Дата рождения: 01.04.1936 Гомель, г.
Краткая справка: жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, аўтар пейзажаў, сюжэтна-тэматычных твораў
Имена на других языках: Landarsky Robert Yafimavitch (не определен); Ландарский Роберт Ефимович (русский);
Роберт Яфімавіч Ландарскі нарадзіўся ў Гомелі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’я Ландарскіх была эвакуіравана ў Мічурынск (Расія). Пасля вызвалення роднага горада Роберт разам з бацькамі вярнуўся ў Гомель. Бацька хлопчыка працаваў старшынёй прыгараднага калгаса, таму летнія канікулы Роберта Ландарскага праходзілі ў маляўнічых ваколіцах Гомеля на берагах ракі Сож. Дзіцячыя ўражанні сталі асновай для такіх работ мастака як “Лета майго дзяцінства”, “Валатава” і інш. Летам хлопчык не толькі адпачываў, але і дапамагаў дарослым, таму работы “Жаўрук спявае”, “Весенний сев”, “Уборка картофеля”, “Косовица”, “Весенние хлопоты хлеборобов”, “Пора сенокосная” невыпадковыя ў яго творчасці.
Роберт Ландарскі заўсёды марыў стаць мастаком, але яго бацька не лічыў такую прафесію сапраўднай, таму юнак апынуўся на факультэце фізічнага выхавання Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны), пасля заканчэння якога працаваў у СШ № 10 г. Гомеля: вучыў дзяцей маляванню і чарчэнню. Там і атрымаў званне “Выдатнік народнай асветы”. У 1966 г. Роберт Ландарскі закончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна) і атрымаў права называцца мастаком. З 1966 г. ён прымае актыўны ўдзел у выстаўках, з 1979 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. На працягу многіх гадоў Р.Я. Ландарскі быў старшынёй Гомельскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў.
Роберт Ландарскі – адзін з заснавальнікаў новага напрамку ў выяўленчым мастацтве Гомельшчны, які атрымаў назву “Гомельскі імпрэсіянізм”. Яшчэ ў 1970-я гг. ён рашуча адмовіўся ад выкарыстання чорнага колеру, пісаў работы шырокімі мазкамі пэнздля ў манеры мастакоў-імпрэсіяністаў. Мажорны настрой, яркія і сакавітыя колеры карцін Р. Ландарскага заўсёды прыцягвалі ўвагу. Свой творчы шлях ён пачынаў як акварэліст. Яшчэ падчас вучобы ў Інстытуце жывапісу малады мастак пазнаёміўся і пасябраваў з вядомым літоўскім акварэлістам В. Рымкусам. Менавіта ў яго Роберт Ландарскі вучыўся свабоднай манеры пісьма “по-мокрому”, перадачы колернай гармоніі. Першымі акварэльнымі работамі сталі “Рамонкі”, “Раніца. Спячыя лодкі”, “Туманная раніца”, “Бярозкі”. Шмат карысці Р. Ландарскаму прынеслі падарожжы па родным краі. Разам са знакамітым краязнаўцам Ф. Шклярэўскім мастак прайшоў сотні кіламетраў па рэках Сож і Бесядзь, занатоўваючы на ватмане свае ўражанні. Захапленне прыгажосцю роднай прыродай мастак перадаў у такіх работах як “Клёнки. Вечер”, “Вясна на Палессі”, “Бабіна лета”, “Весенняя мелодия” і інш. З цягам часу ўжо вопытны мастак пачынае пісаць алеем.
Адной з хвалюючых тэм для Роберта Ландарскага з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Карціны “Июнь 1941 года”, “Баллада о матери”, “Деревня Радуга. День Победы”, “Сорок первый” дакладна перадаюць настрой мастака. У 2010 г. Р. Ландарскі выступіў у якасці арганізатара і аднаго з удзельнікаў абласной перасоўнай выставы “Салдаты Перамогі”, якая наведала ўсе раёны Гомельшчыны. Моцны ўплыў аказала на мастака катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Гэтай тэме ён прысвяціў трыпціх “Боль моя, Беларусь”, цыкл палотнаў “Яблоки на снегу”, “Полесская мадонна”, “Дезактивация”.
Сёння Р.Я. Ландарскі працуе ў розных жанрах: фігуратыўная карціна, нацюрморт, акварэль, малюнак, натурны эцюд. Аднак галоўнае месца ў творчасці мастака займае пейзаж. “Менавіта ў жанры “карціннага пейзажа”, адзначае мастацтвазнаўца Б. Крэпак, з найбольшай самааддачай творца дасягае злучэння пранізлівай спавядальнасці з аб’ектыўнай сутнасцю вобразаў прыроды”*. Значная колькасць работ мастака прысвечана роднаму палескаму краю з яго чароўнай прыродай, лясамі і раўнінамі, палямі і азёрамі, жывапіснымі Сожам і Прыпяццю: трыпціх “Пою о тебе, деревенька моя”, карціна “Куточак маёй Бацькаўшчыны. Рака Спонка” і інш. Пейзажы Р.Я. Ландарскага адрозніваюцца падкрэсленым лірызмам, кожная работа – сапраўдны гімн прыгажосці і гармоніі роднага краю. Адметнасць яго твораў у тым, што яны на дзіва пераканаўчыя. Р. Ландарскі будуе свае кампазіцыі на кантрасных супрацьпастаўленнях цёплых і халодных тонаў, што надае ім своеасаблівае гучанне.
Шматгадовая плённая праца мастака адзначана медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Міністэрства культуры і Міністэрства асветы БССР. Творы Р.Я. Ландарскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Гомельскім, Віцебскім, Веткаўскім, Светлагорскім краязнаўчых музеях, Мазырскай карціннай галерэі, прыватных калекцыях Германіі і Чэхіі.
Свой 75-гадовы юбілей Роберт Яфімавіч адзначыў адкрыццём выстаўкі новых твораў, якая дэманстравалася ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў вясной 2011 г.
* Культура. – 2011. – 9–15 красавіка (№ 15). – С. 11.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.