Краткая справка:
мастак манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, жывапісец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2010)
Имена на других языках:
Katkowa Svyatlana Syargheeuna (не определен); Каткова Светлана Сергеевна (русский); Коткова Светлана Сергеевна (русский);
3257 символов
Справка
Адной з найбольш значных з’яў у айчынным мастацтве стала творчасць мастака-жывапісца, манументаліста, графіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Святланы Сяргееўны Катковай.
Нарадзілася будучая мастачка ў в. Андросаўка Куйбышаўскай вобласці (цяпер Самарская вобласць, Расія) у сям’і жывапісца. Прафесійную адукацыю атрымала ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1961). У 1967 г. скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучылася ў А. Малішэўскага, Г. Паплаўскага, А. Кішчанкі. Са студэнцкіх гадоў прымала ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаўках. З 1968 г. працавала на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце.
Святлана Каткова займалася станковым жывапісам у жанрах сюжэтнай карціны, пейзажа і нацюрморта, а таксама манументальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. У творчасці імкнулася пазбягаць тагачасных ідэалагічных канонаў і стылізацыі. Алегарычная ёмістасць мастацкіх вобразаў, выразнасць колераў уласціва яе манументальным роспісам. Першымі працамі сталі эскіз размалёўкі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы «Свята Івана Купалы» (1967), керамічны рэльеф у Доме-музеі I З’езда РСДРП (1968). Два буйныя праекты – роспісы ў кінатэатры «Вільнюс» (1976) і Палацы культуры чыгуначнікаў (1978) – былі выкананы сумесна з мастачкай З. Літвінавай. У далейшым С. Каткова прыняла ўдзел у дэкаратыўным афармленні рэстаранаў «Планета» (1980), «Зялёны луг» (1981) у Мінску, будынкаў грамадска-культурнага прызначэння ў Слуцку і рабочым пасёлку Мікашэвічы. Адной з найбольш вядомых яе работ з’яўляецца афармленне Мемарыяльнага комплексу ў в. Красны Бераг (Жлобінскі раён), для якога С. Каткова пераўтварыла дзіцячыя малюнкі ў вітражы. За рэалізацыю гэтага праекта мастачка была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2010).
Дэкаратыўнасцю колеру, кампазіцыйнай пабудовай вылучаюцца яе станковыя творы «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Кветкі беларускай зямлі – касманаўтам» (1978), «Асенні вянок. М. Багдановіч» (1981), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), «Святочны дзень» (1986), «Вясна» (1987), «Люстэрка» (1994), «Музыка лета» (1996), «Мяцеліца» (1997), «Блакітны нацюрморт» (2004), «Сцюжа» (2006), «Сад радасці», цыкл «Золата Японіі» (1999, 2008), трыпціх «Краявід са сну» (2006), «Стварэнне Сусвету» (2007), арт-сукенка «Цюльпаны» (2011) і інш.
Найбольшай яскравасцю і індывідуальнасцю адрозніваюцца творы С. Катковай, выкананыя ў жанры нацюрморта. У асноўным мастачка пісала кветкі, прадметы побыту, дываны, посуд, садавіну, дамашніх жывёлін і птушак. Яе нацюрмортам уласціва выразнасць прадметаў і натуралістычнасць. Многія з іх экспанаваліся на рэспубліканскіх выстаўках у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Палацы мастацтваў, былі прадстаўлены ў мінскай галерэі «Ў» на выстаўцы «Нацюрморт. Рэч. Прастора». Рэпрадукцыі жывапісных твораў мастачкі неаднаразова размяшчаліся на вокладках часопіса «Мастацтва».
Творы С. Катковай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, у музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.