Краткая справка:
кампазітар, які працуе пераважна ў галіне камернай і вакальна-сімфанічнай музыкі, музыкі для тэатра і кіно, педагог, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2017)
Имена на других языках:
Zaletnev Oleg Borisovich (не определен); Залетнев Олег Борисович (русский); Залётнев Олег Борисович (русский);
3064 символа
Справка
Ужо не адно дзесяцігоддзе прымае актыўны ўдзел у музычным жыцці краіны кампазітар Алег Барысавіч Залётнеў. Яго творы гучаць на беларускім радыё. Ён вядомы як аўтар музыкі для драматычных спектакляў і кінафільмаў, мюзіклаў і музычных казак, балета і монаоперы, камерных і вакальна-сімфанічных твораў.
Нарадзіўся А. Залётнеў у Расіі (г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобласці). У 1974 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі П.П. Падкавырава. Некаторы час працаваў у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі загадчыкам літаратурнай часткі і ў Маладзёжным тэатры загадчыкам музычнай часткі. Займаецца педагагічнай дзейнасцю, у тым ліку з 1984 г. – у Акадэміі мастацтваў, шмат сіл аддае прапагандзе музычнай культуры на Беларускім радыё.
Творчасці А. Залётнева ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, некласічных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Творчы дыяпазон кампазітара надзвычай шырокі. Яшчэ ў кансерваторыі ім быў напісаны шэраг мініяцюр, сюіта ў форме варыяцый для фартэпіяна. У творчым набытку кампазітара канцэрты для фартэпіяна з аркестрам, камерная сімфонія, 3 струнныя квартэты, п’есы для цымбал, фартэпіяна, электронныя кампазіцыі, песні, рамансы, харавыя творы. Значным дасягненнем кампазітара з’яўляецца яго рамантычная монаопера “Адзінокі птах” (2000), прысвечаная А. Міцкевічу. Галоўная прывабнасць твора – у яго пранікнёных мелодыях, інтанацыях рамансавай лірыкі, народжаных паэзіяй і асобай паэта, якія спалучаюцца з высокім узроўнем кампазітарскай тэхнікі. А. Залётнеў з’яўляецца аўтарам музыкі да балета “Кругаверць” (1996), лібрэта якога зроблена Ю. Чурко паводле беларускіх народных балад, мюзіклаў “Валенсіянскія вар’яты” (1988) Лопэ дэ Вэгі, “Страсці па Сервантэсу” (2001) М. Дзінава і А. Русакова, музыкі да вадэвіля “Паваліўся нехта” (1992) У. Галубка і шматлікіх іншых спектакляў, пастаўленых на розных сцэнах беларускіх тэатраў. Пачынаючы з 1980-х гг. ім напісана музыка больш чым да 70 спектакляў, у тым ліку для дзяцей. Асабліва плённа кампазітар супрацоўнічае з віцебскім тэатрам “Лялька”. А. Залётнеў – аўтар музыкі да вялікай колькасці кіна- і тэлефільмаў, радыёспектакляў. У 1990-я гг. кампазітар пачаў звяртацца да традыцый царкоўнай музыкі. Ён аўтар “Літургіі св. Іаана Златавуста” (1994), містэрыі “Благаславі нас, Госпадзі” (сумесна з С. Бельцюковым, 1995), “Нясвіжскай месы” паводле твораў кампазітараў XVIII ст. (1997). Імідж “класіка”, які замацаваўся за кампазітарам, не перашкаджае яму ствараць музыку ў традыцыях авангарда (канцэрты для ўдарных інструментаў “Credo”, 1992, для аргана і ўдарных інструментаў з аркестрам, 1993). А. Залётнеў не засяроджваецца на ўжо знойдзеным. Яму падабаецца адкрываць для сябе новыя жанры. “Хацелася б яшчэ выявіць сябе ў шматактовай оперы, а таксама ў сімфоніі”*, – гаворыць ён у адным з інтэрв’ю. А. Залётнеў многа піша па заказу. Ён запатрабаваны кампазітар. Галоўнае яго крэда: “Музыка павінна гучаць!”**.