Акцёрская дзейнасць Якава Георгіевіча Буракова пачалася ў студыі Гомельскага тэатра рабочай моладзі (ТРАМ; існаваў у 1930–1935 гг.), потым быў Беларускі ТРАМ у Мінску. У той час тут праводзілася вялікая мастацка-прапагандысцкая работа: агітацыя калгасаў, правядзенне палітычных вечароў з масавымі спевамі і гульнямі і г. д. Спектаклі Беларускага ТРАМа вызначаліся наладжаным кантактам паміж сцэнай і глядзельнай залай: надзённыя, жыццярадасныя пастаноўкі прысвячаліся героіцы працоўных будняў, ударніцтву, камсамольскаму побыту. З трамаўцамі супрацоўнічалі такія вядомыя дзеячы мастацтва, як рэжысёр Б. Дольскі, кампазітар І. Любан, мастакі А. Марыкс і В. Ціхановіч, балетмайстар К. Алексютовіч.
У 1932 г. лёс прывёў Якава Буракова ў Беларускі тэатр імя Якуба Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), у якім ён з невялікімі перапынкамі (1933–1935 гг. і 1942–1946 гг.) працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. Буракоў меў добрыя арганізатарскія здольнасці і ў 1946–1986 гг. займаў пасады памочніка рэжысёра і інспектара трупы. Вялікая патрэба ў акцёрскіх кадрах прывяла да стварэння коласаўцамі студыі для самадзейных артыстаў – удзельнікаў народных тэатраў (існавала ў 1956–1958 гг. і 1962–1964 гг.). Я.Г. Буракоў вёў практычныя заняткі па грыме, даваў слушныя парады, далікатна рабіў заўвагі. Пад яго кіраўніцтвам студыйцы самастойна грыміраваліся да спектакляў.
Добрае валоданне мастацтвам грыму дазваляла артысту ствараць яркія характарныя ролі, спалучаць іх малюнак з псіхалагічнай верагоднасцю, аб чым сведчыць пераканаўчае пераўвасабленне Якава Буракова ў фашысцкага афіцэра Пельцара ў п’есе «Людзі і д’яблы» К. Крапівы (1958). У спектаклі «Трыбунал» А. Макаёнка (1970), пастаўленым у жанры трагікамедыі, вобраз Каменданта, створаны Якавам Бураковым, набываў злавесны сэнс: артыст выкарыстоўваў сатырычныя сродкі, з дапамогай якіх выкрываў злачынную сутнасць і абмежаванасць прадстаўніка «новай» улады. П’еса «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера (1969) прывабіла коласаўцаў сапраўдным гуманізмам, паэзіяй рамантыкі. Твор адкрываў шырокія магчымасці для стварэння буйных драматычных характараў. Маўклівы, жорсткі граф Кент у выкананні Якава Буракова спрыяў стварэнню адпаведнай змрочнай атмасферы ў палацы каралевы Англіі Лізаветы.
У 1980 г. у тэатры імя Я. Коласа адбылася пастаноўка п’есы «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М. Шатрова. У спектаклі, заснаваным на дакументах 1920-х гг., узнікалі вобразы людзей як рэальна існаваўшых, так і створаных фантазіяй драматурга, прысутнасць якіх на сцэне дапамагала больш поўна раскрыць ідэйны змест спектакля. Якаў Буракоў здолеў перадаць маштабнасць сцэнічнага характару, прыналежнасць да канкрэтнай гістарычнай эпохі вобраза старога бальшавіка. Дакладным па мастацкім увасабленні стаў спектакль «Вяселле Крачынскага» А. Сухаво-Кабыліна (1981), вырашаны ў сатырычным, умоўным плане. У фарсавай стыхіі сцэнічнага твора арганічна існаваў Купец – персанаж Якава Буракова. Спектакль «Парог» А. Дударава, пастаўлены на сцэне тэатра ў 1982 г., быў насычаны сапраўдным драматызмам, хваляваў гледача, наводзіў на роздум. Дакладна, у адпаведнасці з драматургічнай структурай п’есы і матывіроўкай паводзін, ролю Міліцыянера сыграў Я. Г. Буракоў. Пластычнасцю, выразным грымам, падкрэслена камедыйнымі рысамі вызначаліся казачныя персанажы, створаныя артыстам: Купец, Страшыдла заморскае («Іван-ды-Мар’я» У. Гольдфельда), Антон («Пунсовая кветачка» І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча).
За сваё доўгае тэатральнае жыццё Якаў Георгіевіч Буракоў сыграў больш за 100 роляў. Сярод найбольш значных: Першы шляхцюк («Несцерка» В. Вольскага), Мацейка («Прымакі» Я. Купалы), Хвайніцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча), Пікалаў («Любоў яравая» К. Транёва) і інш. У 1972 г. Я. Г. Буракову было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.