Уладзімір Сцяпанавіч Адзярыха нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1955 г. скончыў Беліцкую сярэднюю школу і паступіў на лесагаспадарчы факультэт Беларускага лесатэхнічнага інстытута імя С.М. Кірава (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). У 1960 г. атрымаў размеркаваннне ў Першую Мінскую лесаўпарадкавальную экспедыцыю Беларускага лесаўпарадкавальнага прадпрыемства. За чатыры гады Уладзімір Адзярыха прайшоў шлях ад памочніка ляснога тэхніка да інжынера-таксатара.
Здольнага спецыяліста запрасілі на навуковую працу ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі (ІЭБ НАНБ), з якім звязана далейшая працоўная біяграфія вучонага) Тут У.С. Адзярыха прайшоў шлях ад старшага інжынера лабараторыі геабатанікі да вядучага навуковага супрацоўніка (з кастрычніка 1998 г.). Ён зацікавіўся працэсамі тыпалагічнага і геабатанічнага вывучэння лясоў, картаграфавання лясной расліннасці. У снежні 1967 г. – лістападзе 1970 г. малады вучоны прайшоў аспіранцкую падрыхтоўку пад кіраўніцтвам акадэміка І.Д. Юркевіча. У маі 1971 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Типы и ассоциации ясеневых лесов Белоруссии”, у якой упершыню даў эколага-тыпалагічную характарыстыку асобных фармацый шыракалістых лясоў Беларусі.
Вучоны прымаў удзел у шматлікіх экспедыцыях, пры яго ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам на працягу многіх гадоў вялося вывучэнне тыпатанічнай структуры і тыпалогіі шыракалістых лясоў – дубовых, ліпавых, кляновых. Вынікі шматгадовых даследаванняў прадстаўлены ў манаграфіях “Растительный покров Белоруссии” з картай расліннасці маштабу 1:1000000 (1969), “Типы и ассоциации ясеневых лесов Белоруссии” (1978, разам з І.Д. Юркевічам), “Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование = Vegetation of Byelorussia, its cartography, protection and utilization” (1979, разам з І.Д. Юркевічам, Д.С. Голадам), “Липняки Белоруссии: типы, ассоциации, лесохозяйственное значение” (1988, разам з І.Д. Юркевічам, В.Л. Дольскім). У 1972 г. за цыкл работ аб комплексных даследаваннях лясной, балотнай і лугавой расліннасці Беларусі, апублікаваных у 1968–1971 гг., Уладзімір Сцяпанавіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
У.С. Адзярыха – высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне геабатанікі, біягеацэналогіі, лесазнаўства і геабатанічнай картаграфіі, суаўтар канцэпцыі і тэарэтычных прынцыпаў рэгіянальнага геабатанічнага картаграфавання і вывучэння заканамернасцей фарміравання і аднаўлення шыракалістых лясоў. Пры актыўным удзеле вучонага была падрыхтавана серыя спецыяльных карт расліннасці Беларусі, якія знайшлі шырокае прымяненне ў вытворчых, праектных і навукова-даследчых установах.
У.С. Адзярыха надаваў шмат увагі ўкараненню вынікаў даследаванняў у практыку народнай гаспадаркі, пад яго кіраўніцтвам быў створаны шэраг ландшафтных і батанічных заказнікаў, вынікі найбольш важных распрацовак ўвайшлі ў вучэбную літаратуру. Экалагічныя аспекты геабатанічных даследаванняў, праблемы экалогіі, прадукцыйнасці шыракалістых лясоў, распрацоўка навуковых асноў удасканальвання вядзення гаспадаркі ў лясах і іх аднаўлення – асноўныя тэмы даследаванняў У.С. Адзярыхі.
Вучоны карыстаўся заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод вучоных рэспублікі і замежжа, ён неаднаразова быў адзначаны Ганаровымі граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі, Беларускага лесаўпарадкавальнага прадпрыемства (цяпер Лесаўпарадкавальнае РУП “Белдзяржлес”), Прэзідыума НАН Беларусі.
Плённую навуковую дзейнасць У.С. Адзярыха спалучаў з актыўным удзелам у грамадскім жыцці: пэўны час з’яўляўся старшынёй прафсаюзнага камітэта Інстытута, членам аб’яднанага прафсаюзнага камітэта НАН Беларусі, выконваў абавязкі вучонага сакратара Беларускага рэспубліканскага батанічнага таварыства (1978–1999), з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Беларускага батанічнага таварыства (1999–2005).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.