Краткая справка:
ваенны дзеяч, генерал-маёр, удзельнік грамадзянскай вайны і савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гг., адзін з кіраўнікоў гераічнай абароны Магілёва ў Вялікую Айчынную вайну
Имена на других языках:
Романов Михаил Тимофеевич (русский);
4814 символа
Справка
Камандзір 172-й стралковай дывізіі генерал-маёр Міхаіл Цімафеевіч Раманаў з’яўляўся адным з кіраўнікоў абароны Магілёва ў ліпені 1941 г.
Ён нарадзіўся 17 лістапада 1891 г. у Ніжнім Ноўгарадзе ў сям’і рамесніка. Пасля заканчэння гарадскога вучылішча працаваў майстрам па пашыве фуражак. У верасні 1915 г. быў прызваны ў армію. Служыў у 153-м асобным запасным батальёне ў г. Кунгуры Пермскай губерні, у 139-м запасным батальёне ў г. Шадрынску, адтуль быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Пасля яе заканчэння прызначаны малодшым афіцэрам у 243-ці запасны полк, які знаходзіўся ў Астраханскай губерні. У студзені 1917 г. М. Ц. Раманава перавялі ў 50-ты запасны полк у Ржэў, у лістападзе ён трапіў у дзеючую армію. У дні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. уваходзіў у салдацкі палкавы камітэт. У 1918 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. У гады грамадзянскай вайны ваяваў на Усходнім фронце, камандаваў 2-м Татарскім стралковым палком (пазней перафарміраваны ў 11-ты Туркестанскі стралковы полк), адначасова з’яўляўся начальнікам Паўднёвага пагранічнага ўчастка. У кастрычніку 1923 г. паступіў у Вышэйшую тактыка-стралковую школу каманднага саставу РЧСА імя ІІІ Камінтэрна. Пасля заканчэння быў прызначаны камандзірам 50-га стралковага палка 17-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Ніжнім Ноўгарадзе. Праз некаторы час у штабе гэтай дывізіі М. Ц. Раманаў кіраваў страявым, потым аператыўным аддзеламі, займаўся пытаннямі забеспячэння. З мая 1931 г. камандаваў 18-м стралковым Чырванасцяжным палком 6-й стралковай дывізіі ў г. Ліўны. З чэрвеня 1938 г. часова выконваў абавязкі камандзіра, са снежня з’яўляўся памочнікам камандзіра 55-й стралковай дывізіі ў Курску. У 1939 г. прызначаны камандзірам 185-й стралковай дывізіі ў Белгарадзе, якая ў маі 1940 г. была пераведзена ў раён Мінска, у жніўні ў Літву. Са снежня 1940 па сакавік 1941 г. генерал-маёр М. Ц. Раманаў вучыўся на курсах удасканалення вышэйшага начальніцкага саставу пры Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ ў Маскве. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны (у сакавіку 1941 г.) стаў камандзірам 172-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася каля Тулы. У перыяд з 28 чэрвеня па 3 ліпеня яна была пераведзена ў раён Магілёва.
Горад на Дняпры з’яўляўся важным стратэгічным пунктам на шляху да Масквы, і для яго захопу нямецкае камандаванне сканцэнтравала на гэтым напрамку танкавую дывізію, некалькі пяхотных часцей і іншыя вайсковыя фарміраванні, якія падтрымліваліся артылерыяй і авіяцыяй. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса (камандзір генерал-маёр Ф. А. Бакунін), у склад якога ўвайшла 172-я стралковая дывізія генерал-маёра М. Ц. Раманава, і народныя апалчэнцы. Найбольш цяжкія баі разгарнуліся на Буйніцкім полі, дзе праходзіў пярэдні край абароны. Першыя спробы прарваць абарону, фарсіраваць Днепр і авалодаць Магілёвам гітлераўцы зрабілі 3 ліпеня, аднак усе іх атакі былі адбіты. З 10 ліпеня праціўнік некалькі дзён сістэматычна вёў масіраваную бамбардзіроўку і артылерыйскі абстрэл пазіцый абаронцаў гарода, потым перайшоў у наступленне і накіраваў на Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін. Савецкія воіны і апалчэнцы адбілі некалькі атак, знішчылі (выкарыстоўваючы бутэлькі з гаручай сумессю) 39 танкаў. Без належнага авіяцыйнага прыкрыцця, добра ўмацаваных абарончых збудаванняў, ва ўмовах акружэння байцы Чырвонай Арміі, жыхары горада і навакольных вёсак 23 дні мужна супрацьстаялі ворагу і не здавалі Магілёў. За арганізацыю абароны і паспяховыя баявыя дзеянні ў жніўні 1941 г. генерал-маёр М. Ц. Раманаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 13–14 ліпеня на Буйніцкім полі знаходзіўся ваенны карэспандэнт газеты «Известия» К. М. Сіманаў, які апісаў у нарысе «Горячий день», кнізе «Разные дни войны» і рамане «Живые и мертвые» кровапралітныя баі пад Магілёвам. 14 ліпеня часці генерал-маёра М. Ц. Раманава апынуліся ў акружэнні: не было падвозу боепрыпасаў, прадуктаў харчавання, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі і 24 ліпеня прарваліся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне 172-й стралковай дывізіі адхіліла ўльтыматум аб капітуляцыі і прыняло рашэнне выходзіць з акружэння. Разам з салдатамі з аўтаматам у руках на прарыў нямецкай абароны пайшоў і іх камандзір. У адным з баёў М. Ц. Раманаў быў цяжка паранены. Далейшы яго лёс склаўся трагічна. Камандзіра дывізіі вынеслі з поля бою і схавалі ў в. Барсукі ў селяніна М. Ф. Асмалоўскага. 22 верасня фашысты ўварваліся ў вёску і схапілі генерала. На яго вачах расстралялі сям’ю Асмалоўскіх. Міхаіл Цімафеевіч Раманаў загінуў у канцэнтрацыйным лагеры ў Германіі. Да 100-годдзя з дня нараджэння генерала на месцы яго пахавання (на могілках ваеннапалонных у г. Хамельбург) нямецкімі ўладамі была ўстаноўлена на сцяне-стэле мемарыяльная дошка. Імем М. Ц. Раманава названа адна з вуліц Магілёва.