Дата рождения: 17.01.1917 Шчаглоўка, в., Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти: 24 ці 30.03.2001
Краткая справка: жывапісец, аўтар тэматычных карцін, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Barkhatkou Anton Stafanavitch (не определен); Бархатков Антон Стефанович (русский);
Беларускі пейзажыст, аўтар лірычных палотнаў, на якіх услаўлена прыгажосць прыроды роднай Беларусі, належыць да кагорты беларускіх мастакоў, што пачыналі сваю творчую дзейнасць яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, вучыліся на лепшых традыцыях рускага рэалістычнага жывапісу, а затым кіраваліся імі ў сваёй творчасці. Працаваў у жанры лірычнага пейзажа, партрэта і фігуратыўнай карціны.
Вучыўся ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы памяці 1905 г. Першымі настаўнікамі былі выдатныя рускія жывапісцы – П.І. Пятровічаў і М.В. Крымаў. Пасля заканчэння вучобы (1940) малады мастак быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, аднак армейская служба не перапыніла заняткі жывапісам. У вольны час А. Бархаткоў пісаў пейзажы, партрэты сваіх таварышаў, прымаў актыўны удзел у армейскіх мастацкіх выстаўках, якія ладзіліся ў Харкаве.
У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Бархаткоў удзельнічаў у баях на Беларускім і Украінскім франтах. У 1943 г. прызначаны намеснікам дырэктара і арганізатарам мастацкай выстаўкі, прысвечанай 25-й гадавіне ўтварэння БССР, якая павінна была адбыцца ў залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве. У 1944 г. працаваў загадчыкам мастацкага аддзела Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
З 1945 г. па 1948 г. вучыўся ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. Сурыкава. Выкладчыкамі былі выдатныя мастакі: С.В. Герасімаў, П.Д. Пакаржэўскі, В.У. Фаворская, Д.К. Мачальскі і інш. У 1945–1947 гг. займаўся ў майстэрні В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Лепшымі і самымі дарагімі былі партрэты вялікага майстра: кантраст настрояў натуры, стану душы, эмоцый, псіхалагічных пачуццяў. Іх напісанне адлюстравана пісьменнікам Віктарам Карамазавым у аповесці-эсэ “Антон”.
Некаторыя работы таго часу: “Цвітуць яблыні”, “Сялянскі дворык”, “Партрэт сястры” і інш. Любоў да пераходных момантаў у прыродзе, прывітыя Бялыніцкім-Бірулем, паклала вялікі адбітак на ўсю творчасць Антона Стафанавіча.
Пасля заканчэння вучобы А.С. Бархаткоў працаваў у Мастацкім фондзе БССР, удзельнічаў у рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Да гэтага перыяду мастацкай творчасці адносяцца палотны: “Першы снег” (1948), “Пад вечар” (1950), “Партрэт спявачкі Н. Гусельнікавай” (1952) і інш.
У 1957 г. А. Бархаткоў стаў членам Саюза мастакоў БССР. Працаваў пераважна ў жанры лірычнага пейзажа. Мастака захаплялі вобразы роднага краю, ён шукаў у пейзажах не толькі знешняе падабенства, так званы “партрэт” прыроды, але імкнуўся перадаць яе пэўны настрой: “Вясна на Нёмане” (1960), “Першыя ўсходы” (1961), “Кастрычнік. Першы снег” (1963), “Прыцемкі” (1966), “Лірычны пейзаж” (1967), “Іней” (1968), “На возеры Сенеж” (1969), “Дарога на Вязынку” (1970), “Апошні прамень” (1970), “Халодны лістапад” (1973) і шмат іншых, сагрэтых моцным пачуццём і вялікай любоўю да Радзімы.
Мастак, які сваю творчасць не мысліў у адрыве ад роднай прыроды, вельмі любіў ствараць вобразы сельскіх жыхароў. Толькі ў непасрэдных кантактах з жыхарамі вёскі, у цікаўнасці да іх побыту, да іх працоўнай біяграфіі маглі нарадзіцца такія вобразы: “Партрэт старой жанчыны”, “Хлопчык, які пляце кошык” (1946), “Поўдзень на сенакосе” (1960), “Партрэт калгасніцы Войніч” (1963) і інш.
Не толькі пейзаж вабіў мастака. Пачатак і сярэдзіна 1970-х гадоў для А. Бархаткова былі асабліва плённымі. Прыйшлі мастакоўская сталасць, майстэрства. Ён напісаў некалькі нацюрмортаў, дзе галоўны акцэнт зроблены на колеравым вырашэнні, гарманічнасці фарбаў: “Грыбы” (1970), “Бэз” (1970), “Палявыя кветкі” (1983) і інш. Мастака захапляў жывы нацюрморт, пленэрны, неаддзельны ад жывой прыроды, ад яе святлопаветранага асяроддзя. У гэты час напісаны пейзажы “Скрыпень”, “Незамярзаючая рака”, “Радасны дзень. Сад” (1974), “Сонечны дзень” (1976), “Пасля дажджу” (1976), “Бруснічная паляна” (1976), “Перад Новым годам” (1976), “Кастрычніцкі вечар” (1978), “Стажок” (1978), “Захаладала” (1978) і інш.
У пачатку 1980-х гадоў у творчасці А.С. Бархаткова намеціліся ўжо іншыя тэндэнцыі, звязаныя з творчымі пошукамі многіх беларускіх мастакоў у галіне больш эмацыянальнага выяўлення магчымасцей каляровай палітры і кампазіцыйнага вырашэння. Ужо не лірычнасць пейзажа захапляе яго, а эпічнасць, карціннасць. Мастак выбірае з рэальнасці самае істотнае, характэрнае, галоўнае: “Зямля беларуская” (1980), “Зімнія прыцемкі” (1982), “Пахмурны дзень” (1983), “Вечар” (1984), “Масток” (1984), “Восень. Пачатак навальніцы” (1984), “Раніца” (1984), “Навальніца адыходзіць” (1984), “Чэрвень” (1985), “Мая Радзіма” (1985), “Зіма ў вёсцы Гарадок” (1985), “Залатая восень” (1986), “Да вясны. Дарога на Бялынкавічы” (1991) і інш.
А.С. Бархаткоў – майстар рэалістычнага жывапісу. У яго пейзажных і тэматычных палотнах адчувальны ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах – яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў – простая філасофія быцця.
У 1991 г. А.С. Бархаткову прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У 1996 г. і 1997 г. ён быў удзельнікам міжнародных пленэраў па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, прысвечаных В.К. Бялыніцкаму-Бірулі.
У 2007 г. у выставачных залах Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава адбылася персанальная выстаўка майстра, прысвечаная 80-годдзю з дня яго нараджэння.
Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Цвярскім мастацкім музеі.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.