Дата рождения: 27.09.1896 Гродна, г.
Дата смерти: 18.06.1962
Краткая справка: ваенны дзеяч, генерал арміі, удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, кавалер ордэнаў Леніна (тройчы) і Чырвонага Сцяга (чатыры разы), адзіны з ураджэнцаў Беларусі кавалер ордэна "Перамога"
Имена на других языках: Антонов Алексей Иннокентьевич (русский);
З канца 1942 г. і да безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі ні адна самая значная аперацыя Вялікай Айчыннай вайны не праходзіла без удзелу генерала арміі Аляксея Інакенцьевіча Антонава.
Нарадзіўся ён 27 верасня 1896 г. у Гродне ў сям’і рускага афіцэра. Летам 1904 г. бацьку накіравалі на службу ў г. Астрог Валынскай губерні. Пасля яго смерці Аляксей разам з маці і сястрой пераехаў у Петраград. Там скочыў гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Імператарскага Петраградскага ўніверсітэта. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам пакінуў вучобу і пачаў працаваць на заводзе. У 1916 г. стаў курсантам Паўлаўскага ваеннага вучылішча. Скончыў паскораны курс абучэння і ў званні прапаршчыка быў накіраваны на службу ў лейб-гвардыі егерскі полк. У час Першай сусветнай вайны ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце (узнагароджаны ордэнам Святой Ганны IV ступені), быў паранены. У маі 1918 г дэмабілізаваны. Вучыўся на вячэрніх курсах Петраградскага ляснога інстытута і працаваў у Народным камісарыяце харчавання. У красавіку 1919 г. прызваны ў Чырвоную Армію.
Аляксея Інакенцьевіча Антонава прызначылі памочнікам начальніка штаба 1-й Маскоўскай рабочай дывізіі. Пасля цяжкіх баёў пад Луганскам яна была рэарганізавана ў брыгаду і ўвайшла ў склад 15-й Інзенскай стралковай дывізіі. Растоў-на-Доне, Новарасійск, Паўночны Каўказ – такі баявы шлях, які разам з гэтым вайсковым злучэннем прайшоў А. І. Антонаў. За актыўны ўдзел у фарсіраванні возера Сіваш быў узнагароджаны Ганаровай зброяй Рэвалюцыйнага Ваеннага Савета Рэспублікі. У 1928 г. стаў слухачом каманднага факультэта Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ ў Маскве. З 1931 г. служыў начальнікам штаба 46-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў г. Корасцені на Украіне. У 1933 г. А. І. Антонаў скончыў аператыўны факультэт Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ і з кастрычніка 1934 г. быў прызначаны начальнікам штаба Магілёў-Ямпольскага ўмацаванага раёна. Са жніўня 1935 г. камандаваў аператыўным аддзелам штаба Харкаўскай ваеннай акругі. З 1936 па 1937 г. працягваў адукацыю ў Акадэміі Генеральнага штаба РСЧА. Пасля першага курса быў прызначаны начальнікам штаба Маскоўскай ваеннай акругі. У сувязі з павелічэннем аб’ёму падрыхтоўкі ваенных кадраў А. І. Антонава ў 1938 г. перавялі на пасаду старшага выкладчыка, а затым намесніка начальніка кафедры агульнай тактыкі Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ. Яму давялося не толькі чытаць лекцыі, але і займацца навуковай работай. Сумесна з іншымі выкладчыкамі А. І. Антонаў падрыхтаваў працы «Эволюция тактического применения танков и механизированных соединений по опыту боев в Испании», «Тактика германской армии: марш и встречный бой». У лютым 1940 г. ён стаў дацэнтам, у чэрвені атрымаў воінскае званне генерал-маёра.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны А. І. Антонаў быў прызначаны намеснікам начальніка штаба Кіеўскай асобай ваеннай акругі (сакавік 1941 г.). Займаўся арганізацыйна-мабілізацыйнымі пытаннямі, шмат увагі надаваў павышэнню баявой гатоўнасці ўмацаваных раёнаў, рабоце органаў ваенных зносін. У жніўні 1941 г. стаў начальнікам штаба Паўднёвага фронту, войскі якога вялі цяжкія абарончыя баі. У пачатку лістапада таго ж года ў выніку буйной аперацыі на Паўднёва-Усходнім напрамку была разгромлена 1-я нямецкая танкавая армія і вызвалены Растоў-на-Доне. Планам гэтага наступлення займаўся А. І. Антонаў, за што атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга і званне генерал-лейтэнанта. З ліпеня 1942 г. ён кіраваў штабамі Паўночна-Каўказскага і Закаўказскага франтоў. За распрацоўку буйных аперацый, у ходзе якіх ворагу не далі захапіць Чарнаморскае ўзбярэжжа і прарвацца да Закаўказзя, быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга. Восенню 1942 г. стаў начальнікам штаба Чарнаморскай групы войск, а ў снежні быў прызначаны першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба РСЧА і начальнікам Аператыўнага ўпраўлення. Са студзеня па сакавік 1943 г. з’яўляўся прадстаўніком Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага на Бранскім, Варонежскім і Цэнтральным франтах. У красавіку 1943 г. А. І. Антонаву прысвоена званне генерал-палкоўніка. Пасля вяртання ў Маскву прымаў удзел у планаванні ўсіх стратэгічных аперацый савецкіх войск. Першай сярод іх стала Курская бітва, у выніку якой завяршыўся карэнны пералом у Вялікай Айчыннай вайне, стварыліся ўмовы для пераходу Чырвонай Арміі да агульнага наступлення. За распрацоўку плана гэтай аперацыі А. І. Антонаву ў жніўні 1943 г. было прысвоена званне генерала арміі. Яго выдатныя арганізатарскія здольнасці, бліскучы стратэгічны талент раскыліся пры распрацоўцы аперацыі «Баграціён» – адной з буйнейшых у час Вялікай Айчыннай вайны. У лютым 1945 г. быў прызначаны начальнікам Генеральнага штаба РСЧА. Пад кіраўніцтвам А. І. Антонава распрацоўваліся апошнія ваенныя аперацыі (Усходне-Пруская, Вісла-Одэрская, Будапешцкая, Пражская, Берлінская), план вайны з Японіяй. Як вопытны стратэг і ваенны дыпламат ён удзельнічаў у Крымскай (Ялцінскай) і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыях. У першыя пасляваенныя гады праводзіў вялікую работу па дэмабілізацыі Узброеных Сіл СССР і пераводу іх на мірнае становішча. У маі 1955 г. быў прызначаны начальнікам Штаба Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў – удзельніц Варшаўскага Дагавора.
Служэнню Радзіме А. І. Антонаў прысвяціў усё сваё жыццё. За вялікі ўклад у дасягненне перамогі над фашысцкай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй, а таксама за ўмацаванне Узброеных Сіл СССР у пасляваенны час быў узнагароджаны ордэнам «Перамога», трыма ордэнамі Леніна, чатырма Чырвонага Сцяга, двума Суворава I ступені, ордэнамі Кутузава I ступені і Айчыннай вайны I ступені, некалькімі замежнымі ордэнамі і шматлікімі медалямі.
Памёр А. І. Антонаў 18 чэрвеня 1962 г. у Маскве. Пахаваны на Краснай плошчы ў Крамлёўскай сцяне. Яго імем названы вуліцы ў Маскве, Мінску і Гродне. На радзіме военачальніка створаны музей. У памяць аб генерале арміі на будынку Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ і на доме ў Гродне, дзе ён нарадзіўся, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.