лепшыя ролі актрысы ў ТЮГу: Калет («Адвакат Патлен» у апрацоўцы С. Аўслендэра), Арына Радзівонаўна («Казка пра цара Салтана» паводле А. Пушкіна), Сялянка («Мікола Гоман» В. Сташэўскага), інспектрыса Варона («Блакітнае і ружовае» А. Бруштэйн), Бабуля («Снежная каралева» Я. Шварца па матывах казкі Х.К. Андэрсэна).
З 1937 г. кіраваць ТЮГам пачаў вядомы драматург, рэжысёр і педагог Е. Міровіч. Удалай атрымалася яго інсцэніроўка рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» (прэм’ера адбылася 7 лістапада 1937 г.). Ролю маці Паўла Карчагіна праўдзіва і шчыра выканала Марыя Кавязіна.
З 1945 г. Марыя Уладзіміраўна выступала на сцэне Палескага абласнога драматычнага тэатра імя Я. Купалы ў Мазыры (створаны ў лістападзе 1944 г., у 1946 г. рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр), у 1946–1947 гг. працавала ў Бабруйскім, у 1947–1969 гг. – у Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
Актрыса валодала высокім майстэрствам, вялікай сцэнічнай культурай, шырокім творчым дыяпазонам. Яе сцэнічны почырк адзначаўся яскравым акцёрскім тэмпераментам, вострай манерай выканання, глыбінёй раскрыцця характараў, дакладным адчуваннем стылю эпохі, праўдзівасцю пачуццяў, рэалізмам. Марыя Кавязіна выконвала ролі як драматычныя, так і востра-характарныя, камедыйна-сатырычныя. Яна стварала вобразы жанчын валявых і разумных, смелых і ўладарных. Актрыса не спрашчала характары гераінь, яна знаходзіла патрэбныя фарбы для ўсебаковага адлюстравання вобразаў. Асабліва вызначаюцца яе работы ў спектаклях паводле п’ес А. Астроўскага: Кручыніна («Без віны вінаватыя», 1945), Кукушкіна («Даходнае месца», 1950), Мурзавецкая («Ваўкі і авечкі», 1951), Гурмыжская («Лес», 1953) і М. Горкага.
Вялікую цікавасць гледача выклікала пастаноўка п’есы М. Горкага «Васа Жалязнова» (1951). Цэнтральнае месца ў раскрыцці характару займаў вобраз Васы, створаны Марыяй Кавязінай. Згодна з аўтарскай задумай і рэжысёрскім вырашэннем Васа – актыўная жанчына, якая да самазабыцця захоплена сваёй гаспадаркай, азартная, шырокая, іранічная натура, якая ведае цану грашам і людзям. Марыя Кавязіна данесла да гледача думку аб асуджанасці і марнасці ўсіх намаганняў сваёй гераіні, аб безнадзейнасці і безвыходнасці яе становішча. Артыстка лагічна падводзіла Васу да сцэны смерці. Глыбокае разуменне думак М. Горкага, добрае адчуванне каларыту яго мовы, гумару дапамаглі Марыі Кавязінай наблізіць сцэнічны вобраз да яго літаратурнай першакрыніцы.
Запамінальныя вобразы стварыла актрыса ў спектаклях «На дне» (Насця), «Апошнія» (Соф’я), «Варвары» (Багаеўская) М. Горкага, «За другім фронтам» В. Сабко (Мары Клэр), «Усё застаецца людзям» С. Алёшына (Жонка прафесара), «Чаму пасміхаліся зоркі» А. Карнейчука (Клеапатра Гаўрылаўна), «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы (цёця Каця), «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона (Ісабэль) і інш.
Самай любімай і прызнанай роляй Марыі Кавязінай стала роля каралевы Англіі Марыі ў спектаклі «Марыя Цюдор» па п’есе В. Гюго.
За 38 гадоў сваёй артыстычнай дзейнасці актрыса сыграла больш за 120 роляў. У 1956 г. Марыі Уладзіміраўне Кавязінай было прысвоена ганаровае званне «Заслужаная артыстка Беларусі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.