Прасякнутая патрыятычным духам польскамоўная творчасць Тадэвуша Гіляравіча Лады-Заблоцкага, паэта духоўна паяднанага з родным краем, па праву лічыцца здабыткам беларускай літаратуры.
Нарадзіўся Т. Лада-Заблоцкі ў в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага павета (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Вучыўся спачатку ў Віцебскай семінарыі пры кляштары базыльян, потым у Віцебскай гімназіі. З дзяцінства праяўляў літаратурныя здольнасці і ўвогуле быў чалавекам усебакова адораным. Раннія паэтычныя спробы юнака заўважыў куратар Беларускай навучальнай акругі Р. І. Карташэўскі і, каб дапамагчы маладому таленту, звярнуўся да міністра народнай адукацыі з хадайніцтвам – залічыць на вучобу ў Маскоўскі ўніверсітэт Т. Ладу-Заблоцкага за кошт акругі. У 1831 г. пасля заканчэння гімназіі стаў студэнтам славеснага аддзялення ўніверсітэта. Там юнак пазнаёміўся з будучым вялікім рускім крытыкам В. Р. Бялінскім і стаў удзельнікам прагрэсіўнага студэнцкага гуртка “Літаратурнае таварыства 11-га нумара” (па нумары пакоя ў студэнцкім інтэрнаце) і тайнага таварыства аматараў роднай літаратуры. Аднак доўга ў Маскве Т. Ладу-Заблоцкаму жыць не давялося. У 1833 г. за вершы-заклікі антысамадзяржаўнага зместу ён выключаны з універсітэта, высланы на радзіму і зняволены ў віцебскай турме. У 1837 г. сасланы ў Таганрог, з 1838 г. знаходзіўся на Каўказе, дзе служыў у Каўказскім асобным корпусе. У ссылцы Т. Лада-Заблоцкі працягваў пісаць вершы. На Каўказе пазнаёміўся з грузінскімі пісьменнікамі Н. Бараташвілі і М. Туманашвілі, з дочкамі А. Чаўчавадзэ, Н. Грыбаедавай і К. Дадзіяні, азербайджанскім паэтам А. Бакіханавым, рускімі паэтамі А. Адоеўскім, Я. Палонскім. Узаемаадносіны з імі пэўным чынам уплывалі на светапогляд Т. Лады-Заблоцкага. У 1846 г. ён вызваліўся ад салдацкай службы і быў прызначаны ўпраўляючым Кульпінскімі салянымі промысламі ў Грузіі. Пабыў ім нядоўга. У жніўні 1847 г. у самым росквіце творчых сіл паэт памёр ад халеры.
Тадэвуш Лада-Заблоцкі паспеў напісаць нямнога. Складанае жыццё не спрыяла паэтычнай творчасці. Свае вершы публікаваў у розных перыядычных выданнях, а ў 1845 г. з дапамогай вядомага літаратурнага крытыка Р. Падбярэскага выдаў першы аўтарскі зборнік “Poezje” (Пецярбург), у які былі ўключаны як уласныя творы, так і пераклады. У кнізе вылучаны тры раздзелы, што адпавядаюць тром перыядам жыцця паэта. Вершаваныя творы першага раздзела напісаны ў 1831–1833 гг., калі Т. Лада-Заблоцкі быў студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта. Прасякнутыя настальгічнымі матывамі, яны цікавыя ўвагай да родных мясцін, той прыроды, якая засталася ў яго дзіцячых уражаннях. Як з жывымі асобамі, развітваецца паэт з рэчкамі і азёрамі роднага краю (“Вілія”, “Да Дзвіны”, “Даўжанскае возера”). Другі раздзел складаюць вершы, напісаныя ў Віцебску з 1834 па 1836 г. У іх прысутнічае матыў непазбежнага несправядлівага пакарання, злога лёсу. Найбольш ярка такія пачуцці выяўляюцца ў паэме “Ваколіцы Віцебска”. Па сутнасці, гэта па-філасофску заглыбленыя ўспаміны-развагі пра гісторыю і былую веліч Бацькаўшчыны:
Тваёй даўніной, Беларусь, зноў я мрою…
Дзе ж сёння твае палкаводцы-героі,
Што колісь на бітвы выстройвалі роты?
Дзе славы тваёй песняры – вайдэлоты,
Што спеўнаю лютняй шматструннай сваёю
Шляхетныя сэрцы ўздымалі да бою?..
Цяпер жа героі твае ўсе забыты,
Дый лютні тых бардаў папробуй знайдзі ты…
Ваколіцы Віцебска становяцца тым сімвалам, які лучыць мінулае краю з яе сённяшнім днём, дзіцячыя гады паэта з яго будучыняй. Трэці раздзел зборніка, прысвечаны сябрам і таварышам па зброі, складаюць творы, напісаныя ў 1837–1842 гг. Каўказскія краявіды, абставіны салдацкага жыцця – усё гэта ўзбагачае тэматыку вершаў Т. Лады-Заблоцкага. Вада горных рэчак, як магніт, прыцягвае да сябе позірк паэта, але іх імклівая плынь не мае здольнасці гаіць раны душы так, як гэта рабілі рэчкі на Радзіме (“Алазанская даліна”, “Да бярозкі ў гарах Каўказа” і інш.).
Пабачылі свет зборнікі паэта “Chanson de l’Ukraine” (Парыж, 1845) і ананімны “Fantazja” (Варшава, 1885). Асобныя творы былі надрукаваны ў шматлікіх выданнях. У рукапіснай спадчыне Т. Лады-Заблоцкага засталіся “Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры”, артыкул “Погляд на гісторыю грузінскай літаратуры”. Шмат увагі ўдзяляў паэт перакладчыцкай працы. На польскую мову ён пераклаў асобныя творы з англійскай, французскай, лацінскай, грузінскай і румынскай паэзіі. На беларускую мову творы Т. Лады-Заблоцкага перакладалі П. Бітэль, У. Мархель, К. Цвірка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.