Дата рождения:
05.08.1946 Валавель, в., Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, педагог, заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2012), прэміі Федэрацы прафсаюзаў Беларусі (2001), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2011)
Имена на других языках:
Мищанчук Владимир Андреевич (русский);
5548 символов
Справка
Яскравай, своеасаблівай старонкай беларускага тэатральнага мастацтва з’яўляецца творчасць заслужанага артыста Беларусі, педагога Уладзіміра Андрэевіча Мішчанчука.
Нарадзіўся ён у в. Валавель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства марыў стаць акцёрам. У 1962 г., скончыўшы школу, паступіў на курсы пры Доме народнай творчасці ў Брэсце на танцавальнае аддзяленне. Потым працаваў харэографам-пастаноўшчыкам у раённым Доме культуры. У 1968 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Акцёр драматычнага тэатра і кіно» (педагогі В. Рэдліх, А. Бутакоў). Быў размеркаваны ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, у 1973 г. прызначаны яго дырэктарам. У 1985 г. У. Мішчанчук пераехаў у Мінск. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце спачатку загадваў кафедрай майстэрства акцёра і рэжысуры, з 1990 г. з’яўляецца дэканам тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1994 г. У. Мішчанчук стаў дацэнтам, у 2000 г. прафесарам. За час працы ў акадэміі ў якасці педагога і мастацкага кіраўніка курсаў ён падрыхтаваў вялікую колькасць спецыялістаў у сферы тэатра, кіно і тэлебачання, якія паспяхова працуюць у творчых калектывах Беларусі, Расіі, Бельгіі, Італіі, Літвы і іншых краін свету. Многія з іх з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Уладзімір Мішчанчук неаднаразова быў старшынёй і членам журы міжнародных і рэспубліканскіх тэатральных конкурсаў і фестываляў прафесійнай і дзіцячай творчасці ў Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Турцыі, Швецыі, Германіі і інш. Ён з’яўляецца членам рэктарата і савета акадэміі, членам вучэбна-метадычнага савета, старшынёй савета тэатральнага факультэта, членам камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Сістэматычна выступае ў перыядычным друку, на Беларускім тэлебачанні і радыё з палемічнымі і інфармацыйнымі паведамленнямі па праблемах і дасягненнях у тэатральным жыцці і аб выхаванні творчай моладзі. Ён таксама з’яўляецца аўтарам вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
За шматгадовае творчае жыццё У. Мішчанчуком сыграна больш за 100 роляў у тэатры, кіно, на тэлебачанні і радыё. Дэбютам для маладога артыста на прафесійнай сцэне стаў вобраз Славы Голубева («Жахлівы стан» Я. Ялунера). Шчыра, па-юнацку ўзрушана герой У. Мішчанчука праходзіць шлях станаўлення, сцвярджае ўласнае я, змагаецца за сваё першае каханне. Па сутнасці, артыст з вялікім энтузіязмам і адказнасцю іграў самога сябе ў прапанаваных абставінах. Наступнай значнай роляй У. Мішчанчука стаў вобраз Януса ў спектаклі «Крымінальнае танга» па п’есе Э. Ранета, дзе, валодаючы яскравай выразнасцю, уменнем пераўвасабляцца, раскрыў глыбокія духоўныя пачуцці чалавека. У музычнай камедыі «Пігмаліён» па п’есе Б. Шоу сыграў ролю Альфрэда Дулітла. Кожны яго выхад на сцэну праходзіць з вялікім поспехам. Персанаж проста зачароўвае гледачоў. Акцёр удыхнуў у вобраз душу і надзяліў персанаж своеасаблівымі ўласцівасцямі. Умела і дакладна знойдзены выразныя дэталі: адмысловая гульня з палкай, якая ў руках нагадвае більярдны кій; непаўторная паходка з неверагоднымі выкрутасамі, скачкамі, трукамі; дакладнае выкананне вакальна-танцавальнага нумара, якое толькі дадае характарнасці персанажу. Адметнай з’яўляецца роля Круціцкага ў спектаклі «Як выходзяць у людзі, альбо На ўсялякага мудраца хапае прастаты». Акцёр здолеў паказаць сакавіты гратэскавы вобраз з дакладным разуменнем асаблівасцей рэжысёрскай інтэрпрэтацыі п’есы. Кожнай ролі аддадзена частка душы і сэрца, розуму і натхнення. Заўсёды дакладна У. Мішчанчук схоплівае сутнасць ролі, характэрныя рысы персанажа, таму створаныя ім вобразы ўражваюць незвычайнай верагоднасцю. Акцёрская палітра папаўнялася цікавымі і разнастайнымі фарбамі – ад глыбокага драматызму да яркай камедыйнасці. Паступова У. Мішчанчук дасягнуў высокага і рэдкага майстэрства імправізацыі. Амаль для кожнай ролі артыст знаходзіў уласцівую толькі пэўнаму характару псіхалагічную матывіроўку, індывідуальны пластычны малюнак, адметную моўную інтанацыю (Быкоўскі, Кутас («Паўлінка», «Прымакі» Я. Купалы), Несцерка (аднайменная п’еса В. Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А. Макаёнка), Кісельнікаў («Багна» А. Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Ларыёсік («Дні Турбіных» М. Булгакава), Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У. Шэкспіра), Дзмітрый Міхайлавіч («Боты на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна), Дзядуля («Стрыптыз» С. Мрожака) і інш.). Паспрабаваў свае сілы і ў кіно. Колькасць фільмаў, у якіх здымаўся артыст, невялікая, але ролі ў іх запамінальныя («Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Маці ўрагану» (1990), «Жартачкі» (1996), «Свежына з салютам» (2001), «На безыменнай вышыні» і «Дзікія звяры свету» (2004), «Глыбокая плынь» (2005) і інш.)
За творчыя поспехі ў развіцці тэатральнага мастацтва У. Мішчанчуку прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Беларусі» (1977). У 2001 г. ён стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У 2012 г. У. Мішчанчуку прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнай дзейнасці ў намінацыі «За выхаванне творчай моладзі». Шматгадовая грамадская дзейнасць акцёра па прапагандзе тэатральнага мастацтва адзначана ордэнам Францыска Скарыны (2011), медалямі, нагруднымі знакамі, а таксама ганаровымі граматамі.