У выяўленчым мастацтве краіны пачэснае месца займае пакаленне, якое зараз называюць старэйшым. Сярод мастакоў гэтага пакалення – Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч, які ў поўнай меры зведаў нястачу і голад у дзяцінстве, бо гадаваўся без бацькі, які загінуў на фронце ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, але не страціў у душы пры гэтым цягі да выяўленчага мастацтва.
Нарадзіўся У. Пасюкевіч у г. Капыль Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1952), Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава (1960). Вучоба ў адной з галоўных ВНУ СССР узбагаціла яго грунтоўнымі ведамі ў жывапісным майстэрстве. Ад прафесара Д. Мачальскага мастак успрыняў лагічную сістэму, якую распрацаваў далей і ўвёў у сваю педагагічную дзейнасць, падрыхтаваўшы не адзін дзясятак вучняў. У 1963 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР, у гэтым жа годзе яму прапанавалі пасаду выкладчыка на кафедры малюнка і графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (з 1974 г. – дацэнт). Уладзімір Пасюкевіч неаднаразова выступаў з дакладамі аб сваёй канцэпцыі выкладання малюнка на навуковых канферэнцыях у Мінску, Маскве, Прыбалтыцы. Падрыхтаваў некалькі метадычных дапаможнікаў для студэнтаў.
Працуе мастак у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Яго творчасці ўласціва грамадзянскасць, патрыятызм, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка, уменне вылучыць яго тыповыя рысы, выразнасць і дакладнасць пластычнай формы, гарманічнасць кампазіцыйнай і каларыстычнай будовы твораў. Піша У. Пасюкевіч пераважна на рэвалюцыйныя і гістарычныя тэмы: “На рубяжах Радзімы” (1965), “Мінск. 1920 год” (1967), “Абаронцы Брэсцкай крэпасці” (1968), “Беларусь, 1944 год” (1969), “Камсамольцы 1943 года” (1970), “Магутная плынь” (1978), “Народны мсцівец” і “Партызанская быль” (1979), “На Капыльшчыне. 1944 год” (1983), “Старыцкія партызаны” (1985); жыццёвай праўдзівасцю ў адлюстраванні гістарычных падзей вылучаюцца трыпціх “Вечна жывы” (1981), карціны “Валрэўком у Ігумене” (1983), “Ленін сярод сялян” (1984), “Світанне (У. І. Ленін і Ф. Э. Дзяржынскі)” (1985).
Важнае месца ў творчасці У. Пасюкевіча займае пейзаж. Карціны на гэту тэму складаюць некалькі серый: родная Капыльшчына, мінскія матывы, Браслаўскія азёры, возера Свіцязь. Мастак паказвае родную прыроду ва ўсёй яе паўнаце і прыгажосці ў розныя поры года: “Браслаўшчына” (1965), “Поўдзень” (1966), “Браслаўскія азёры”, “Мінск узімку” (абедзве 1968), “Родныя пагоркі” (1973), “Восень на Свіцязі” (1975), “Вечар на Прыпяці” (1980) і інш. Вывучаючы творчасць Я. Купалы, мастак наведвае купалаўскія мясціны і піша там работы “Жоўтая восень з чырвонымі фарбамі”, “Белы бэз” (абедзве 1970), “Восень у Вязынцы” (1974). Яго пейзажы вылучаюцца сканцэнтраванасцю, раўнавагай акцэнтаў, рацыяналістычнасцю. Уладзімір Пасюкевіч – аўтар партрэтаў дзеячаў культуры: М. Савіцкага (1976), “Свіцязанская балада (А. Міцкевіч)” (1975–1978), “У краіне светлай… (М. Багдановіч)” (1981), “Янка Купала і Ц. Гартны ў Капылі” (1982) і інш. Ім створана шмат тэматычных палотнаў: “Хакеісты”(1963), “Радзіма Янкі Купалы” (1969), “Школьны двор. Хакей” (1971), “Свята дружбы” (1982) і інш. У арсенале мастака маюцца таксама цыклы мастацкіх твораў, створаных у час творчых паездак па Прыбалтыцы, Каўказе, Браслаўшчыне і інш. Родная Беларусь, як вобраз, як тэма, праходзіць праз усю творчасць У. Пасюкевіча.
У мастацкіх выстаўках (міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх) удзельнічае з 1960 г. У 2006 г. з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння выстаўка твораў У. Пасюкевіча была наладжана на яго малой радзіме, у Капылі, у залах Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
У 1986 г. за вялікі ўклад у педагагічнае выхаванне вучняў і развіццё мастацтва быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. У 1990 г. яму прысуджана ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”.
Творы Уладзіміра Маркавіча захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Капыльскім краязнаўчым музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.