Дата рождения:
01.07.1906 Амінавічы, в., Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
09.04.1972 Магілёў, г.
Краткая справка:
ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-маёр, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, ганаровы грамадзянін Магілёва
Имена на других языках:
Королёв Николай Филиппович (русский);
2006 символов
Справка
Мікалай Піліпавіч Каралёў нарадзіўся ў вёсцы Амінавічы Асіповіцкага раёна ў сям’і селяніна. У 1922 г. скончыў 7 класаў Пагарэльскай школы і стаў працаваць у сялянскай гаспадарцы. У 1928–1930 гг. знаходзіўся на тэрміновай службе ў Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Дубровінскім лесазаводзе. З 1932 г. узначальваў калгасы “Камунар” і “Рэкорд” Асіповіцкага раёна, са жніўня 1934 г. кіраваў Пагарэльскім, затым Ясеньскім сельсаветамі ў тым жа раёне. З лета 1937 г. – намеснік старшыні, затым старшыня Асіповіцкага райвыканкама.
З першых дзён вайны М.П. Каралёў займаўся стварэннем народнага апалчэння, падрыхтоўкай эвакуацыі абсталявання прамысловых прадпрыемстваў, вызджаў на будаўніцтва абаронных умацаванняў. У ліпені 1941 г. узначаліў партызанскі атрад, у студзені 1943 г. стаў камандзірам 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады, ператворанай у ліпені 1943 г. у Асіповіцкую ваенна-аператыўную групу. Пастановай Савета Народных Камісараў СССР ад 16 верасня 1943 г. М.П. Каралёву было прысвоена воінскае званне “генерал-маёр”.
Да лета 1944 г. М.П. Каралёў кіраваў дзейнасцю партызан і падпольшчыкаў у Асіповіцкім раёне. За гэты час былі ўзарваны тысячы рэек, пушчаны пад адхон сотні эшалонаў, знішчана каля 10 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 г. генерал-маёру Мікалаю Піліпавічу Каралёву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Пасля вызвалення Беларусі М.П. Каралёў кіраваў Магілёўскім гарвыканкамам і Хоцімскім райкамам. У 1949–1952 гг. з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, уваходзіў у склад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Мікалай Піліпавіч Каралёў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. У 1970 г. партызанскі камандзір стаў ганаровым грамадзянінам Магілёва. У гонар героя названы вуліцы ў Асіповічах, Магілёве, Хоцімску, вёсках Масток Магілёўскага і Вярхі Асіповіцкага раёнаў.