Дата рождения:
15.08.1891 Азершчына, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
22.03.1980
Краткая справка:
дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар-аматар, хормайстар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, узнагароджаная ордэнам "Знак Пашаны"
Варианты имени:
Лапаціна Тацяна Карнееўна
Имена на других языках:
Лопатина Татьяна Корнеевна (русский);
3589 символов
Справка
Таццяна Карнееўна Лапаціна нарадзілася ў вёсцы Азершчына Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Яе бацька быў плытагонам і штогод у час веснавой паводкі накіроўваўся ўніз па Дняпры, каб вярнуцца дадому ў пачатку восені. Пасля такіх “вандровак” у сям’і з’яўляліся новыя матывы і песні. У вялікай сям’і Лапаціных спявалі усе: бацька і маці, сёстры і брат. Добры голас і выключную музычную памяць меў дзед Таццяны, прыгожы голас мела і бабка. Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі гучалі тут народныя песні.
Рэвалюцыя 1905–1907 гг. прынесла ў Азершчыну рэвалюцыйныя песні і гімны: “Варшавянку”, “Марсельезу”, гарадскія песні і рамансы: “Слаўнае мора”, “Стэп ды стэп кругом”, “Белая акацыя” і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і заканчэння грамадзянскай вайны Таццяна Лапаціна стала ініцыятарам стварэння ў Азершчыне музычна-драматычнага гуртка, ядром якога стаў сямейны хор Лапаціных, у якім спявалі родныя і стрыечныя сёстры Таццяны Карнееўны. З 1921 да 1936 г. сямейны хор Лапаціных выступаў у навакольных вёсках і набыў шырокую вядомасць.
20 жніўня 1936 г. адбылося выступленне хору ў студыі Рэчыцкага раённага радыёвузла. Гэтая дата лічыца пачаткам існавання калектыву. У 1937 г. Азершчынскі хор быў запрошаны ў Мінск на Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці, дзе стаў лепшым. Вялікай падзеяй у творчым жыцці калектыву стала яго выступленне на адкрыцці Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве ў жніўні 1939 г. Праз некалькі месяцаў азершчынцы прымалі ўдзел у канцэрце для дэпутатаў Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. У чэрвені 1940 г. хор вёскі Азершчына прымаў удзел у заключным канцэрце першай Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве у Вялікім тэатры Саюза ССР. Па выніках гэтага выступлення Т. Лапаціна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”.
Вялікая Айчынная вайна спыніла творчую працу. Харысты актыўна ўключыліся ў барацьбу з ворагам. 17 лістапада 1943 г. Азершчына была вызвалена ад акупантаў. Першы канцэрт удзельнікі Азершчынскага хору далі для салдат-вызваліцеляў. З першых дзён пасля вызвалення азершчынцы самааддана працавалі над аднаўленнем сельскай гаспадаркі, у вольны час выступалі з канцэртамі. Частку заробленых сродкаў перадалі ў дзіцячыя дамы, а 25 тысяч рублёў накіравалі на будаўніцтва танкавай калоны “Адказ Рэчыцы”.
Не маючы спецыяльнай адукацыі (яна скончыла толькі царкоўна-прыходскую школу) Т. Лапаціна з'яўлялася не толькі выдатным кіраўніком і арганізатарам, але і знаўцам песні. Яна падбірала рэпертуар, адшуквала выдатных спевакоў, разам з самадзейнымі кампазітарамі-песеннікамі апрацоўвала тэксты і мелодыі. Пры актыўным удзеле Т. Лапацінай былі створаны песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка», «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а жартоўная «Марфута» атрымала ўсесаюзную вядомасць.
Выдатныя дзеячы беларускай культуры Г. Цітовіч, А. Русак, Р. Шырма, І. Любан, Р. Пукст наведвалі Азершчыну і дапамагалі Т. Лапацінай і яе калектыву з падборам рэпертуару. Азершчынскі хор першым выканаў песню «Мы – беларусы» Н. Сакалоўскага і М. Клімковіча, якая пазней стала Дзяржаўным гімнам Беларусі.
Хор вёскі Азершчына быў удзельнікам VI сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (1957). У пачатку 1960-х гг. калектыву было прысвоена ганаровае званне «народны».
У 1949 г. Т. Лапаціна стала заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. Яна кіравала Азершчынскім хорам да 1954 г.
З 1991 г. на Гомельшчыне раз у тры гады ладзіцца абласны конкурс харавога мастацтва імя Т.К. Лапацінай.