Дата рождения:
06.02.1926 Дубінка, в., Магілёўскі раён
Дата смерти:
09.07.1966 Магілёў, г.
Краткая справка:
удзельнік партызанскага руху і Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Славы ІІІ ст., медалём "За адвагу"
Имена на других языках:
Романьков Михаил Егорович (русский);
3869 символов
Справка
Міхаіл Ягоравіч Раманькоў нарадзіўся ў вёсцы Дубінка Магілёўскага раёна. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны атрымаў пачатковую адукацыю ў школе вёскі Вендараж. У час акупацыі жыў у роднай вёсцы. Спачатку дапамагаў партызанам, а праз некаторы час стаў байцом аднаго з атрадаў. У лютым 1943 г. карнікі знішчылі 186 жыхароў в. Дубінка, родныя якіх былі ў партызанах. У час карнай аперацыі загінулі бацькі, браты і сёстры М.Я. Раманькова.
Пасля вызвалення Магілёўшчыны партызан Раманькоў стаў чырвонаармейцам. Ваяваў на 1-м Беларускім (ліпень – верасень 1944), 2-м Беларускім (верасень 1944 – люты 1945) і 3-м Беларускім (з лютага 1945) франтах. Камандзір кулямётнага разліку 350-га стралковага палка 96-й стралковай дывізіі 48-й арміі 3-га Беларускага фронту малодшы сяржант Раманькоў асабліва вызначыўся падчас правядзення Усходне-Прускай наступальнай аперацыі (13 студзеня – 25 красавіка 1945 г.).
15 студзеня 1945 г. у час бою за ўмацаваны апорны вузел у вёсцы Пепелева (цяпер Пеплава, Польшча) малодшы сяржант Раманькоў трапнымі чэргамі свайго кулямёта знішчыў разлікі варожага кулямёта і 37-мм гарматы і даў магчымасць нашым байцам зламаць супраціўленне ворага.
Выдатна праявіў сябе М.Я. Раманькоў у баях па ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга (цяпер Калінінград, Расія). 22 сакавіка 1945 г. моцныя баі разгарнуліся за вёску Радау (цяпер Родава, Польшча). Гітлераўцы неаднаразова пераходзілі ў контратаку. Малодшы сяржант Раманькоў агнём кулямёта знішчыў да 100 гітлераўскіх салдат, два станковых кулямёты і тры ручных, чым аказаў значную дапамогу нашым байцам.
24 сакавіка 1945 г. кулямётчык Раманькоў падтрымліваў агнём прасоўванне падраздзяленняў 350-га стралковага палка да вёскі Лейзунен (цяпер не існуе) на ўзбярэжжы заліва Фрыш-Гаф (Фрышэс-Хаф, цяпер Калінінградскі / Віслінскі заліў). Пасля заканчэння боепрыпасаў для кулямёта малодшы сяржант Раманькоў гранатамі закідаў нямецкую аўтамашыну з боепрыпасамі. Моцны выбух спыніў рух усёй аўтакалоны. У гэтым баі М.Я. Раманькоў быў паранены, але не пакінуў поле бою.
5–6 мая 1945 г. савецкія стралковыя падраздзяленні вялі цяжкі бой на касе Фрыш Нерунг (цяпер Балтыйская / Віслінская каса) у раёне вёскі Фогельзанг (цяпер Скаўронкі, Польшча). Некалькі разоў чырвонаармейцы спрабавалі атакаваць фашыстаў, але гэтыя спробы былі безвыніковымі. Малодшы сяржант Раманькоў са сваім разлікам абышоў вёску з тылу і адкрыў агонь па варожай пяхоце. У гэтым баі адважны кулямётчык знішчыў да 70 гітлераўскіх салдат, два кулямётных і гарматны разлік. У гэтым баі малодшы сяржант Раманькоў быў зноў паранены, аднак працягваў бой.
7 мая 1945 г. у баі за вышыню 27.0 байцам Чырвонай Арміі супрацьстаялі танк “Пантэра” і два транспарцёры. Міхаіл Раманькоў знішчыў назіральніка варожага танка, адзін з транспарцёраў і яго экіпаж. У гэтым баі малодшы сяржант атрымаў цяжкае раненне і быў накіраваны ў шпіталь.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства Міхаілу Ягоравічу Раманькову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны М.Я. Раманькоў жыў і працаваў у Магілёве. Быў узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), ордэнам Славы ІІІ-й ступені (1945), медалём “За адвагу”. Памёр 9 ліпеня 1966 г. і быў пахаваны ў Магілёве.
У 1983 г. у цэнтры Магілёва з’явілася Алея Герояў. Памятныя знакі на ёй распавядаюць аб 104 героях Магілёўшчыны. На адным з іх размешчана інфармацыя пра М.Я. Раманькова. 8 мая 2021 г. на будынку Вендаражскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна была ўсталявана памятная дошка ў гонар выбітнага земляка. У кастрычніку 2022 г. Вендаражскай СШ было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М.Я. Раманькова.