У 2011 г. споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава, у творчай біяграфіі якога ўдала спалучаліся праектная, навукова-даследчая і педагагічная дзейнасць. Ён нарадзіўся ў г. Барнауле (Расія). Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1928 г. паступіў у Сібірскую сельскагаспадарчую акадэмію (з 1930 г. – Сібірскі інстытут арганізацыі тэрыторый) у Омску. Выбар будучай прафесіі – інжынер па планіроўцы населеных месцаў – вызначыў характар работы маладога спецыяліста. У 1930-я гг. І. Белагорцаў працаваў у многіх гарадах Сібіры, удзельнічаў у распрацоўках генпланаў Томска, Барнаула і іншых гарадоў Заходняй Сібіры, праектаў раённай планіроўкі, гарадскіх пасёлкаў, сёл Якуцкай АССР, Новасібірскай вобласці. Адначасова выкладаў у ВНУ і тэхнікумах. У гэтыя ж гады ён вучыўся завочна ў Маскоўскіх планавым інстытуце і інстытуце замежных моў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Белагорцаў пераабсталёўваў будынкі пад шпіталі, дапамагаў размяшчаць эвакуіраваныя прадпрыемствы і бежанцаў. У 1943 г. на аб’яднаным савеце Маскоўскага і Новасібірскага інжынерна-будаўнічых інстытутаў абараніў кандыдацкую дысертацыю “Градостроительство и планировка населенных мест”.
У 1945 г. у сувязі з неабходнасцю хутчэйшага аднаўлення разбураных фашыстамі гарадоў Смаленскай вобласці І. Белагорцава перавялі ў Смаленск, дзе ён узначаліў абласны аддзел па справах архітэктуры. Звыш адзінаццаці гадоў працаваў Ігар Дзмітрыевіч у Смаленску, праектаваў жылыя раёны і райцэнтры, прыгарадныя зоны. Яго навуковая дзейнасць у гэты перыяд падпарадкавана патрэбам будаўніцтва. Пад рэдакцыяй І. Белагорцава былі выдадзены “Справочник и таблицы для производства несложных топографических работ”, кніга “Благоустройство сел Смоленщины”. Выключнае значэнне прыдаваў І. Д. Белагорцаў захаванню помнікаў архітэктуры Смаленшчыны: склаў спіс помнікаў архітэктуры вобласці, вывучаў архітэктурную спадчыну Смаленскага краю, займаўся пытаннямі рэстаўрацыі старажытнага Смаленска, выяўленнем месцаў і руін старадаўняй архітэктуры. У гэты перыяд сваёй працы архітэктар збліжаецца з мастаком І. Грабаром і археолагам М. Вароніным, якія высока ацанілі яго веды рускай даўніны. У 1949 г. у смаленскім абласным выдавецтве выйшлі чатыры кнігі І. Белагорцава па архітэктуры Смаленска і вобласці, у якіх выкарыстаны летапісныя крыніцы, даецца захапляючае апісанне старажытнарускага будаўніцтва.
У 1956 г. Ігар Дзмітрыевіч па запрашэнні П. Панамарэнкі – першага сакратара ЦК КПБ – пераехаў ў Мінск і пачаў работу ў Беларускім політэхнічным інстытуце (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). З гэтага ж года ён намеснік дырэктара Інстытута будаўніцтва і архітэктуры Акадэміі навук БССР. Разам з калектывам навуковых супрацоўнікаў І. Белагорцаў займаўся распрацоўкай перспектыўных напрамкаў горадабудаўніцтва рэспублікі. Не абмяжоўваючыся навуковай і педагагічнай дзейнасцю, удзельнічаў у шматлікіх экспертызах і абмеркаваннях схем размяшчэння прадукцыйных сіл рэспублікі, праектаў раённай планіроўкі, генпланаў гарадоў, архітэктурна-скульптурных комплексаў рэспублікі, з’яўляўся старшынёй экспертнай камісіі па конкурсных праектах мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”.
З адкрыццём у 1966 г. Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута І. Белагорцаў быў зацверджаны яго першым рэктарам. Менавіта Ігара Дзмітрыевіча можна лічыць заснавальнікам другой, пасля БПІ, школы маладых дойлідаў Беларусі. Разам з адміністрацыйнай, навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасцю ён выконваў значную грамадскую работу, арганізоўваў і падтрымліваў навуковую і творчую садружнасць з навукоўцамі, будаўнікамі Польскай Народнай Рэспублікі, за што быў узнагароджаны медалямі пашаны г. Бяла-Падляска, універсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры г. Любліна.
З 1981 г. Ігар Дзмітрыевіч выкладаў у Мінскім інстытуце культуры. Прафесар І. Д. Белагорцаў склаў вучэбную праграму па “Истории искусств Белоруссии”, чытаў курсы лекцый “Введение в историю мировой культуры”, “Памятники культуры”.
У перыяд сваёй творчай дзейнасці ў Беларусі Ігар Дзмітрыевіч апублікаваў у суаўтарстве шэраг кніг, брашур, артыкулаў у зборніках і часопісах, у тым ліку “Архитектура и градостроительство” (1961), “Развитие городов Белоруссии” (1967), “Справочник по благоустройству и озеленению населенных мест” (1967), “Градостроительство Белорусской ССР” (1968), “Социальное и экономическое регулирование расселения населения на территории Белорусского Полесья” (1979), “Районная планировка и региональное расселение” (1986) і інш.
Вучоны ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1971), медалямі, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.