Дата рождения: 05.04.1921
Дата смерти: 22.02.2008
Краткая справка: рэжысёр, які пэўны час быў галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны (1984)
Имена на других языках: Эрин Борис Владимирович (русский);
Барыс Уладзіміравіч Эрын нарадзіўся ў Маскве. З красавіка 1942 г. да ліпеня 1944 г. ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, быў двойчы паранены.
У кастрычніку 1944 г. вытрымаў уступныя экзамены ў тэатральнае вучылішча імя М.С. Шчэпкіна (цяпер Вышэйшае тэатральнае вучылішча (інстытут) імя М.С. Шчэпкіна), пасля заканчэння якога паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт тэатральнага мастацтва), які закончыў у 1953 г. Працаваў рэжысёрам Свярдлоўскага драматычнага тэатра (цяпер Свярдлоўскі акадэмічны тэатр драмы), потым – галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком акадэмічных тэатраў імя Лесі Украінкі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр рускай драмы імя Лесі Украінкі, Кіеў). У кожным тэатры ён заўсёды знаходзіў акцёраў, якія найбольш дакладна ўвасаблялі яго рэжысёрскія задумы, захоўваючы пры гэтым сваю індывідуальнасць.
У 1957 г. Барыс Уладзіміравіч прыйшоў у Беларускі тэатр імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр Янкі Купалы). Першай пастаноўкай на сцэне Купалаўскага тэатра стала п'еса Г. Фігейрэду «Ліса і вінаград». Рэжысёр і калектыў выканаўцаў стварылі страсны, хвалюючы, актуальны сцэнічны твор. Своеасаблівасць п'есы – яе абстрактныя алегорыі з прарывамі ў вострую надзённасць, свядомае ігнараванне гістарычнай і бытавой верагоднасці падзей, афарыстычнасць мовы герояў – запатрабавала ад пастаноўшчыка своеасаблівых сцэнічных прыёмаў. Асноўная ўвага рэжысёра была накіравана на тое, каб данесці да гледача самае запаветнае, што закладзена ў гэтым творы, – ідэю свабоды. У 1957 г. на Усесаюзным фестывалі драматычных тэатраў спектакль «Ліса і вінаград» атрымаў дыплом І ступені.
Да найбольш цікавых пастановак п'ес зарубежных драматургаў адносіцца спектакль «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, пастаўлены Б. Эрыным у 1958 г. Гэты твор арыгінальны як па задуме, так і па мастацкім увасабленні. Рэжысёр глыбока зразумеў сацыяльны і філасофскі сэнс гэтага твора і пераканаўча ўвасобіў яго на сцэне. Спектакль вызначаўся лаканічнасцю рэжысёрскай мовы, яснасцю формы, абагульненасцю характараў. Дарэчы, п'еса «Забыты ўсімі» ўпершыню ўбачыла святло рампы менавіта на сцэне Купалаўскага тэатра.
Сур'ёзны поспех спадарожнічаў драматургу А. Макаёнку і купалаўцам у спектаклі «Лявоніха на арбіце» (1961) у пастаноўцы Б. Эрына. Дзякуючы яркім сцэнічным характарам пастаноўка была з цікавасцю сустрэта гледачом.
У 1965 г. упершыню за сваю гісторыю тэатр імя Я. Купалы звярнуўся да драматургіі Л. Лявонава, прычым Б. Эрын узяў адну з самых складаных яго п'ес – «У мяцеліцу». Рэжысёр убачыў філасофскі сэнс аўтарскага мыслення, раскрыў метафарычнасць твора, гістарычную праўду, якая даследуецца драматургам на кантрастных супастаўленнях герояў, іх псіхалогіі. Спектакль прывабліваў эмацыянальным напружаннем.
У спектаклях «Чацвёрты» К. Сіманава (1962) і «Дзівак» Назыма Хікмета (1964) атрымала пераканаўчае ўвасабленне думка пра перамогу чалавечага духу над слабасцю і кампрамісам.
Сур'ёзнай работай Купалаўскага тэатра, якая стала сапраўднай школай майстэрства для ўсяго творчага калектыву, з'явілася пастаноўка Б. Эрыным у. п'есы М. Горкага «На дне» (1968). Зыходзячы з аўтарскай канцэпцыі, рэжысёр сканцэнтраваў асноўную ўвагу на сацыяльных і філасофскіх праблемах, вылучыўшы з іх праблему сапраўднага і ўяўнага гуманізму. У спектаклі арганічна спалучаецца сацыяльна-бытавая аснова характараў з іх мастацкай і філасофскай абагульненасцю.
У 1976 г. Б. Эрын паставіў п'есу І. Эркеня «Гульня з кошкай». У спектаклі сцвярджалася думка аб тым, што па-сапраўднаму духоўны чалавек, нягледзячы на розныя абставіны, заўсёды знойдзе сілы не страціць веру ў жыццё, захаваць чуласць, дабрату, спагаду да людзей.
Адметнае гучанне на сцэне Купалаўскага тэатра набыў спектакль «Вечар» па п'есе А. Дударава (1984). У суладдзі з прапанаванымі абставінамі выканаўцы літаральна пражывалі жыццё сваіх персанажаў, зачароўвалі сапраўднасцю народных характараў, сілай пачуццяў.
Сярод лепшых пастановак Б. Эрына ў тэатры імя Я. Купалы: «Трэцяя патэтычная» М. Пагодзіна (1959), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А. Астроўскага (1962), «Людзі на балоце» паводле І. Мележа і інш. Пастаноўкі Б. Эрына вызначаліся тонкім разуменнем стылю п'есы, глыбокім псіхалагічным аналізам і завостранасцю сацыяльных характарыстык вобразаў, гарманічнай злітнасцю ўсіх кампанентаў спектакля, акцэнтаваннем акцёрскай ігры. Менавіта на акцёрах засяроджвалася ўся структура спектакля. Прынцыповым элементам структуры з'яўляўся акцёрскі ансамбль пры акцэнтаванні ўвагі на акцёрскай асобе. Б. Эрын – прызнаны майстар сцэнічнага пераўтварэння мастацкіх вобразаў. Яго адметныя спектаклі ў тэатры імя Я. Купалы ўвайшлі яркай старонкай у гісторыю беларускага тэатральнага мастацтва.
Шэраг спектакляў паставіў Б. Эрын у Коласаўскім тэатры (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). Найбольш значным у ідэйна-мастацкіх адносінах атрымаўся спектакль «Клоп» паводле У. Маякоўскага. Рэжысёр вырашыў спектакль у жанры феерычнай камедыіі, дзе кожны персанаж у сваёй сатырычна завостранай характарыстыцы набываў рысы абагульненасці, тыповасці. Выканаўцы шырока выкарыстоўвалі элементы і трукі цыркавой клаўнады, публіцыстычныя прыёмы «сіняй блузы», пластыку пантамімы. Акцёры ігралі раскавана і імправізацыйна. Гратэскава сыграныя сцэны вынаходліва аб'ядноўваліся рэжысёрам у яркае тэатральнае відовішча.
Значны поспех прынесла Коласаўскаму тэатру пастаноўка спектакля «Улада цемры» паводле Л. Талстога (1969). Свае намаганні Б. Эрын засяродзіў на дакладным прачытанні драмы з народнага жыцця, на даследаванні зыходных прычын, якія прывялі простых, добрых людзей да страты маральнасці, а ў выніку – да трагічнага фіналу. Спектакль узнімаў вечныя пытанні дабра, зла, сумлення, годнасці, асабістай адказнасці чалавека за свае ўчынкі.
Праблема станаўлення маладой асобы, выбар чалавекам свайго жыццёвага шляху стаялі ў цэнтры спектакля «Не трывожся, мама!..» паводле Н. Думбадзэ (1972). Рэжысёр і акцёры здолелі па-мастацку асэнсаваць хвалюючыя праблемы маладога пакалення. Звернуты ў асноўным да моладзі, спектакль ненадакучліва, без дыдактыкі заклікаў уважліва агледзецца навокал, задумацца над маральным абавязкам чалавека і грамадзяніна.
У тэатры імя Я. Коласа Б. Эрын паставіў таксама спектаклі «А досвіткі тут ціхія...» (1971) і «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1978) паводле Б. Васільева, «Укралі кодэкс» па п'есе А. Петрашкевіча (1976), «Вяселле Крачынскага» па п'есе А. Сухаво-Кабыліна (1981), «Востраў Алены» па п'есе Я. Шабана (1982), «Без віны вінаватыя» па п'есе А. Астроўскага (1985), «ЧП-1» і «ЧП-2» (па п'есе М. Гогаля «Рэвізор», 1992) і інш.
Барыс Уладзіміравіч супрацоўнічаў таксама з Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача. У 1975 г. рэжысёр паставіў на яго сцэне спектакль па п'есе маладога беларускага драматурга Я. Шабана «Сіні снег». Спектакль у строгай, матэматычна выверанай рэжысуры Б. Эрына з даверлівай праматой раскрывае на сцэне складанасць, драматызм першых самастойных крокаў маладога чалавека ў жыцці.
У 1976 г. на сцэне ТЮГа адбылася прэм'ера спектакля «Дванаццатая ноч» па п'есе У. Шэкспіра. Праз псіхалагічна дакладныя сцэнічныя вобразы перадавалася сутнасць свету рамантычнага кахання і свету зямной весялосці, вызначаліся кропкі іх судакранання. У Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача Б. Эрын паставіў таксама спектакль «Нахалёнак» паводле М. Шолахава (1980).
У сваіх спектаклях Барыс Уладзіміравіч засяроджваўся на акцёрах. Усё астатняе было другасным. Рэжысёр выцягваў з акцёра ўсё, што было патрэбна для сцэны і спектакля, усё, што можна было выцягнуць. Бо менавіта сутнасць персанажа як чалавека, сутнасць душы персанажа ў будзённых, неэкстрэмальных абставінах была галоўнай мэтай яго пастановак. Рэжысёр лічыў, што для акцёра галоўнае – не атрымаць ролю, а стварыць яе, што гэта – заўсёды выпрабаванне, што акцёру патрэбны густ, розум і адмысловая тэхніка. Б. Эрын ствараў не тып, ён вылучаў сутнасць чалавека, нібыта матэрыялізуючы праз драматургію характар персанажа як нейкую самастойную энергетычную субстанцыю.
Барыс Эрын на працягу свайго творчага жыцця не аддаваў перавагу аднаму-адзінаму тэатру з нязменнай трупай акцёраў. Бяда гэта, ці наадварот, перавага свайго роду? Ён шчодра дзяліўся сваім талентам, сваім вопытам з акцёрамі розных тэатраў, шматлікіх гарадоў. І яны ўдзячныя яму за гэта.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.