Аляксей Андрэевіч Цароў нарадзіўся ў Расіі, скончыў студыю пры знакамітым Новасібірскім тэатры «Чырвоны факел» (цяпер Новасібірскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр «Чырвоны факел»), з 1940 г. працаваў у ім. Яго педагогамі былі В. Рэдліх і М. Севераў (дарэчы, Вера Паўлаўна Рэдліх у 1960–1965 гг. працавала рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) і выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў)).
Творчыя планы акцёра перапыніла вайна. Аляксей Андрэевіч служыў у радах Чырвонай Арміі, прымаў удзел у баявых дзеяннях, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. З 1947 г. працаваў у Кемераўскім драматычным тэатры (цяпер Кемераўскі абласны тэатр драмы імя А.В. Луначарскага). У 1953 г. трапіў на Беларусь у Гродзенскі абласны драматычны тэатр, дзе стварыў шэраг запамінальных сцэнічных вобразаў, якія вызначаліся ўнутранай дынамікай, дакладнасцю дэталяў, шчырасцю і верагоднасцю.
У 1963 г. Гродзенскі тэатр прапанаваў гледачам спектакль «Палата» С. Алёшына. Асноўны акцэнт пастаноўкі рабіўся на выяўленне думак, жыццёвых пазіцый герояў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іх поглядаў на дабро і зло. Бальнічная палата станавілася месцам дзеяння, месцам духоўнай праверкі людзей. А. Цароў, выканаўца ролі настаўніка Цярохіна, раскрыў духоўны свет свайго героя, выявіў яго маральную стойкасць і гуманізм.
У 1965 г. тэатрам была пастаўлена п'еса П. Чараднічэнкі «Дачка Расіі», якая расказвала аб падзеях, якія адбываліся ў Расіі і Заходняй Еўропе напярэдадні і ў дні Парыжскай камуны. Факталагічная аснова п'есы, сапраўднасць персанажаў вымагалі творчай патрабавальнасці, грамадзянскай адказнасці і мастацкай пераканаўчасці. У спектаклі ярка праявілася акцёрская індывідуальнасць А. Царова праз створаны ім вобраз палкоўніка Гаманоўскага.
Спектакль «Алека Дундзіч» М. Каца і А. Ржашэўскага (1967) вызначаўся высокім накалам пачуццяў і маштабнасцю дзеяння. Адной з акцёрскіх удач пастаноўкі стала роля сербскага афіцэра Ходжыча ў выкананні А. Царова.
Важнай падзеяй для тэатра стала пастаноўка ў 1976 г. камедыі К. Крапівы «Мілы чалавек». Рэжысёр У. Караткевіч скіраваў увагу акцёраў на выкрыццё хабарніцтва, дзяляцтва. Рэцэнзенты адзначалі створаны А. Царовым маляўнічы вобраз кліента, які падаваўся з патрэбнай мерай гратэску.
Поспех у гледача меў спектакль «Ноч пасля выпуску» (1978) паводле аповесці У. Цендракова. Твор расказваў пра адносіны настаўнікаў і вучняў, у якіх падчас выпускнога балю нечакана адбылася бескампрамісная размова аб жыцці. Персанаж А. Царова – дырэктар школы Іван Ігнацьевіч – атрымаўся вельмі пераканаўчым.
Сярод іншых яркіх акцёрскіх работ А. Царова ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры: Крысюкевіч («Пад зоркамі» паводле П. Пестрака), Кічкайла («Амністыя» М. Матукоўскага), Цярэшка («Трыбунал» А. Макаёнка), Кулыгін («Тры сястры» А. Чэхава), Пётр («Улада цемры» Л. Талстога), капітан Сахараў («Порт-Артур» паводле А. Сцяпанава), Кулігін («Навальніца» А. Астроўскага), Шалімаў («Дачнікі» М. Горкага), Альмавіва («Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ), граф Федэрыка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш.
У 1968 г. Аляксей Андрэевіч Цароў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны артыст Беларусі». Памяць аб ім клапатліва захоўвавецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.