Дата рождения:
26.03.1942 Хмелева, в., Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама
Имена на других языках:
Оробейко Иван Сергеевич (русский);
4185 символов
Справка
“Найдарожшы куток на зямлі” для паэта Івана Сяргеевіча Арабейкі – гэта маляўнічая вёска Хмелева, што на Брэстчыне, дзе ён з’явіўся на свет у вялікай працавітай сям’і. Маці граматы не мела, але ўсім сваім жыццём перадавала дзецям вялікую сялянскую мудрасць – любіць працу, вучыцца, цярпліва і мужна пераносіць жыццёвыя нягоды. Бацька меў сямігадовую адукацыю, ведаў шмат мясцовых паданняў, легенд і казак, чытаў на памяць вершы А. Пушкіна і байкі І. Крылова.
Будучы паэт вучыўся у Хмелеўскай сярэдняй школе. Недзе з чацвёртага класа пачаў пісаць вершы. Падштурхнула хлопца да творчасці і запаліла іскрынку ў яго душы настаўніца Ганна Мікалаеўна Брашчук. А калі ў 1957 г. у газеце “Піянер Беларусі” быў аб’яўлены конкурс твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, Іван асмеліўся паслаць у газету свой верш “Магіла партызан”. Першая спроба публікацыі была няўдалай: ён атрымаў адказ з адмоўнай ацэнкай твора за подпісам пісьменніка Х. Жычкі. Гэта на некаторы час прыглушыла цікавасць маладога паэта да літаратуры і пераключыла яго ўвагу да дакладных навук: пасля заканчэння дзесяцігодкі І. Арабейка паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на хіміка-тэхналагічны факультэт. Аднак цікаўнасць да літаратурнай творчасці не прайшла, студэнтам старэйшых курсаў ён наведваў пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры газеце “Чырвоная змена”. У 1963 г. у той жа “Чырвонай змене”, урэшце, быў надрукаваны першы твор пад назвай “Клён”. Публікацыя акрыліла пачынаючага аўтара, ён пачаў сур’ёзна працаваць над вершамі.
Пасля заканчэння інстытута (1964) І. Арабейка атрымаў дыплом інжынера-тэхнолага сілікатнай прамысловасці і па размеркаванні трапіў на шклозавод “Нёман” (п. Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці). У канцы 1960-х гг. паэт перабраўся ў Брэст. Працаваў на заводах зборнага жалезабетону і газавай апаратуры, на кафедры ачысткі прыродных і сцёкавых вод Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, на камбінаце па добраўпарадкаванні горада, у Брэсцкім аддзяленні гандлёва-прамысловай палаты Беларусі. Увесь гэты час ён не спыняў літаратурнай дзейнасці, вершы рэгулярна з’яўляліся ў абласным і рэспубліканскім друку. Гады працы на “Нёмане” знайшлі адлюстраванне ў паэтычных творах, якія склалі першы зборнік “Услед за сонцам” (1972). Шмат вершаў у ім паэт прысвяціў шкладувам і працоўнаму класу ўвогуле. Аднак гэта тэма не стала дамінуючай у творчасці. Назву і характар усёй кнігі далі яркія фарбы маленства і юнацтва паэта, вобразы роднай вёскі і маці, якія знайшлі адлюстраванне ў вершах “Хмелева”, “У хаце сонечна было”, “Маці”, “Якая раніца ў сяле!” і інш.
У 1978 г. з друку выйшаў другі зборнік пад назвай “Асенні ранак”, у які акрамя вершаў увайшла і паэма “Сцяна”, прысвечаная подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначалі крытыкі, аўтар стварыў паэму, “галоўнай тэмай якой з’яўляецца даніна пашаны героям ад палявой і сялянскай берасцейскай зямлі”. У наступным годзе І.С. Арабейка быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У 1981–1983 гг. ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, шмат падарожнічаў па літаратурных мясцінах, сустракаўся з многімі пісьменнікамі. Вершы гэтага перыяду ўтрымлівалі новыя матывы і былі прасякнуты гумарам і сатырай.
З сярэдзіны 1980-х гг. Іван Сяргеевіч адышоў ад актыўнай паэтычнай творчасці амаль на 20 гадоў, фактычна знік з літаратуры, і толькі зрэдку адорваў сваіх чытачоў невялікімі вершамі ці перакладамі з украінскай мовы. Першая спроба вяртання да паэзіі адбылася ў 2005 г. вершам “І зноў вясна, і зноў цвітуць сады”, у цэнтры якога – лёс земляка, які прайшоў праз агонь вайны і пекла палону. Верш быў апублікаваны ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда” і прымеркаваны да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У пачатку 2007 г. аўтар прынёс у рэдакцыю газеты яшчэ звыш двух дзясяткаў твораў, напісаных апошнім часам: “Даўняе”, “Ліда”, “Маліны”, “Быў” і інш. Тэмы ў іх усё тыя ж, якія чытачы ведалі па яго папярэдніх зборніках, усё тое ж уменне працаваць са словам, але творы загучалі ўжо па-філасофску абвострана і змяшчаюць сталы роздум пра рэаліі сённяшняга дня.
Матэрыял падрыхтаваны Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2012 г.