Краткая справка:
дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг.
Псевдонимы:
Даленга
Варианты имени:
Серакоўскі Сігізмунд Ігнатавіч
Имена на других языках:
Sierakowski (польский); Sierakowski Zygmunt (польский); Сераковский Зыгмунт Игнатьевич (русский); Сераковский Сигизмунд Иванович (русский);
3250 символов
Справка
Зыгмунт Ігнатавіч Серакоўскі нарадзіўся ў в. Лісавое Луцкага павета Валынскай губерні (цяпер Маневіцкі раён Валынскай вобласці, Украіна). Хлопчыка гадавалі маці і бабуля (бацька загінуў падчас паўстання 1830–1831 гг.). Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым паступіў у Жытомірскую рускую гімназію, якую скончыў з сярэбраным медалём. Некаторы час З. І. Серакоўскі працаваў рэпетытарам. У 1845 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, праз год перавёўся на філасофска-юрыдычны. У 1848 г. за ўдзел у студэнцкіх гуртках быў выключаны з універсітэту і накіраваны радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т. Р. Шаўчэнкам, Б. Ф. Залескім. Пасля васьмі гадоў салдацкай службы атрымаў званне прапаршчыка. У 1856 г. З. І. Серакоўскі па амністыі вярнуўся ў Санкт-Пецярбург і паступіў у Акадэмію Генеральнага штаба. Падчас вучобы зблізіўся з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі М. А. Дабралюбавым і М. Г. Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у часопісе «Современник», ўдзельнічаў у рэвалюцыйным гуртку афіцэраў. Па заканчэнні акадэміі атрымаў званне штабс-капітана і быў накіраваны на службу ў Генеральны штаб. Аднак ваенная кар’ера не цікавіла З. І. Серакоўскага: усе яго думкі былі сканцэнтраваны на рэвалюцыйнай барацьбе і змяненні існуючага парадку ў дзяржаве. У хутким часе ён стаў арганізатарам і кіраўніком ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі ў Санкт-Пецярбургу, члены якой (сярод іх былі браты В. і К. Каліноўскія) выступалі супраць сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, за буржуазна-дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую.
Будучы афіцэрам Генеральнага штаба, З. І. Серакоўскі удзельнічаў у шматлікіх службовых камандзіроўках. У час замежных паездак сустракаўся з А. І. Гэрцэнам, М. П. Агаровым, Дж. Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэвалюцыйнай эміграцыяй. Як знаўца ваенна-крымінальнага права і асабісты прадстаўнік ваеннага міністра М. А. Сухазанета, З. І. Серакоўскі ў складзе дэлегацыі ад Расійскай Імперыі ў 1960 г. прысутнічаў на Міжнародным статыстычным кангрэсе ў Лондане (Вялікабрытанія), дзе ўзняў пытанне аб адмене цялесных пакаранняў у арміі і дамогся прыняцця станоўчага рашэння. У гэты ж перыяд ён наведаў Парыж, Берлін, Вену, удзельнічаў у з’ездзе еўрапейскіх юрыстаў, вывучаў судовыя справы, збіраў звесткі па ваенна-крымінальнаму заканадаўству, аглядаў ваенныя турмы. У сваіх справаздачах З. І. Серакоўскі параўнаў парадкі ў рускай, англійскай, французскай, прускай і аўстрыйскай арміях. У выніку яго прапанова аб замене цялесных пакаранняў на папраўчае заключэнне ў ваенных турмах была прынята і ў Расійскай Імперыі.
У снежні 1862 г. З. І. Серакоўскага абралі кіраўніком паўстання ў Літве і ў красавіку 1863 г. ён выехаў з Санкт-Пецярбурга ў Вільню. Займаўся аб’яднаннем усех атрадаў і арганізаваў на Ковеншчыне паўстанцкае злучэнне (2 тыс. чалавек), якое было разбіта расійскімі войскамі ў канцы красавіка ў бітве пад мястэчкам Біржы (Літва). Цяжка паранены З. І. Серакоўскі трапіў у палон. Ваенна-палявы суд прызнаў яго вінаватым і прыгаварыў да смяротнага пакарання праз павешанне, якое адбылося 27 чэрвеня 1863 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні.