Дата рождения:
16.01.1826 Шастакова, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
05.08.1864
Краткая справка:
ваенны дзеяч, генерал, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Польшчы
Псевдонимы:
Кракоўскі
Имена на других языках:
Traugutt Romuald (польский); Траугутт Ромуальд Людвикович (русский);
3594 символа
Справка
Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Польшчы Рамуальд Людвікавіч Траўгут нарадзіўся ў в. Шастакова Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у незаможнай дваранскай сям'і. Хлопчыку было ўсяго два гады, калі памерла маці. У дзесяцігадовым узросце паступіў у Свіслацкую гімназію, якую скончыў ў 1842 г. з сярэбраным медалём. Схільнасці да матэматыкі і малявання прадвызначылі выбар прафесіі. Было вырашана, што юнак стане ваенным інжынерам. Аднак у Пецярбургскую інжынерную акадэмію паступіць не змог. Вымушаны быў пайсці служыць юнкерам у сапёрны батальён, які знаходзіўся каля Варшавы. Прафесія афіцэра давалася яму нялёгка. Першае воінскае званне прапаршчыка Р. Траўгут атрымаў толькі пасля трох гадоў службы. У 1849 г. батальён у складзе дзеючай арміі быў накіраваны на падаўленне венгерскай рэвалюцыі. У 1853 г. удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Дунайскіх княствах. У сакавіку 1854 г. паручнік Р. Траўгут узводзіў пад абстрэлам туркаў пазіцыі батарэй і пераправы на Дунаі. Потым прымаў удзел у Крымскай вайне, абароне Севастопаля. У 1855 г. кіраваў дзеяннямі на абарончай лініі горада. Летам 1855 г. Р. Траўгута перавялі ў Харкаў у галоўны штаб Паўднёвай арміі. Тут ён прызначаны армейскім казначэем, а праз некаторы час старшым ад'ютантам. У 1859 г. быў адкамандзіраваны ў распараджэнне корпуса ваенных інжынераў, дзе атрымаў накіраванне ў Санкт-Пецярбург у Тэхнічную гальванічную ўстанову. У 1862 г. у чыне інжынер-палкоўніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў наследаваным маёнтку Востраў Кобрынскага павета, дзе працягваў займацца навуковымі даследаваннямі. Так пачаўся новы этап у жыцці Р. Траўгута. Жыццё ў палескай вёсцы цякло спакойна і павольна, пакуль сюды не дайшлі водгукі паўстання. Да Р. Траўгута звярнуліся з просьбай прыняць камандаванне паўстанцкім атрадам Кобрынскага павета. Перспектывы паўстання ён ацэньваў вельмі песімістычна, але як патрыёт згадзіўся на прапанову. Падзяляючы імкненні да нацыянальнага вызвалення, лічыў паўстанне рызыкоўным і непадрыхтаваным. У складзе атрада са 160 чалавек былі чыноўнікі, шляхта, невялікая колькасць памешчыцкіх служачых і сялян. Рамуальд Траўгут, які выступіў пад псеўданімам Кракаўскі, быў суровым камандзірам, патрабаваў жалезнай дысцыпліны, строга караў за расхлябанасць. Праз два тыдні пасля арганізацыі атрада ён падвергнуўся нападу царскіх войск. У баях з карнікамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрвені 1863 г. разам з Брэсцкім атрадам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўночную Валынь. Баі былі няроўнымі. Пасля аднаго з іх Р. Траўгут распусціў знясілены атрад і аддаў загад невялікімі групамі прабірацца ў Берасцейскі і Кобрынскі паветы, каб далучыцца да іншых атрадаў. А сам (паранены і цяжка хворы) застаўся ў маёнтку Людвінова, дзе яго лячыла і даглядала жонка ўладальніка маёнтка Э. Ажэшка. У ліпені 1863 г. з яе дапамогай выехаў у Варшаву. Нацыянальны паўстанцкі ўрад прысвоіў яму званне генерала. У гэтым чыне Р. Траўгут быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. У кастрычніку 1863 г. узначаліў Нацыянальны ўрад у Варшаве, фактычна стаў дыктатарам паўстання. Ён шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сацыяльную базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзброеныя сілы.
Паўстанне было падаўлена. Вясной 1864 г. па даносе Р. Траўгут быў арыштаваны і паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вялікую Айчынную вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Р. Траўгута. У г. Свіслачы Гродзенскай вобласці ў 1928 г. яму пастаўлены помнік, які ў 1989 г. быў адноўлены.