Іван Міхайлавіч Пратасеня перш за ўсё мастак-акварэліст, хаця на вернісажах ён часам выступае і з работамі станковага характару. Менавіта ў тэхніцы акварэлі, па меркаванні спецыялістаў, напісаны лепшыя яго сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды.
Нарадзіўся мастак у в. Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Па словах самаго мастака, ён праз усё жыццё пранёс у сэрцы любоў да роднай вёсачкі, да сваіх бацькоў і выказаў гэту любоў у работах “Случчына мая. Бацькі мае”, “Белы конь майго дзяцінства”, “Сцяжынка да бацькоўскай хаты”, “Пара сенакосная”, “Жураўліны ранак” і іншых акварэлях.
Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1957), Маскоўскі паліграфічны інстытут (1965). Вучыўся ў Л. Лейтмана, Я. Харытоненкі, В. Жыцянёва, У. Ляпецкага. Працаваў мастаком у Дзяржаўным камітэце па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1958–1965), мастацкім рэдактарам у выдавецтвах “Ураджай” (1965–1972), “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (1972–1984), у часопісе “Работніца і сялянка” (1985–2000). Удзельнік мастацкіх выставак з 1964 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1973 г.
Выдавецкую работу мастак ніколі не аддзяляў ад творчай работы над акварэлямі і малюнкамі. Іван Міхайлавіч належыць да пакалення мастакоў-“шасцідзесятнікаў”. Як адзначаюць спецыялісты, яго творчасць традыцыйная, развіваецца ў рэчышчы тэндэнцый і кірункаў, характэрных для прац беларускай школы графікі пасляваеннага перыяду. Гэта адносіцца да выяўленчай і выразнай структуры яго твораў, іх вобразна-тэматычнага дыяпазону: зварот да гістарычнай мінуўшчыны Беларусі; тыпізацыя вобразаў, перадача іх нацыянальнай своеасаблівасці; жанравая разнастайнасць (пейзаж, партрэт, тэматычная кампазіцыя); праца ў розных графічных тэхніках (акварэль, малюнак алоўкам – контурны, эскізны ці з філіграннай мадэлёўкай усіх дэталяў).
Мастак лічыць, што без адлюстравання мінулага Бацькаўшчыны складана ўспрымаць і сённяшні дзень. Таму на працягу многіх гадоў ён стварае акварэльныя партрэты славутых гістарычных асоб. Іван Пратасеня адзін з нямногіх піша партрэты ў акварэльнай тэхніцы. Знакамітым постацям нашай радзімы ён прысвяціў творы “Думы Цёткі (Алаіза Э. Пашкевіч)” (1976), “Кірыла Тураўскі” (1979). У жанры кампазіцыйнага партрэта выкананы вобразы Ф. Скарыны, К. Каліноўскага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Блока, П. Труса, П. Броўкі. Сярод іх кампазіцыйныя групавыя партрэты “Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год” (1981), “Развітанне ў Ляўках Янкі Купалы і Якуба Коласа 27 чэрвеня 1941 года”(1982) і інш.
Апрача сюжэтна-тэматычнай кампазіцыі і партрэта, І. Пратасеня нярэдка звяртаецца да краявіда. “Лагойшчына” (1969), “Навальніца над Нараччу” (1971), “Буслы” (1972), “Стары Браслаў”(1976), серыя работ “Ля Купалавай Вязынкі”, “Случ – рака Палеская” (абедзве 1980), “Восеньская мелодыя”, “Вечны кліч. Адвечнае” (абедзве 1982), “Вячэрні звон” (1998) – назвы толькі некаторых з іх.
Сярод тэматычных карцін: “Мелодыя роднага краю” (1969), “Случчына мая – мае бацькі” (1971), “Маці. Прысвячаецца Н.Ф. Купрыянавай і яе сынам” (1975), “Вяселле ў Падгор’і” (1978), “Набат 1863 г. К. Каліноўскі і Марыся” (1989), “Трывожныя сны ветэрана” (1995) і інш. Іван Пратасеня – аўтар серый помнікаў старажытнай архітэктуры Беларусі (1979–1981), “Акорды роднай мелодыі” (2000). Работы мастака вылучаюцца змястоўнай і эмацыянальнай напоўненасцю, дакладнасцю малюнка, дэталёвай прапрацоўкай формы, тонкім пачуццём колеру.
Творы І. Пратасені знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечна, Брэсцкім, Магілёўскім абласных краязнаўчых музеях, Літаратурных музеях М. Багдановіча ў Мінску і Яраслаўлі (Расія), Літаратурным музеі П. Броўкі ў Мінску, Слуцкім, Навагрудскім і Тураўскім краязнаўчых музеях, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.