Краткая справка:
графік, мастацтвазнавец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кавалер ордэна Дружбы (Расія, 1997)
Варианты имени:
Карачун Юрась Аляксандравіч
Имена на других языках:
Karatchun Yuras Aliaxandravitch (не определен); Карачун Юрий Александрович (русский);
2965 символов
Справка
Юрый Аляксандравіч Карачун нарадзіўся ў Мінску. Яго бацька, журналіст і паэт, загадваў аддзелам у рэспубліканскай газеце “Звязда”, маці працавала настаўніцай пачатковай школы. У 1933 г. сям’ю саслалі на пасяленне ў г. Мінусінск Краснаярскага краю. Пасля паўторнага абвінавачання бацьку расстралялі. Маці пазбегнула арышту толькі таму, што мела іншае прозвішча. Пасля вяртання ў Беларусь ёй забаранілі жыць у Мінску і жанчына пасялілася ў Віцебску, а сямігадовага сына пакінула ў сваякоў. Жыццё ў дзядзькаў у вёсцы, паездкі ў даваенны Мінск назаўсёды засталіся ў памяці хлопчыка, а захапленне маляваннем у школе вызначыла выбар будучай прафесіі. Калі пачалася вайна, Юру вывезлі ў Казахстан. У 1945 г. ён вярнуўся ў родны горад, а праз два гады паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча.
У жніўні 1952 г. Ю. А. Карачун закончыў вучобу і да службы ў арміі працаваў выкладчыкам чарчэння і малявання ў школе. Пасля дэмабілізацыі паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут на факультэт афармлення кнігі. Атрымаўшы спецыяльнасць мастака-графіка, працаваў у выдавецтве “Ураджай”. За аформленыя кнігі некалькі разоў атрымліваў дыпломы, таксама быў узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР. З чэрвеня 1969 г. Юрый Аляксандравіч – рэдактар мастацка-экспертнай калегіі па выяўленчым мастацтве ў аддзеле выяўленчага мастацтва і аховы помнікаў у Міністэрстве культуры БССР, пазней – загадчык гэтага аддзела. З сакавіка 1975 г. ён працаваў галоўным мастаком аддзела рэкламы і прамграфікі ў Гандлёва-прамысловай палаце БССР. Не пакідаў і творчай працы: удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, ладзіў персанальныя выстаўкі. Асноўныя творы мастака – малюнкі “Сосны”, “Крым. Місхор”, “Гурзуф”, “Асеннія бярозы”, “Свір”, “Страсбург”, акварэлі “Рабіна”, “Прага”, “Жнівень”, “Сакавік”, “Першы снег”, “Адліга”, “Сонечная веранда”, “Зіма” – уражваюць спакойнай гармоніяй, ціхім лірызмам і душэўнай цеплынёй. Іх вылучаюць зладжанасць кампазіцыі і пачуццё колеру.
У 1977 г. Ю. А. Карачун узначаліў Дзяржаўны мастацкі музей БССР (зараз Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Менавіта тут раскрыліся і выявіліся яго якасці арганізатара, гаспадарніка і адміністратара, якія спалучаліся з інтэлігентнасцю, павагай да людзей, дабрынёй, сціпласцю, сумленнасцю і адначасова з прынцыповасцю, строгасцю, высокай патрабавальнасцю. Здзіўлялі шырокая эрудыцыя дырэктара, яго любоў да беларускай культуры. За час працы Ю. А. Карачуна музей стаў адным з буйнейшых мастацкіх цэнтраў краіны. Шмат сіл і энергіі Юрый Аляксандравіч аддаў стварэнню філіялаў музея ў Гальшанах, Гурынах, Магілёве, Міры, Раўбічах. Яго праца была высока ацэнена ўрадам рэспублікі: 10 лютага 1992 г. прысвоілі званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”. У ліпені таго ж года Ю. А. Карачун быў абраны старшынёй Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў (ІСОМ). У 1997 г. яго пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Дружбы Расійскай Федэрацыі за дасягненні ў музейнай справе.