Дата рождения:
09.05.1936 Камарын, г. п., Брагінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
21.09.2006
Краткая справка:
мастацтвазнавец, мастак, аўтар многіх вядомых палоцен, даследчык кніжнай і станковай графікі Беларусі, мастацкай спадчыны Францыска Скарыны, знаўца і ініцыятар ратавання помнікаў народнага мастацтва чарнобыльскай зоны, на аснове якіх быў створаны Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусi, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, ганаровы грамадзянін Брагіна
Имена на других языках:
Shmatau Viktar Fiodaravitch (не определен); Шматов Виктор Фёдорович (русский);
4107 символов
Справка
Мастаком Палесся лічыцца вядомы беларускі жывапісец і навуказнаўца В.Ф. Шматаў. Нарадзіўся ён недалёка ад чарнобыльскай зоны ў г.п. Камарын. У 15 год стаў студэнтам Мінскага мастацкага вучылішча. Вучыцца было цяжка, бо былы дзетдомавец Шматаў матэрыяльнай падтрымкі ніадкуль не меў. Пасля заканчэння вучылішча паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на жывапіснае аддзяленне. Паралельна з вучобай працаваў мастаком-афарміцелем, а ў 60-я гады пачаў супрацоўнічаць з “Вожыкам”. Там ён навучыўся маляваць хутка, дакладна. Яшчэ ў інстытуце Шматаў зацікавіўся графікай. На трэцім курсе ён нават перайшоў на графічнае аддзяленне інстытута. Марыў аб самастойнай працы, але пасля абароны дыплома быў накіраваны выкладчыкам малюнка ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М. Кірава. У 1963 г. паступіў у аспірантуру на мастацтвазнаўчае аддзяленне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Пачаў пісаць пра дзеячаў беларускай культуры М. Шчакаціхіна, М. Філіповіча, Я. Драздовіча, А. Грубэ і інш. У 1966 г. В. Шматаў стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Будучы па адукацыі мастаком-графікам, В. Шматаў найбольш цікавіўся графічным мастацтвам Беларусі, беларускімі старадрукамі. Ён выдаў манаграфіі “Беларуская сатырычная графіка (1945–1970 гг.)” (1971), “Беларуская графіка (1917–1941)” (1975), “Сучасная беларуская графіка, 1945–1977” (1979); альбомы “Беларускі кніжны знак” (у сааўтарстве з А. Тычынам, 1975) і “Беларуская станковая графіка” (1978). Сапраўдным захапленнем мастацтвазнаўца стала гравюра беларускіх старадрукаў, у першую чаргу – выданні Ф. Скарыны. Адной з першых публікацый В. Шматава на гэту тэму (у сааўтарстве) была праца “Францыск Скарына”, выдадзеная ЮНЕСКА на англійскай (1979) і французскай (1980) мовах. В. Шматавым апублікавана звыш 20 асобных манаграфій, альбомаў, каталогаў і больш за 200 навуковых прац у розных перыядычных выданнях. Мастацтвазнаўца прымаў удзел у падрыхтоўцы шасцітомнага выдання “Гісторыя беларускага мастацтва”, у якім вёў раздзел графікі ва ўсіх шасці тамах, рэгулярна выязджаў у экспедыцыі па збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Новавыяўленыя помнікі іканапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дазволілі стварыць пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры, дырэктарам якога пасля абароны ў 1990 г. у Маскве доктарскай дысертацыі “Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI–XVIII стст.)” і стаў В.Ф. Шматаў. Дзякуючы яму ў музеі былі створаны два новыя аддзелы: “Беларускія старадрукі і гравюры” і “Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва чарнобыльскай зоны”. Пачынаючы з 1991 г., музей наладжвае штогод 2–3 экспедыцыі ў забруджаныя радыяцыяй вёскі чарнобыльскай зоны. Дзякуючы гэтым экспедыцыям ад знікнення былі выратаваны вельмі цікавыя экспанаты. Чарнобыльская зона стала і горкай музай В. Шматава-мастака. Займаючыся мастацтвазнаўчай дзейнасцю, ён ніколі не развітваўся з мастацтвам. У 1971 г. уступіў у Саюз мастакоў. Напісаў свае творы “Бульба” (1975), “Старыя палешукі” (1976), “Вакно” (1977), “Беларускія старадрукі” (1978), “Аўтапартрэт з сабачкам”, “Маці” (1979) і інш. У яго краявідах, партрэтах, кампазіцыях заўсёды бачыўся глыбокі філасофскі падтэкст. Але пасля чарнобыльскай трагедыі карціны мастака набылі асаблівы трагічны водсвет. На аснове непасрэдных жыццёвых назіранняў напісаны палотны яго серыі “Чарнобыльская трагедыя” (“Пахаванне перасяленца ў Чарнобыльскай зоне”, ”Пахаванне вёскі ў Чарнобыльскай зоне”, “Палессе”, “Лёс”, “Развітанне”, “Пакінутая хатка”, “Тут была вёска” і інш.). З палоцен гэтай серыі ў музеі створана экспазіцыя “Палітра Чарнобыля”. У 2000-м годзе Еўрапарламент і іншыя ўплывовыя арганізацыі наладзілі ў Бруселі выстаўку з нагоды 14-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод карцін беларускіх мастакоў былі прадстаўлены палотны В.Ф. Шматава, адно з іх – “Маці” – перададзена Еўрапейскаму парламенту як сімвал Беларусі. В.Ф. Шматаў узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1995 г.