Дата рождения: 28.08.1916 Уваравічы, г. п., Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 29.11.1988
Краткая справка: жывапісец, графік, педагог, народны мастак СССР, акадэмік АМ СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя Рэпіна (1966), Ленінскай прэміі (1974), Дзяржаўнай прэміі СССР (1983)
Имена на других языках: Моисеенко Евсей Евсеевич (русский);
Яўсей Яўсеевіч Майсеенка належыць да таго пакалення мастакоў, творчасць якіх сфарміравалася ў пасляваенныя гады. На сваіх палотнах, выкананых з высокім прафесійным майстэрствам, ён імкнуўся адлюстраваць разнастайнасць жыцця і гісторыю сучаснага грамадства.
Нарадзіўся будучы мастак у г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1931 г. скончыў сямігадовую школу. Першыя прафесійныя навыкі Я. Майсеенка атрымаў у Маскоўскім мастацка-прамысловым вучылішчы імя М. І. Калініна на аддзяленні роспісу па метале і пап’е-машэ. Пасля яго заканчэння ў 1936 г. паступіў на мастацкі факультэт Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Вучыўся ў А. Асмёркіна. Вялікая Айчынная вайна спыніла навучанне будучага мастака. У гэты перыяд знаходзіўся ў дзеючай арміі, удзельнічаў у абароне Ленінграда. У ходзе баявых дзеянняў трапіў у нямецкі палон, знаходзіўся ў канцлагеры ў Альтэнграбаве. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. вярнуўся ў інстытут, які скончыў у 1947 г. У 1958 г. Я. Майсеенка стаў выкладчыкам гэтай навучальнай установы ў якасці кіраўніка персанальнай майстэрні жывапісу. У 1963 г. яму прысвоена званне прафесара кафедры жывапісу. Педагагічная дзейнасць, якая не спынялася да канца жыцця, не перашкаджала ўласнай інтэнсіўнай творчасці Я. Майсеенкі.
Творчасць мастака як жывапісца аўтабіяграфічная па сваёй сутнасці. Ён звяртаўся да любых тэм, вырашаў іх проста, шчыра і з разуменнем з’явы. Адлюстроўваў тое, што перажыў, што глыбока ўвайшло ў яго свядомасць. Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. На працягу ўсяго жыцця галоўнай у творчасці Я. Майсеенкі заставалася тэма вайны – пакут, вышыні чалавечага духу, трагічных страт і шчасця перамогі. На тэматычных карцінах «Перамога» (1970–1972), «Ветэраны» (1978), у серыі «Гэтага забыць нельга» (1960–1962) мастак узнаўляе ўбачанае і адначасова з гэтым стварае іншую рэальнасць. Моцнае ўражанне выклікае палатно «Маці, сёстры» (1967). Гэта зварот да драматычных чалавечых пачуццяў праз багацце і своеасаблівасць выяўленчай мовы, сімвалы і метафары, мастацкія асацыяцыі і перабольшванне. Мовай свайго жывапісу мастак імкнуўся сказаць пра подзвіг беларускіх жанчын. Ён стварыў абагульнены вобраз жанчыны, якая працуе і кахае, спадзяецца і чакае, – і не толькі ў гады цяжкіх выпрабаванняў. Эпоху грамадзянскай вайны адлюстраваў у авеяных рамантыкай карцінах «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1963–1964), «Чарэшня» і «Камісар» (1969), «Песня» (1978–1980).
Значная частка твораў звязана з Беларуссю, успамінамі пра дзяцінства. Для Я. Майсеенкі свет юнацкіх уражанняў назаўсёды стаў найбагацейшай і невычэрпнай крыніцай творчасці – аўтабіяграфічныя карціны «З дзяцінства» (1964), «Хлопчыкі» і «На рацэ» (1975), «Каля калодзежа» (1979) і інш. На многіх палотнах намаляваны хлопчыкі, якія бавяць час на ўлонні прыроды, купаюцца, адпачываюць. Тэмы маленства і роднай зямлі ў мастака нібы перакрыжоўваюцца. Высокага майстэрства Я. Майсеенка дасягнуў у карціне «З дзяцінства». Палатно намалявана з цудоўнай імправізацыйнай свабодай і свежасцю непасрэднага ўражання. Паэтычны стан сцэны начлегу, адносіны вясковых хлопцаў, пачуццё іх поўнага яднання з прыродай і жывёламі ён перадае, апускаючы многія другарадныя падрабязнасці і дэталі. Некалькімі рухамі пэндзля акрэслены дваровы сабака, які пазірае на гледача з прыхільнасцю і даверам. З віртуозным майстэрствам намаляваны коні, перададзены псіхалогія дзяцей і лірызм пейзажу.
Асаблівая стрыманасць, лаканізм сродкаў мастацкай выразнасці дазвалялі Я. Майсеенку ствараць някідкія, мяккай прыгажосці пейзажы. Празрыстасць каляровых плям і тонкасць ліній характэрны для твораў «Сажалка» (1970), «Люты» (1975), «У садзе» (1976), «Пасля дажджу» (1977), «Вечар» (1978), «Яблыневы сад» і «Восень» (1979) і інш. У сваіх нацюрмортах імкнуўся да арганічнага сінтэзу думак, пачуццяў і адпаведных ім выразных сродкаў. Гармонія абраных мастаком рэчаў стварае адчуванне музычнасці. У прадмеце быццам персаніфікуецца складаны і тонкі духоўны свет сучаснага чалавека. Мастак не толькі знаходзіць месца кожнай рэчы ў прасторы, але і суадносіць яе з навакольным светам. Прыгажосць прадмета раскрываецца пры дапамозе колеру, асвятлення – «Нацюрморт з жалудамі» (1970), «Нацюрморт з белай вазай» (1976), «Нацюрморт з апельсінамі» і «Нацюрморт са сланечнікамі» (1977), «Нацюрморт з касачамі» (1979).
Вядомы Я. Майсеенка не толькі як майстар тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта, але і як адораны партрэтыст. Ім створаны партрэты мастака А. Асмёркіна (1970), мастацтвазнаўца Г. Кекушавай (1971), палотны «Партрэт маці», «Аўтапартрэт» і «Партрэт жонкі» (1979). Любімым паэтам Я. Майсеенкі быў А. Пушкін. Да яго вобраза мастак звяртаўся пастаянна, магчыма адчуваючы нейкую роднасць з няўрымслівай душой паэта, – «Пушкін у Болдзіне» (1974), «Пушкін» і «Нацюрморт з малюнкам А. С. Пушкіна» (1976), «Вечар. Пушкін» (1978). Ёсць у Я. Майсеенкі і серыі карцін, створаныя па ўражаннях ад паездак па Іспаніі, Грэцыі, Францыі. Многія з іх былі напісаны на аснове замалёвак ці па памяці – «Андалузія» (1974), «Дон Кіхот» (1975), «У майстэрні Эль Грэка» (1975), «Нафтпліён» (1977), «Антычны матыў» і «Вячэрні Версаль» (1978) і інш.
Творчасць Я. Майсеенкі атрымала прызнанне. У 1970 г. прысвоена званне народнага мастака СССР, у 1973 г. быў абраны правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя І. Я. Рэпіна (1966), Ленінскай прэміі (1974), Дзяржаўнай прэміі СССР (1983). Удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1986), узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Творы Я. Майсеенкі захоўваюцца ў Рускім музеі, Навукова-даследчым музеі Расійскай акадэміі мастацтваў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і інш. На доме на Сувораўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу, дзе жыў мастак, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар. У 2007 г. адкрыта Карцінная галерэя імя Я. Я. Майсеенкі ў Буда-Кашалёве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.