Дата рождения:
студзень 1802 Копысь, г. п., Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
26 кастрычніка ці 26 лістапада 1855
Краткая справка:
расійскі ваенны геадэзіст, генерал-маёр, географ, перакладчык
Варианты имени:
Врончанка Міхаіл Паўлавіч
Имена на других языках:
Вронченко Михаил Павлович (русский);
2783 символа
Справка
Адным з самых вядомых геадэзістаў, географаў і ваенных картографаў ХІХ ст. з’яўляецца Міхаіл Паўлавіч Урончанка. Ён нарадзіўся ў мястэчку Копысь Магілёўскай губерні (цяпер Аршанскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і святара. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1819 г. паступіў на славесны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які не скончыў. Адукацыю працягваў у Маскоўскай школе калонаважатых (у 1826 г. пераведзена ў Санкт-Пецярбург і ператворана ў Акадэмію Генштаба). У 1822 г. М. Урончанка ў званні прапаршчыка быў накіраваны на вайсковую службу. Праводзіў тапаграфічныя здымкі ў Віленскай губерні. У 1824 г. паступіў у Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт, дзе пад кіраўніцтвам прафесара В. Струвэ (будучы заснавальнік і дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі) вывучаў ваенную геадэзію. Потым служыў у Генштабе. У час Руска-турэцкай вайны 1828–1829 гг. займаўся тапаграфічным забеспячэннем арміі на Балканах. Пасля яе заканчэння праводзіў трыянгуляцыйныя работы ў Малдове, Валахіі і Балгарыі (па 1833 г.). У 1834–1836 гг. па заданнi Генштаба М. Урончанка працаваў ў Турцыі. Ён удакладняў геаграфічныя каардынаты населеных пунктаў, знаёміўся з тапаграфіяй паўвострава, склаў карту. Сабраны каштоўны матэрыял стаў асновай да напісання двухтомнай работы “Агляд Малой Азіі ў сучасным яе стане” (ч. 1–2, 1838–40). Разам з журналам астранамічных назіранняў, які вёў геадэзіст, кніга доўгі час была асноўнай крыніцай ведаў пра гэты рэгіён. У 1837 г. М. Урончанку прызначылі членам камісіі па кіраванні Закаўказскім краем. Вярнуўшыся з Тбілісі ў Санкт-Пецярбург у верасні 1841 г., ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра. У 1843 г. па стане здароўя М. Урончанка выйшаў у адстаўку і пачаў працаваць у Міністэрстве народнай асветы, дзе кіраваў камісіяй па арганізацыі асветы яўрэйскага насельніцтва. У 1845 г. стаў адным з 17 членаў – заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства. У 1848 г. М. Урончанку зноў запрасілі на службу ў Генштаб. Займаўся паляпшэннем якасці тапаграфічных карт, да 1854 г. узначальваў трыянгуляцыйныя работы ў паўднёвай і цэнтральнай Расіі. Яго праца аказала вялікую дапамогу ваеннаму ведамству па падрыхтоўцы тэатраў ваенных дзеянняў. Імя вучонага выгравіравана на юбілейным медалі “У памяць пяцідзесяцігоддзя Корпуса ваенных тапографаў. 1872”.
У вольны ад службы і працы час М. Урончанка, дасканала валодаючы некалькімі мовамі (беларускай, польскай, рускай, лацінскай, нямецкай, французскай, англійскай, балгарскай, турэцкай і іншымі), займаўся мастацкімі перакладамі твораў У. Шэкспіра, Дж. Байрана, Ф. Шылера, І. В. Гётэ. Знакавым для рускай культуры быў пераклад паэмы А. Міцкевіча “Дзяды“, дзякуючы якому ўпершыню з творчасцю польскага паэта беларускага паходжання пазнаёміліся А. Пушкін, В. Жукоўскі, А. Грыбаедаў, П. Вяземскі.