Дата рождения:
03.06.1786 Жалудок, г. п., Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
28.03.1853 Паставы, г., Віцебская вобласць
Краткая справка:
даследчык фаўны Беларусі, заснавальнік беларускай арніталогіі, аўтар звыш 50 навуковых прац, якія і цяпер не страцілі свайго значэння, стваральнік першага ў Беларусі арніталагічнага музея ў Паставах
Варианты имени:
Тызенгаўз Канстанцін ; Тызенгаўзен фон Канстанцін
Имена на других языках:
Tyzenhauz Konstanty (польский); Тизенгауз Константин Игнатович (русский);
4907 символов
Справка
Вядомы натураліст, заснавальнік беларускай арніталагічнай навукі Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці). Паходзіў са шляхецкага роду. Яго бацька – шэф літоўскай гвардыі – з’яўляўся пляменнікам славутага графа А. Тызенгаўза, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Пачатковую адукацыю К. Тызенгаўз атрымаў у Варшаве, потым вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Віленскім універсітэце. У час вайны 1812 г. быў у складзе арміі Напалеона, прымаў удзел у баях за Вільню, Мінск, у бітве пад Лейпцыгам. У 1814 г. выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Паставах і дабудаваў палац, узвядзенне якога ў сярэдзіне XVIII ст. пачаў А. Тызенгаўз. У яго залах размясціў карцінную галерэю, дзе былі сабраны шэдэўры вядомых майстроў жывапісу Італіі, Францыі, Галандыі, Германіі, Аўстрыі, а таксама творы мастакоў з Польшчы, Літвы і Беларусі. У палацы знаходзіліся вялікая бібліятэка, што складалася з кніг па арніталогіі, а таксама рэдкіх помнікаў польскага пісьменства, каштоўныя гравюры і сямейны архіў (збіраўся з ХІІІ ст.).
Галоўнай справай К. Тызенгаўза ў Паставах стала праца ў галіне арніталогіі, якой вучоны прысвяціў усё сваё жыццё. Тэрыторыя ад Нарачанскіх азёр на поўдні да Браслаўскіх азёр на поўначы, Віленскі край, Гродзеншчына і Піншчына былі месцамі асноўных яго даследаванняў. Пазней К. Тызенгаўз наладжваў экспедыцыі ў многія рэгіёны свету і сам прымаў у іх удзел. Ён вывучаў птушак у Карпатах, Бесарабіі, на ўзбярэжжы Чорнага мора. У 1829 і 1844 гг. пабываў у Парыжы і Вене, у 1841 г. у Дрэздэне, Мілане і Венецыі, у 1851 г. наведаў Берлін. За няпоўныя 40 гадоў вучоны сабраў вялікую калекцыю, якая складалася з некалькіх тысяч узораў птушак і значнай колькасці птушыных яек з Беларусі, Літвы, Украіны і іншых краін свету, і стварыў у Паставах арніталагічны музей. У 1856 г. (праз тры гады пасля смерці вучонага) яго сын Р. Тызенгаўз перадаў экспанаты Віленскай археалагічнай камісіі. Пасля яе закрыцця ў 1864 г. большая частка калекцыі была вывезена ў Расію. У нашы дні рэшткі былога Пастаўскага заалагічнага музея знаходзяцца ў Вільнюсе і Рокішкісе (Літва) і налічваюць 770 адзінак. Каля 300 з іх размешчаны ў заалагічным музеі Вільнюскага ўніверсітэта.
Канстанцін Тызенгаўз з’яўляўся членам многіх навуковых таварыстваў Варшавы, Кракава, Вільні, Рыгі, Дрэздэна, Парыжа. Ён напісаў больш за 50 прац, сярод якіх – «Вывучэнне савы лапланскай (мшарнай), выяўленай у Літве» (1820), «Агульныя назіранні за шкоднымі для пасеваў вусенямі» (1838), «Назіранне за некаторымі відамі рыб у Літве» і «Асновы арніталогіі, або Навука пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1842–1846), «Каталог птушак і млекакормячых Еўрапейскага рэгіёна» (1848) і інш. Работамі К. Тызенгаўза карысталіся вядомыя заолагі А. Брэм, І. Наўман, М. Мензбір і іншыя навукоўцы XIX – пачатку XX ст. Найбольшую каштоўнасць у яго спадчыне ўяўляюць звесткі аб складзе фаўны Беларусі. Вучоны-біёлаг В. Грычык адзначае, што «…менавіта гэтаму чалавеку навука абавязана першымі па-сапраўднаму навуковымі звесткамі аб прыродзе і, у прыватнасці, жывёльным свеце Беларусі»*. Канстанцін Тызенгаўз заўважыў шматлікія адмоўныя з’явы ў стане жывёльнага свету: скарачэнне колькасці і арэолу белай курапаткі, частковае ці поўнае знікненне мядзведзя, расамахі, собаля. Важным для навукі з’яўляюцца даныя аб вясновым прылёце і гнездаванні ў ваколіцах Пастаў сокала-сапсана, беркута, залацістага сяўца, мухалоўкі-белашыйкі, сініцы-князька і іншых птушак. У працах даследчыка сустракаюцца этнаграфічныя звесткі і народныя павер’і, звязаныя з жывёламі і птушкамі.
Незадоўга да смерці К. Тызенгаўз пачаў выдаваць у Парыжы апісанне яек усіх птушыных парод паўночна-заходніх абшараў Расійскай Імперыі. Аднак гэта праца засталася незавершанай: вучоны памёр 28 сакавіка 1853 г. у Паставах і быў пахаваны ў радавым склепе касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку. Яго сын даручыў спецыялістам закончыць незавершаныя матэрыялы. У 1862 г. у Варшаве на польскай і французскай мовах з дадаткам (170 медных каляровых табліц) выйшла «Аалогія птушак польскіх». Тэкст да гэтага выдання быў падрыхтаваны польскім арнітолагам У. Тачаноўскім.
Да апошніх дзён жыцця К. Тызенгаўз служыў навуцы. Ён пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну, якой цікавяцца не толькі даследчыкі прыроды, але і прыхільнікі беларускай культуры. У 2006 г. у Беларусі шырока адзначалася 220-годдзе з дня нараджэння славутага вучонага, і 2 верасня, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, у Паставах адбылося адкрыццё помніка К. Тызенгаўзу (скульптар А. Шомаў). 18 лістапада 2007 г. на будынку касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар заснавальніка беларускай арніталогіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.
* Біялогія: праблемы выкладання. 1996. Вып. 2. С. 26.