Дата рождения:
12.01.1896 Добруш, г., Гомельская вобласць
Дата смерти:
28.09.1964
Краткая справка:
вучоны ў галіне земляробства, член-карэспандэнт НАН Беларусі, узнагароджаны ордэнам Леніна (1951), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1946, 1948), медалямі
Имена на других языках:
Чижевский Михаил Григорьевич (русский);
3305 символов
Справка
Вядомым вучоным у галіне земляробства быў Міхаіл Рыгоравіч Чыжэўскі, які сваёй дзейнасцю аказаў вялікі ўплыў на развіццё аграрнай навукі і сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі.
Нарадзіўся ён у г. Добруш Гомельскай вобласці. У 1923 г. скончыў Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію імя К. А. Ціміразева. У гэтым жа годзе быў пакінуты ў акадэміі ў якасці практыканта, пазней залічаны аналітыкам у лабараторыю глебазнаўства. У наступныя гады М. Р. Чыжэўскі з'яўляўся асістэнтам на кафедры глебазнаўства, а ў 1929 г. зацверджаны дацэнтам гэтай жа кафедры. Ён удзельнічаў у шэрагу экспедыцый па розных раёнах краіны, што дазваляла знаёміцца з прыроднымі і эканамічнымі ўмовамі Беларусі. У 1934 г. атрымаў званне прафесара. Адначасова з працай у Маскоўскім інстытуце аграхіміі і глебазнаўства, М. Р. Чыжэўскі загадваў кафедрай агульнага земляробства і глебазнаўства ў Камуністычным універсітэце імя Я. М. Свярдлова, выкладаў ва Усесаюзным інстытуце сельскагаспадарчага машынабудавання.
Навуковыя даследаванні вучонага прысвечаны пытанням павышэння ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Ён таксама распрацоўваў пытанні фізікі глебы. Механізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці вызначыла новы кірунак у навуковай дзейнасці калектыву, якім кіраваў М. Р. Чыжэўскі. У 1935 г. ім распрацаваны спецыяльны метад вызначэння трываласці будовы глебы ў сувязі з механічнай апрацоўкай, які знайшоў шырокае прымяненне ў лабараторных і палявых даследаваннях. Пераход на механічную цягу пры рабоце плугоў падняў пытанне аб магчымасці павялічэння рабочай хуткасці руху глебаапрацоўчых прылад. На аснове эксперыментаў былі ўстаноўлены лепшыя прылады для асноўнай апрацоўкі глебы, а канструктарскім установам і заводам сельскагаспадарчага машынабудавання дадзены рэкамендацыі па тыпах рабочых частак плуга. Пад кіраўніцтвам М. Р. Чыжэўскага праведзены даследаванні па выяўленні найбольш рацыянальных спосабаў паглыблення і акультурвання ворнага пласта глебы. Шэраг работ па удасканаленні гэтых метадаў быў выкарыстаны ў Беларусі. Калектывам пад кіраўніцтвам вучонага распрацаваны канкрэтна для розных раёнаў Расіі, у тым ліку і Беларусі, спосабы апрацоўкі глебы, севазвароту, барацьбы з воднай і ветравой эрозіяй глебы, ролі шматгадовых раслін ў павышэнні ўрадлівасці глеб і інш. У 1937 г. была створана Глеба-агранамічная станцыя імя В. Р. Вільямса, якой М. Р. Чыжэўскі кіраваў на працягу многіх гадоў. У 1940 г. вучоны выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР, з гэтага часу ён стаў кансультантам Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі па пытаннях земляробства і раслінаводства. Гэта мела важнае значэнне для павышэння ўзроўню навуковых даследаванняў, у тым ліку і для станаўлення беларускай агранамічнай навукі. У 1950 г. яму прысвоена вучоная ступень доктара сельскагаспадарчых навук.
Міхаіл Рыгоравіч Чыжэўскі з'яўляецца аўтарам больш за 60 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій. Пад яго рэдакцыяй выдадзены вучэбныя дапаможнікі «Агротехника полевых культур» (1945), «Обработка почвы» (1950), «Земледелие с основами почвоведения» (1959). Плённая навукова-вытворчая, педагагічная і грамадская дзейнасць вучонага адзначана ордэнам Леніна (1951), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1946, 1948), медалямі.