Выдатны вучоны ў галіне аграбіялогіі Міхаіл Васільевіч Рытаў з'яўляецца адным з заснавальнікаў навуковага агародніцтва і пладаводства ў Беларусі.
Нарадзіўся вучоны ў Наваміргарадзе Кіраваградскай вобласці (Украіна). Дзяцінства прайшло ва Уфе. Яшчэ будучы вучнем Уфімскай гімназіі, ён захапляўся прыродазнаўствам, збіраў гербарыі і калекцыі, спрабаваў разводзіць агародніну, пладовыя дрэвы і ягаднікі на прысядзібным участку бацькі. У 1861 г. паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1871 г. Аднак работа ў якасці юрыста не захапляла М.В. Рытава. Ён паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, дзе займаўся марфалогіяй і сістэматыкай раслін. Значны ўплыў на далейшую дзейнасць зрабілі прафесары ўніверсітэта К.А. Ціміразеў і І.Н. Гаражанкін. У 1878 г. М.В. Рытаў закончыў вучобу, абараніў магістарскую дысертацыю на тэму «Органография цветковых растений».
З 1879 г. прыехаў у Беларусь, працаваў у Горы-Горацкай земляробчай школе. Каля 40 гадоў вучоны пражыў у Горках, прысвяціўшы сваё жыццё навуцы. Спачатку быў выкладчыкам батанікі і фізіялогіі раслін, фізікі і мінералогіі, пазней выкладаў агародніцтва і метэаралогію, арганізаваў вучэбна-доследны агарод і батанічны сад, дзе вёў назіранні і рабіў эксперыменты. У 1889 г. набыў на ўласныя сродкі зямельны ўчастак і заклаў пладовы сад, у якім праводзіў свае шматлікія доследы. Вучоны вылучаўся шырокім тэарэтычным і філасофскім падыходам да вырашэння спецыяльных праблем. Ён быў перакананым прыхільнікам і прапагандыстам ідэй Ч. Дарвіна аб зменлівасці арганізмаў пад уздзеяннем умоў жыцця і стваральнай ролі адбору. На аснове прызнання вызначальнай ролі ўмоў жыцця для фарміравання арганізмаў, іх зменлівасці і спадчыннасці М.В. Рытаў распрацоўваў спосабы акліматызацыі раслін, падкрэсліваў важнасць для гэтага ўмоў надвор'я, глебы, тэрмінаў сяўбы, святла і іншых фактараў. Вучоны лічыў, што для павышэння ўрадлівасці вялікае значэнне мае вывядзенне новых гатункаў. Працуючы над тэарэтычнымі асновамі пладаводства, ён імкнуўся да практычнага выкарыстання вынікаў даследавання, адгукаўся на запатрабаванні сельскагаспадарчай практыкі, быў цесна звязаны з пладаводамі і садаводамі-практыкамі.
Акрамя даследчай і педагагічнай дзейнасці М В. Рытаў прымаў удзел (як аўтар і рэдактар) у выданні часопісаў па садоўніцтве, працаваў у розных сельскагаспадарчых таварыствах, вучоных камітэтах, быў экспертам на выстаўках па садоўніцтве і агародніцтве. У 1911 г. па запрашэнні Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі вучоны чытаў курс садоўніцтва і агародніцтва. Гэта быў першы курс, прачытаны ў вышэйшай школе Расіі. Усведамляючы, што развіццё навуковага садоўніцтва немагчыма без уласных вучоных кадраў, ён дабіваўся заснавання вышэйшых навучальных устаноў па садоўніцтве. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў шэрагу ўстаноў з'явіліся пладова-агароднінныя факультэты і аддзяленні, былі створаны тэхнікумы, калгасныя курсы, школы садоўніцтва.
М.В. Рытаў – вядомы айчынны садавод. У 1919 г. ён адначасова быў выбраны прафесарам Ленінградскага агранамічнага інстытута і Варонежскага сельскагаспадарчага інстытута. Да канца свайго жыцця вучоны працаваў у Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце, узначальваў кафедру батанікі. Вучонаму належыць каля 1000 кніг, дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях памалогіі, раслінаводства, многія з іх перавыдаваліся («Общее огородничество» (1923, 2-е выд., Масква), «Плодоводство : краткий учебник» (1924, 2-е выд., Масква), «Избранные труды» (1956, Масква), «Русские яблоки» (1960, Масква), «Ягодники : руководство по разведению крыжовника и смородины» (2012, Санкт-Пецярбург) і інш.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.