Больш за 20 гадоў жыццёвы і творчы шлях мастака Валерыя Ігнатавіча Шчаснага быў звязаны з горадам Віцебскам, а дзяцінства і апошнія гады яго жыцця – з Верхнядзвінскам.
На вернісажы, які адбыўся ў 2001 г. у выставачнай зале віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, В. Шчасны сказаў: “Нішто не парушыла маіх сувязяў з Віцебскам, тут мае сябры і паплечнікі”. Менавіта ў Віцебску была наладжана яго персанальная выстаўка, прымеркаваная да 50-годдзя з дня нараджэння. Выстаўка жывапісных твораў экспанавалася таксама ў 2003 г. у Полацкай мастацкай галерэі.
Нарадзіўся В. І. Шчасны ў Верхнядзвінску, прафесійную адукацыю атрымаў у Віцебску. У 1973 г. закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў А. Някрасава. З 1976 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках.
Працуе ў графіцы (акварэль), а таксама ў афармленчым мастацтве. Асноўныя творы: лісты “Легенда”, “Курган на балоце”, “Вялікая старая півоня”, “Ураджай сорак першага”, “Зімовы нацюрморт”, “Навальніца”, “Купалле”, “Аналіз дзеяння”, “Віцебск 20-х”, “Руская ідэя?”, “Дзяды”, “А ты хто?” і інш.
У 1988 г. В. І. Шчасны прымкнуў да творчага аб’яднання віцебскіх мастакоў “Квадрат”, галоўнай мэтай якога было жаданне прадоўжыць і прымножыць традыцыі, што аднойчы зарадзіліся ў гэтым горадзе. Мастакі аб’яднання выступалі са сваімі тэарэтычнымі трактатамі. Валерый Ігнатавіч, на думку спецыялістаў, знайшоў свой шлях. Ён выпрацаваў знакавую сістэму, уклаўшы ў яе чалавечыя эмоцыі і зашыфраваную інфармацыю аб сутнасці існавання Сусвету. У творах “Вяртанне храма”, “Незнаёмая планета” мастак дае раскладку сваіх філасофскіх трактатаў аб заканамернасці, люстэркавым адбіцці ў сусвеце ўсяго, што было аднойчы створана на зямлі.
Карціны, напісаныя мастаком сёння, не адмаўляюць больш раннія перыяды яго творчасці, а, наадварот, падкрэсліваюць цэласнасць творчага патэнцыялу, шырыню філасофскіх поглядаў.
Валерый Ігнатавіч з’яўляецца нязменным удзельнікам пленэраў, прысвечаных Я. Драздовічу. Мастак адчувае магічную духоўную сувязь з гэтым чалавекам, яго лёсам. Серыі твораў, прысвечаных жыццю і творчасці Я. Драздовіча, – гэта ўбачаны В. Шчасным спектр жыцця чалавека, які складаецца з адценняў зямлі, неба і духоўнага нараджэння. У адным з сваіх інтэрв’ю, апублікаваным на старонках газеты “Народнае слова”, ён наступным чынам сфармуляваў сваё крэда: “Малевіч даў мне свабоду творчасці, Драздовіч – нацыянальную ідэю”.
У апошнія гады мастак жыве ў родным Верхнядзвінску, працуе выкладчыкам у школе мастацтваў. Лічыць, што ў яго творчасці адкрыўся новы этап, пачаткам якога лічыць створаную ім карціну “Каплічка над крынічкай” (2001 г.). Працуе над карцінамі з серыі “Знакі яднання”. Галоўная ідэя, якая авалодала яго думамі, – стварэнне знакавых кампазіцый – кампазіцый падвойных крыжоў, каталіцкага і праваслаўнага, якія павінны быць так аб’яднаны, каб стваралі адно цэлае.
Малюе і рэалістычныя карціны, удзельнічае сам або разам са сваімі выхаванцамі ў розных выстаўках выяўленчага мастацтва, па запрашэнні займаецца афармленнем музейных экспазіцый.
Валерый Шчасны – лаўрэат прэміі ЛКСМ Віцебшчыны, член Беларускага саюза мастакоў з 1993 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.