Буйнейшым майстрам беларускай опернай сцэны быў народны артыст Беларусі і СССР Аркадзь Маркавіч Саўчанка, які стварыў шэраг індывідуальных і па-свойму абаяльных вобразаў, заваяваў прыхільнасць слухачоў непаўторным голасам, адточаным вакальным майстэрствам і цудоўным артыстызмам.
Нарадзіўся ён у Віцебску. У 1960 г. скончыў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага. У гэтым жа годзе яго запрасілі працаваць у Дзяржаўны Вялікі тэатр оперы і балета БССР. З беларускай опернай сцэнай звязана больш за 40 гадоў творчага жыцця А. Саўчанкі. Упершыню выступіў у партыі Фігара ў спектаклі «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні. Артыст стварыў абаяльны вобраз вясёлага, гаваркога, жыццярадаснага і дасціпнага прыгажуна. Пачынаў свой творчы шлях спявак з невялікіх партый – Маралеса ў «Кармэн» Ж. Бізэ, суддзі ў «Балі-маскарадзе» Дж. Вердзі, Фіярэлы ў «Севільскім цырульніку» Дж. Расіні. Штодзённыя заняткі па тры-чатыры гадзіны, праца над кожнай фразай, асэнсаванне вобраза, пошук для кожнай ролі новых фарбаў не толькі ў акцёрскім выкананні, але і вакальным дапамаглі дасягнуць вышыні. Шчырасць, надзвычайная чалавечнасць, жыццёвая праўда – асноўныя рысы яго персанажаў. Цудоўны, незабыўны вобраз Анегіна стварыў артыст у аднайменнай оперы «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага. На працягу спектакля ён то ганарлівы, недаступны, упэўнены ў сабе свецкі прыгажун, то пакутнік, які страціў розум ад кахання, расчараваны ад перажытага. Вельмі прывабным, мяккім, лірычным быў яго Максім Багдановіч у оперы «Зорка Венера» Ю. Семянякі. У вобразе паэта асабліва праявіліся яркая музычнасць, натхнёнасць акцёра. Бясспрэчным поспехам была партыя Дон Жуана ў аднайменнай оперы «Дон Жуан» В. А. Моцарта. З сапраўдным рамантычным тэмпераментам і драматычным майстэрствам артыст стварыў вобраз жыццелюбівага, моцнага і смелага Дон Жуана. Зграбная пластыка сцэнічнага аблічча героя оперы, бліскучыя вакальныя знаходкі, чысціня інтанавання і дакладнае адчуванне рытму і формы зрабілі гэту ролю А. Саўчанкі цэнтральнай і ў сцэнічнай трактоўцы оперы. Гэта была першая пастаноўка твора В. А. Моцарта на беларускай сцэне, цікавая, сур’ёзная.
Вяршыняй творчасці А. Саўчанкі стала партыя Рыгалета ў аднайменнай оперы «Рыгалета» Дж. Вердзі. Дакладнымі вакальнымі і акцёрскімі штрыхамі вымалёўваў ён трагічны і неадназначны вобраз свайго героя. Пры выкананні партыі галоўнага героя Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера) артыст стварыў цэласны вобраз мужнага салдата, прасякнуты глыбокім лірычным пачуццём, шчырасцю і чалавечым цяплом. Высокая вакальная культура саліста дала магчымасць перадаць усе асаблівасці музычнай мовы персанажа, якая спалучае ў сабе меладычную распеўнасць і беларускую песеннасць. Вакальнае інтанаванне А. Саўчанкі вабіла імкненнем да дасягнення музычна-драматычнай праўды. Бездакорна ім была выканана на беларускай сцэне роля князя Андрэя ў оперы «Вайна і мір» С. Пракоф’ева. Артыст стварыў складаны і валявы вобраз, духоўна і інтэлектуальна багаты. Раскрыў свайго героя ва ўсёй паўнаце драматургічнага развіцця.
Валодаючы мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вакальнай тэхнікай, майстэрствам сцэнічнага пераўвасаблення А. Саўчанка стварыў на опернай сцэне шэраг запамінальных рознахарактарных вобразаў. Яму былі ўласцівы ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вакальнага і сцэнічнага бакоў ролі, глыбокае спасціжэнне логікі развіцця характараў герояў. Артыст выконваў самыя розныя партыі ў класічных і сучасных операх: Ялецкі, Томскі («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С. Манюшкі), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні), Валянцін («Фаўст» Ш. Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В. А. Моцарта), Аманасра, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон, Рэната («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж. Вердзі), Фердынанд («Заручыны ў манастыры» С. Пракоф’ева), князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна) і інш. Для кожнай з іх А. Саўчанка знаходзіў незвычайныя фарбы, нюансы. Сярод партый нацыянальнага рэпертуару – Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я. Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А. Туранкова), Лявон Бурак, Міхал («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю. Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Д. Смольскага), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С. Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я. Глебава). Таксама А. Саўчанка выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Г. Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К. Цесакова, Францыска Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Д. Смольскага і інш. У 1996 г. пра жыццё і творчасць спевака зняты дакументальны фільм «Опера». 20 кастрычніка 2006 г. у Мінску на доме № 39 на праспекце Пераможцаў, дзе доўгі час жыў выдатны дзеяч беларускага опернага мастацтва, адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.