Незабітоўскі (Незабытоўскі) Станіслаў Прэцлаў, сын Мікалая
Дата рождения:
24.09.1641 Ятра, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
11.11.1717
Краткая справка:
мемуарыст, успаміны якога з'яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі і Літвы канца ХVІІ ст., дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч
Варианты имени:
Незабытоўскі Станіслаў Прэцлаў
Имена на других языках:
Незабытовский Станислав (русский);
1683 символа
Справка
Беларускі мемуарыст, дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч Незабітоўскі (Незабытоўскі) Станіслаў Прэцлаў нарадзіўся ў мястэчку Ятра Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Ятра Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям'і. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме (1649). Доўгі час жыў у Слуцку. Служыў у Б. Радзівіла, з 1661 г. пры яго двары ў Караляўцы (Кёнігсбергу) і двары яго жонкі ў г. Мітава. Пасля смерці магната кіраваў (з К.К.Клакоцкім і В.Сяніцкім) маёнткамі яго дачкі Л. К. Радзівіл. З 1682 г. з'яўляўся генеральным эканомам і губернатарам Слуцкага і Капыльскага княстваў. Перайшоў з каталіцтва ў кальвінізм. Некалькі разоў выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Каля 1676 г. атрымаў ганаровы тытул падчашага калішскага. Валодаў маёнткамі Ятра ў Навагрудскім павеце, Смолеча і Казлоўшчына ў Лідскім павеце, Прусы і Грозава ў Слуцкім княстве, Свіслач у Мінскім павеце.
Выконваючы абавязкі адміністратара, С. Незабітоўскі ездзіў па Беларусі, Літве, Польшчы, Прусіі і Сілезіі. Сістэматычна вёў дзённік, куды запісваў свае назіранні, уражанні, розныя падзеі і факты. Рукапіс памерам каля 900 старонак з'яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі грамадска-палітычнага і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца ХVІІ ст. Захаваліся запісы за 1682–1700 гг. (копія ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве; урыўкі за 1695–1700 апублікаваў А.Сайкоўскі ў Познані ў 1998 г.). Збераглася вялікая эпісталярная спадчына С. Незабітоўскага (больш за 600 лістоў да розных асоб), што захоўваецца ў Радзівілаўскім архіве ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.