Творчасць Таццяны Паўлаўны Беразенскай звязана ў асноўным з кніжнай графікай. Створаныя ёю ілюстрацыі заўсёды арганічна пераплятаюцца з непасрэдным тэкставым матэрыялам. Аформленыя мастаком кнігі (многія выйшлі ў перакладзе на замежныя мовы) вылучаюцца запамінальнымі вобразамі, яркай дэкаратыўнасцю.
Нарадзілася Т. Беразенская ў г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна). У 1970 г. скончыла мастацкую гімназію ў Будапешце (Венгрыя). З 1974 г. жыве і працуе ў Беларусі. З 1971 г. удзельніца рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак. Стартам творчых поспехаў многіх вядомых мастакоў, у тым ліку і Т. Беразенскай, стаў росквіт выдавецтва “Юнацтва”, якое ў 1980-я гг. штогод выпускала больш за 150 назваў кніг. З ранніх работ графіка вылучаюцца ілюстрацыі да беларускіх народных казак “Лісіца-хітрыца” (1978), “Сядзіць мядзведзь на калодзе” (1981). Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 г.
У 1980-х – пачатку 1990-х гг. яна аформіла кнігі “Беларускія народныя казкі”, “Мама мышка сушыла шышкі”, “Жаронцы”, “Беларускія народныя скорагаворкі”, “Грузінскія народныя казкі”, “Ох і залатая табакерка”, “Цягнік-працаўнік” А. Дзеружынскага, “Хата, поўная гасцей” В. Зуёнка, “Азбука Васі Вясёлкіна” В. Віткі, “Казка пра цара Салтана” А. Пушкіна і інш. З работ апошняга часу адметным з'яўляецца афармленне кніг для выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэта “Аз+Букі” (2004), дзе сабраны некалькі паэтычных цыклаў, якія ўяўляюць сабой вершаваныя азбукі, фактычна восем асобных кніг розных аўтараў. Таццяна Беразенская заўсёды актыўна ўключаецца ў паэтычную гульню, намаляванымі ілюстрацыямі яна нібы працягвае работу пісьменніка. Героі, створаныя мастаком у вышэйзгаданай кнізе, – гэта героі Р. Барадуліна, В. Віткі, М. Танка і інш. Вобразы персанажаў такім чынам становяцца больш блізкімі, зразумелымі. Цікавай з'яўляецца таксама аформленая Т. Беразенскай кніга прыказак і прымавак “Мудрасць жыцця” (2007). Кожны з сарака раздзелаў адкрывае ілюстрацыя, заключаная ў шырокую арыгінальную рамку. Сам малюнак складаецца з дзвюх частак: галоўнага аб'екта ці сюжэта ў цэнтры і астатняга поля, дзе прысутнічаюць кветкі, лісце, якія дапаўняюць карціну.
Таццяна Беразенская па-ранейшаму займаецца ілюстраваннем менавіта казачнай літаратуры. Творчымі ўдачамі можна лічыць афармленне такіх кніг, як “Залатая яблынька” і “Вежа міру” (абедзве 2007). У першым выданні Т. Беразенская працавала над раздзелам “Казкі пра жывёл”. Вобразы казачных звяроў атрымаліся надзвычай жывыя і дынамічныя, што, несумненна, служыць дапамогай у чытанні твораў народнага фальклору, істотным дапаўненнем да зместу. У “Вежы міру” яна разам з многімі іншымі мастакамі праілюстравала казачныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, пераказала знойдзеныя імі сюжэты мовай малюнка.
Асобны клопат Т. Беразенскай – удзел у афармленні часопіса “Вясёлка”. Яна стварае вокладку для кожнага нумара выдання. Ужо сабралася цэлая галерэя казачных персанажаў: зубр, мядзведзь, ліса, заяц, вавёрка, бусел, вожык... Мастак вымалёўвае іх у пэўным асяродку, нагадваючы маленькім чытачам аб прыроднай прасторы, у якой жывуць звяры і птушкі, што з'яўляецца характэрным для іх прысутнасці ў лесе, на лузе, у полі, ля ракі. Вокладкі Т. Беразенскай для “Вясёлкі” – гэта сапраўдны тэатр, чароўнае драматургічнае дзейства.
Таццяна Паўлаўна ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі. Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях за мяжой.
Творчасць Т. П. Беразенскай – яркая з'ява ў айчынным мастацтве. Афармленне кніг, зробленае ёю па-майстэрску, прафесійна, надоўга застаецца ў свядомасці чытачоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.