Дата рождения:
10.12.1951 Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
26.11.2017
Краткая справка:
паэт, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1995), Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (2008)
Варианты имени:
Каско Аляксандр Канстанцінавіч
3096 символов
Справка
Паэт, празаік, эсэіст Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч) Каско нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Чудзін Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школьныя гады, а першы твор «Пралескі» быў надрукаваны ў 1968 г. у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». Пасля заканчэння Чудзінскай сярэдняй школы паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута (цяпер Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна). Моцны ўплыў на яго ў гэты час аказала сустрэча з таленавітым педагогам і пісьменнікам У.А. Калеснікам, які падтрымаў і дапамог развіць творчыя здольнасці. У студэнцкія гады актыўна ўдзельнічаў у працы літаратурных аб’яднанняў, шмат пісаў, пачаў друкаваць вершы ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
Пасля заканчэння навучання ў 1976 г. А. Каско працаваў у г. Жабінка Брэсцкай вобласці. Быў карэспандэнтам газеты «Сельская праўда», з’яўляўся сакратаром, потым старшынёй раённага літаратурнага аб’яднання «Плынь». У 1984 г. стаў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У гэтым жа годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР, з 1991 г. узначаліў яго Брэсцкае абласное аддзяленне. У гады актыўнай працы і грамадскай дзейнасці творы А. Каско рэгулярна з’яўляліся на старонках выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Крыніца», «Маладосць» і інш. Былі надрукаваны цыкл вершаў «Вестка» (у калектыўным зборніку «Нашчадкі», 1979), кнігі паэзіі «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989), «45» (1996), «Трохкроп’е» (2001). Творчасць паэта адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхнічнай дасканаласцю. Многія вершы прысвечаны роднаму Палессю, яго непаўторнай прыродзе і працавітым людзям («Палессе. Паплавы. Паводка», «Ты, старонка – сама цішыня», «Буслоў не ведаю бяздомных», «Выток», «Палескі трыпціх», «Жанчыны надвячоркам», «Маленства» і інш.). Для дзяцей пісьменнік падрыхтаваў зборнік народных казак, сабраных ім у в. Чудзін, – «Чыстага ўсё нячыстае баіцца» (2001) і кнігу вершаў і казак «Два сонцы» (2004). Сам паэт імкнуўся пераўзысці ў майстэрстве кожную сваю папярэднюю кнігу, а вяршыняй творчасці лічыў паэтычны зборнік «Час прысутнасці» (1994), які ў 1995 г. быў адзначаны літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова.
У 2007 г. А. Каско вярнуўся да журналісцкай працы ў газеце «Сельская праўда». Ён працягваў актыўна ўдзельнічаць у разнастайных літаратурных мерапрыемствах, пісаў рэцэнзіі і прадмовы да зборнікаў маладых паэтаў, кіраваў літаратурнай студыяй «Вестка» пры раённай дзіцячай бібліятэцы, перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, польскіх, нямецкіх і македонскіх паэтаў. У апошнія гады выйшлі з друку яго зборнікі паэзіі «Нічога больш» (2011), «Прыадхінуты небасхіл» (2012), «Межавыя знакі» (2014), «Крутабег» (2018), якія сталі своеасаблівымі кнігамі-роздумамі аб вечным і мімалётным, аб сутнасці жыцця і месцы чалавека ў свеце. Кніга паэзіі «Свой камень», надрукаваная ў зборніку вершаў паэтаў Берасцейшчыны «Трохперсце», у 2008 г. была адзначана літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка.