Значны ўклад у станаўленне беларускай медыцыны ўнёс спецыяліст у галіне эпідэміялогіі, тэрапіі, дэрматалогіі, курарталогіі, аховы здароўя, урач, грамадскі дзеяч Сігізмунд Карлавіч Свянціцкі.
Нарадзіўся ён у в. Красцінава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) у сям'і небагатага памешчыка. Вучыўся ў Пінскім павятовым дваранскім вучылішчы, затым у Мінскай гімназіі, якую скончыў з сярэбраным медалём. У 1853 г. паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У час вучобы прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Гэта прыцягнула ўвагу царскіх улад і ён быў вымушаны пакінуць універсітэт і выехаць у Беларусь. Працягваць вучобу змог толькі праз некалькі гадоў у Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якая рыхтавала ўрачоў для ваеннага ведамства. У 1861 г. з залатым медалём скончыў акадэмію. Адразу ж ён заняўся навуковай дзейнасцю і праз тры гады абараніў доктарскую дысертацыю. Становішча ў краіне пасля паўстання 1863 г. змянілася, і ён не мог ужо разлічваць на навуковую кар'еру. Давялося пакінуць акадэмію і пайсці на ваенную службу. У 1865–1867 гг. ён служыў урачом гвардыі, у час франка-прускай вайны ў атрадзе Чырвонага Крыжа.
У 1870 г. С. Свянціцкі быў прызначаны старшым ардынатарам Мінскага ваеннага шпіталя, і з таго часу ўсё яго жыццё, грамадская і навуковая дзейнасць звязаны з Беларуссю. У Мінск ён прыехаў вопытным урачом, смела ўкараняў у практыку такія навейшыя прынцыпы і метады як абязбольванне, антысептыка, затым асептыка, цікавіўся пытаннямі пералівання крыві, сканструяваў арыгінальны прыбор для лячэння пералому касцей і падкожных сасудаў. Быў пачынальнікам унутрыполасцевай хірургіі, адзін з першых прымяніў хірургічныя метады лячэння ва ўмовах сельскай бальніцы. У час эпідэміі халеры ў 1872 г. С. Свянціцкі прапанаваў новыя формы барацьбы з ёю, падмеціў неўспрымальнасць некаторых людзей да захворвання (з'яву імунітэту). Да барацьбы з эпідэміяй схіляў шырокую грамадскасць. У 1884 г. ён прапанаваў стварыць у Мінску санітарную камісію, а ўвесь горад падзяліць на асобныя ўчасткі, што дазволіла палепшыць санітарны кантроль і абмежаваць распаўсюджванне эпідэмій. Сігізмунд Свянціцкі вырашыў і актуальную праблему таго часу – арганізацыю пазабальнічнай урачэбнай дапамогі насельніцтву. Амбулаторнае лячэнне існавала толькі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, дзе працавалі земскія ўрачы. У астатніх гарадах жыхароў абслугоўвалі прыватныя ўрачы, што было недаступна для бедных. Па ініцыятыве С. Свянціцкага і пры яго актыўным удзеле ў 1879 г. у Мінску на Петрапаўлаўскай вуліцы (цяпер вуліца Энгельса) была адкрыта першая ў горадзе бясплатная амбулаторыя для бедных.
Лячэбную дзейнасць С. Свянціцкі спалучаў з актыўнай грамадскай працай. На працягу многіх гадоў з'яўляўся членам Мінскага таварыства ўрачоў (з 1870 г. яго прэзідэнт), а таксама старшынёй Камітэта дапаможнай медыцынскай касы Я. А. Чыстовіча па Мінскай губерні (1890), ганаровым міравым суддзёй у Мінску (1882–1891), гласным гарадской думы (1910), сапраўдным стацкім саветнікам. Таксама Сігізмунд Карлавіч вызначаўся высокай культурай і эрудыцыяй, рознабаковасцю інтарэсаў. Ён добра ведаў літаратуру, гісторыю, захапляўся мастацтвам, музыкай, валодаў рознымі мовамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.