Дата рождения: 02.08.1901
Дата смерти: 08.08.1968
Краткая справка: беларускі і расійскі артыст оперы (бас), заслужаны артыст Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Муромцев Илья Алексеевич (русский);
Ілья Аляксеевіч Мурамцаў нарадзіўся ў сяле Кірушкіна Бугурусланскага раёна Арэнбургскай вобласці (Расія). У 1923 г. пасля дэмабілізацыі паступіў у Самарскі музычны тэхнікум. Праз год таленавіты студэнт быў залічаны ў мясцовую оперную студыю. Для працягу музычнай адукацыі у 1927 г. пераехаў у Ленінград, дзе займаўся ў вядомага педагога С.І. Дзідзурабава і адначасова працаваў у канцэртных арганізацыях горада. Ілья Мурамцаў валодаў басам прыгожага тэмбру, яго творчай індывідуальнасці найбольш адпавядалі партыі характарнага плана: Мельнік («Русалка» А.С. Даргамыжскага), купец Сабакін («Царская нявеста» М.А. Рымскага-Корсакава), князь Грэмін («Яўген Анегін» П.І. Чайкоўскага).
Увосень 1933 г. Ілья Мурамцаў быў запрошаны ў Мінск у якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Дзякуючы саліднаму опернаму рэпертуару таленавіты артыст ужо праз месяц з поспехам выступаў у спектаклях «Царская нявеста» і «Яўген Анегін», рыхтаваў партыю Канчака з оперы «Князь Ігар» А.П. Барадзіна. Сцэнічнае ўвасабленне оперы А.П. Барадзіна (1934) адзначалася маштабнасцю, прадуманасцю масавых сцэн, строгай прастатой. Ілья Мурамцаў, дзякуючы сваім багатым выканальніцкім магчымасцям, стварыў рэалістычны, рэльефна акрэслены, псіхалагічна глыбокі вакальна-акцёрскі вобраз палавецкага хана Канчака. Крытыка таго часу адзначала поўнае супадзенне вобраза Канчака, створанага спеваком, з персанажам, намаляваным кампазітарам. Вельмі спадабаўся мінскім гледачам Ілья Мурамцаў у ролі настаўніка музыкі дона Базіліа ў оперы «Севільскі цырульнік» Д. Расіні. Дзякуючы выдатнаму сакавітаму голасу, характарнай фразіроўцы, добраму грыму артыст выдатна стварыў вобраз хітрага і прадажнага дона Базіліа. Яркі народны характар кучара Сашкі быў выразна абмаляваны артыстам у оперным спектаклі «Ціхі Дон» І. Дзяржынскага (1938).
Шмат сіл і ўмення аддаваў Ілья Мурамцаў рабоце над ролямі ў першых беларускіх операх «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага і «У пушчах Палесся» А. Багатырова (абедзве 1939 г.). У оперы «Міхась Падгорны» артыст выконваў ролю бальшавіка-падпольшчыка Анішчука. Прастата і хвалюючая насычанасць вобраза ў выкананні І. Мурамцава спадабаліся і крытыцы, і гледачам. Новым поспехам стала для артыста выкананне ролі дзеда Тараса – адной з галоўных партый гераічнай драмы А. Багатырова «У пушчах Палесся». Благародная стрыманасць, сапраўдная жыццёвая мудрасць вызначалі створаны спеваком абагульнены вобраз Тараса – селяніна-палешука, кіраўніка партызанскага атрада. Беларускія оперныя спектаклі «Міхась Падгорны» і «У пушчах Палесся» з вялікім поспехам ішлі на сцэне Вялікага тэатра СССР у дні Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940).
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ілья Мурамцаў з групай салістаў Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР працаваў у Вялікім тэатры СССР, уваходзіў у склад групы беларускіх выканаўцаў, якая давала канцэрты ў воінскіх часцях, шпіталях, на заводах і чыгуначных станцыях. Рэпертуар вядучых артыстаў уключаў народныя песні, рамансы, найбольш папулярныя фрагменты з беларускіх опер. У 1942 г. артысты трупы Беларускага тэатра оперы і балета перабраліся ў г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад, Расія) і пачалі працаваць у Горкаўскім оперным тэатры імя А.С. Пушкіна. З дапамогай артыстаў Горкаўскага тэатра была пастаўлена опера «Яўген Анегін» П.І. Чайкоўскага, у якой адну з вядучых партый выконваў І.А. Мурамцаў. З ліпеня 1942 г. да сярэдзіны чэрвеня 1943 г. Ілья Мурамцаў уваходзіў у склад творчага калектыву опернага тэатра, які вёў актыўную канцэртную дзейнасць па абслугоўванні шпіталяў Горкага, Дзяржынска, Багародска. Разам з франтавой канцэртнай брыгадай пад кіраўніцтвам І. Балоціна артыст выступаў у канцэртах для чырвонаармейцаў Калінінскага фронту. З канца 1943 г. Ілья Мурамцаў прымаў удзел у канцэртах для байцоў Першага Беларускага фронту і жыхароў вызваленых гарадоў Беларусі.
Увосень 1944 г. тэатральная трупа вярнулася ў Мінск. Знамянальнай падзеяй у гэты час стала прэм’ера оперы «Алеся» Я. Цікоцкага, якая адбылася 24 снежня 1944 г. Твор быў прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, гераізму беларускага народа. Дэталізаванасцю, багатай на розныя псіхалагічныя штрыхі, адрознівалася трактоўка І. Мурамцавым вобраза Данілы, бацькі галоўнай гераіні. Опера Я. Цікоцкага мела некалькі рэдакцый (1947, 1949, 1953, 1967). Ілья Аляксеевіч выконваў партыю Данілы яшчэ ў дзвюх з іх: у лістападзе 1947 г. і ў красавіку 1949 г.
Пераканаўча і на высокім вакальным узроўні стварыў Ілья Мурамцаў партыю ключніка Скалубы ў оперы «Страшны двор» С. Манюшкі (1952). Цэласнасцю ў вакальных і акцёрскіх адносінах адрозніваюцца вобразы, створаныя артыстам на беларускай сцэне: Чуб («Чаравічкі» П. Чайкоўскага), Cтары цыган («Алека» С. Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фаўст» Ш. Гуно) і інш.
Творчасць Ільі Мурамцава атрымала прызнанне прыхільнікаў опернага мастацтва. Артыст удала стварыў цэласныя ў вакальных і акцёрскіх адносінах партыі оперных персанажаў, унёс значны ўклад у развіццё беларускай опернай школы. Уважлівая штодзённая работа над ролямі дала плён: у 1938 г. Ілья Аляксеевіч Мурамцаў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны артыст БССР», быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Да 1952 г. Ілья Аляксеевіч працаваў у Дзяржаўным Вялікім тэатры оперы і балета БССР, да 1968 г. – у оперных тэатрах Расіі і Азербайджана.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.