Юрый Iванавiч Авяр'янаў нарадзiўся ў г. п. Мiкашэвiчы Лунiнецкага раёна Брэсцкай вобласцi. У 1968 г. паступіў на першы курс Яраслаўскага тэатральнага вучылiшча Расійскага Дзяржаўнага акадэмiчнага тэатра драмы iмя Фёдара Волкава. Адначасова вучыўся ў дзесятым класе сярэдняй школы. У 1972 г. атрымаў спецыяльнасць «акцёр драмы i кiно» і пачаў працаваць у Беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Два гады служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў тэатр. Шмат іграў, займаўся грамадскай дзейнасцю: быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, членам мастацкага савета тэатра, уваходзіў у Прэзідыум Беларускага тэатральнага таварыства. У 1980 г. закончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Юрый Іванавіч сыграў на купалаўскай сцэне больш за 50 роляў. Здольны акцёр, ён сумеў стварыць яркiя, закончаныя, з вельмi цiкавым знешнiм i ўнутраным малюнкам характары. З яго сцэнічных работ вылучаюцца ролi Ак'егета ў «Начы зацьмення месяца» М. Карыма, Васiля ў «Таблетцы пад язык» А Макаёнка, Шапкiна ў «Навальнiцы» А. Астроўскага, Зайчыка ў «Людзях на балоце» паводле І. Мележа, Хаценчыка ў «Амністыі» М. Матукоўскага, Кiрылы ў «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, Венькi ў «Характарах» паводле В. Шукшына, Палача ў спектаклі «Напiсанае застаецца» А. Петрашкевіча і інш.
Акцёрскі талент Ю. Авяр’янава праявіўся не толькі ў тэатры. Ён плённа працаваў над радыёпастаноўкамi, добра ведаў i любiў класiчную музыку, валодаў баянам, з’яўляўся аўтарам перадачы «З гiсторыi музычных шэдэўраў» на беларускiм радыё, выступаў на тэлебачаннi. З яго ўдзелам праходзiлi многiя вечары i канцэрты ў Доме лiтаратара, у Лiтаратурным музеi Янкi Купалы i на iншых сцэнах. У 1995 г. прадстаўляўся да звання «Заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь». 10 студзеня 1996 г. Авяр'янаў Юрый Iванавiч быў забiты ў сваёй кватэры ў Мiнску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Лунiнецкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.